На аснове маркетынгавых даследаванняў і кансалтынгу

У мінулым годзе Цэнтр навукова-метадычнага забеспячэння адукацыі Маладзечанскага раёна быў прызнаны лепшым на Міншчыне па выніках абласнога конкурсу вучэбна-метадычных кабінетаў. Што дазваляе ўстанове лідзіраваць, быць у трэндзе сучасных напрамкаў арганізацыі метадычнай работы, павышаць прафесійнае майстэрства педагогаў, расказвае яе дырэктар Аксана Валянцінаўна СЕМЕЖ.

— Разнастайнасць інавацыйных працэсаў, якія сёння адбываюцца ў сферы адукацыі, па­трабуе якасных змяненняў зместу і характару заказу на метадычную службу. У цяперашні момант асаблівае значэнне набываюць пытанні, звязаныя з узмацненнем бесперапыннага характару навучання і прафесійнага ўдасканалення педагогаў. Сёння кожны настаўнік павінен быць уключаны ў працэс актыўнай адаптацыі да новых умоў і мадэлей дзейнасці, падрыхтаваны да вырашэння новых прафесійных задач. Такім чынам, адукацыйнай установе патрэбен не той педагог, які ўмее прыстасоўвацца да пэўных патрабаванняў, а педагог — праекціроўшчык уласнага прафесійнага лёсу, педагог, які здольны ствараць спрыяльныя ўмовы для фарміравання асобы вучня, педагог, які ажыццяўляе суправаджэнне і падтрымку эфектыўнай вучэбнай дзейнасці навучэнцаў.

Сёння цэнтр вызначае стратэгію метадычнай работы ва ўстановах адукацыі раёна, забяспечвае каардынацыю дзейнасці і ўзаемадзеяння розных метадычных фарміраванняў.

Спецыялісты цэнтра ажыццяўляюць метадычнае суправаджэнне праз прадастаўленне і развіццё сферы сэрвісных паслуг:

* прадметна-метадычны сэрвіс (падрыхтоўка пакета дакументаў па сучасных адукацыйных тэхналогіях, каардынацыя метадычнай работы ў раёне ў цэлым);

* маніторынгавы сэрвіс (аналітыка-
дыягнастычная інфармацыя, маніторынгавыя даследаванні і інш.);

* маркетынгавы сэрвіс (вывучэнне попыту на метадычныя паслугі ў раёне, вызначэнне ступені прафесійнай задаволенасці і інш.);

* кансалтынгавы сэрвіс (павышэнне кіраўніцкай кампетэнтнасці кіраўнікоў, абагульненне эфектыўных кіраўніцкіх тэхналогій, экспертныя паслугі);

* экспертны сэрвіс (экспертыза інавацый, рэцэнзаванне работ);

* бібліятэчна-метадычны сэрвіс  (інфармацыя аб вучэбным кнігавыданні, заказ літаратуры).

— Аксана Валянцінаўна, на ваш по­гляд, ці патрэбна метадычная служба ў раёне? Як павысіць эфектыўнасц­ь яе работы?

— У цяперашні час адбываюцца істотныя змены ў педагагічнай тэорыі і практыцы адукацыйнага працэсу, залогам прафесійнага поспеху ўжо не могуць служыць веды, атрыманыя адзін раз у жыцці ва УВА. Сам час сёння ставіць на парадак дня праблему бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Цэнтральнае месца займае падтрымка працэсаў развіцця адукацыі, нацэленая на развіццё адукацыйнай установы, якая працуе ў новых сацыяльна-педагагічных умовах, і прафесіяналізму ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, якія асвойваюць новыя мадэлі навучання і выхавання. І менавіта тут сувязным звяном з’яўляецца метадычная служба ў раёне.

Эфектыўнасць метадычнай работы шмат у чым залежыць ад ініцыятыўных, дапытлівых і творча працуючых спецыялістаў. Рост педагагічнага майстэрства, актыўная жыццёвая пазіцыя, пачуццё персанальнай адказнасці за сваю справу неабходны сёння кожнаму педагогу. І чым больш будзе такіх апантаных спецыялістаў, тым больш эфектыўнай і выніковай будзе метадычная работа ў раёне.

— Якая сёння роля метадыста? Яшчэ зусім нядаўна ад педагогаў краіны даводзілася чуць пра тое, што метадысты хутчэй кантралююць работу настаўнікаў ва ўстановах, чым дапамагаюць і суправаджаюць іх дзейнасц­ь. Як ідзе справа ў вас?

— Прызначэнне метадыста — рэагаваць на запыты педагогаў, адукоўваць, натхняць, матываваць, паказваць перспектывы, падтрымліваць, актывізаваць імкненне педагога працаваць на вынік…

Мы ў сваёй рабоце імкнёмся будаваць сумесную работу з педагогамі на ўзаемаразуменні і ўзаемапавазе, ісці на кампраміс.

Калі педагогі гавораць: “Дзякуй за тое, што вы ёсць!” — гэта вельмі каштоўна.

— Над якой метадычнай тэмай у гэтым навучальным годзе працуюць педагогі раёна?

— “Рэалізацыя сучасных дыдактычных падыходаў у адукацыйным працэсе шляхам удасканалення педагагічнага майстэрства сродкамі метадычнай работы”.

— Якія формы метадычнай работы найбольш запатрабаваны настаўнікамі? У якой дапамозе маюць патрэбу сёння педагогі?

— Найбольш эфектыўнымі формамі метадычнай работы, на наш погляд, з’яўляюцца актыўныя і інтэрактыўныя, якія стымулююць у педагогаў пошук, творчую даследчую дзейнасць, прадугледжваюць стварэнне новага адукацыйнага прадукту. Гэта семінары-практыкумы, навукова-практычныя канферэнцыі, майстар-класы, world-café, метадычныя фестывалі, дзелавыя гульні, абарона праектаў і многае іншае.

Сёння педагогам неабходна дапамагчы навучыцца на высокім узроўні, комплексна і творча вырашаць складаныя прафесійныя задачы: дыягнаставаць узровень развіцця навучэнцаў, выбудоўваць рэальныя мэты і задачы сваёй дзейнасці; адбіраць мэтазгодныя змест, спосабы і сродкі з улікам развіцця пазнавальных і сацыяльных характарыстык навучэнцаў, адсочваць вынікі; творча прымяняць вядомыя і распрацоўваць аўтарскія адукацыйныя ідэі, тэхналогіі, метадычныя прыёмы; арганізоўваць пазнавальную дзейнасць, быць правадніком у велізарным акіяне інфармацыі ва ўмовах сучаснасці; развіваць у сабе рэфлексіўныя здольнасці і многае іншае.

— Наколькі эфектыўнае выданне ў раёне метадычнага альманаха “Адукацыйны КомпАС”?

— Адсутнасць жадання педагогаў распаўсюджваць свой педагагічны вопыт праз перыядычныя выданні была адной з асноўных прычын нізкай колькасці друкаванай прадукцыі ў раёне тры гады назад. Прааналізаваўшы ўсе прычыны гэтай праблемы, была арганізавана работа па ўдасканаленні механізму прэзентацыі эфектыўнага вопыту педагогаў праз публікацыі ў перыядычным друку. Як вынік, у 2018 годзе было прынята рашэнне выпускаць раённы метадычны альманах “Адукацыйны КомпАС”. У аснове назвы альманаха — акронім ад слоў кампетэнтна, актуальна, змястоўна. Асноўная мэта выдання — фарміраванне метадычнай пляцоўкі для камунікацыі работнікаў сістэмы адукацыі Маладзечанскага раёна і матывацыя педагогаў на тое, каб не спыняцца на распаўсюджванні свайго вопыту ў раёне, а дзяліцца педагагічнымі знаходкамі на больш высокіх узроўнях (абласным, рэспубліканскім і міжнародным).

Публікацыі выдання маюць практыка-арыентаваны характар, асвятляюць пытанні ўдасканалення якасці адукацыі, методыкі выкладання вучэбных прадметаў, эфектыўнага кіравання.

— Аксана Валянцінаўна, як наладжана ў раёне работа з маладымі педагогамі?

— Метадычнае суправа­джэнне прафесійнага станаўлення маладых спецыялістаў з’яўляецца адным з актуальных напрамкаў дзейнасці. Штогод некалькі дзясяткаў маладых спецыялістаў папаўняюць педагагічную сям’ю Маладзечанскага раёна. Ва ўсіх установах адукацыі за маладымі спецыялістамі замацоўваюцца вопытныя педагогі-настаўнікі, якія дапамагаюць пачаткоўцам адаптавацца ў прафесіі.

З мэтай станаўлення маладога спецыяліста як прафесіянала ў раёне праводзіцца сістэматычная работа. Эфектыўнай дзейнасці ў гэтым кірунку спрыяе, па-першае, функцыянаванне метадычных фарміраванняў для маладых спецыя­лістаў: раённая школа маладых настаўнікаў прыродазнаўча-матэматычнага цыкла 1 і 2 года работы; раённая школа маладых настаўнікаў гуманітарнага цыкла і пачатковых класаў 1—2 гадоў. У рамках школ маладыя спецыя­лісты знаёмяцца з нарматыўнай дакументацыяй, наведваюц­ь адкрытыя вучэбныя заняткі, знаёмяцца з новымі тэхналогіямі і методыкамі, адпрацоўваюць тэхналогію сама­аналізу педагагічнай дзейнасці. На базе цэнтра праводзяцца заняткі раённага майстар-класа “Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне маладых спецыялістаў: праблемы і шляхі іх вырашэння” (для настаўнікаў 1 года работы). Падчас заняткаў педагогі разам вырашаюць праблемы, з якімі могуць сутыкнуцца ў пачатку педагагічнай дзейнасці, вучацца практычным прыёмам развіцця свайго творчага патэнцыялу, разглядаюць віды педагагічных канфліктаў і адпрацоўваюць эфектыўныя спосабы іх вырашэння.

Па-другое, прадукцыйнай рабоце са­дзейнічае правядзенне традыцыйных конкурсаў. Напрыклад, “Электроннае партфоліа маладога педагога”. Пачынаючыя спецыялісты 2 і 3 года работы ствараюць уласныя блогі, сайты, на старонках якіх расказваюць аб сваіх прафесійных інтарэсах, дзеляцца сваімі творчымі знаходкамі, поспехамі, як сваімі, так і сваіх вучняў. У рамках тыдня педагагічнага майстэрства “Малады вучыць маладога”  пачынаючыя настаўнікі актыўна, творча дзеляцца адно з адным сваімі педагагічнымі ведамі і знаходкамі, праводзяць і ўдзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах: адкрытых вучэбных занятках, трэнінгах, квестах, віктарынах, круглых сталах, дыскусіях, майстар-класах і інш. Аб іх эфектыўнасці і выніковасці гаворыць той факт, што сумесна з намеснікамі дырэктараў прынята рашэнне праводзіць тыдзень штогод як эфектыўную форму павышэння педагагічнага майстэрства маладых спецыялістаў.

Конкурс маладых спецыялістаў “Першы крок” уключае такія мерапрыемствы, як прадстаўленне відэаролікаў, у якіх педагогі прэзентуюць сябе як прафесіяналы педагагічнай дзейнасці, праводзяць адкрытыя вучэбныя заняткі ў незнаёмым класе з наступным самааналізам, а ў фінале іх чакае творчае самапрадстаўленне, выступленне на зададзеную журы тэму, прадстаўленне дамашняга задання  “Я — кіраўнік установы адукацыі”.

Сістэмная работа з маладымі спецыялістамі — гэта інвестыцыя ў будучыню. Ад сённяшніх маладых педагогаў залежыць, якім праз гады будзе імідж настаўніка. З аднаго боку, мы мяняемся і ўдасканальваемся разам з імі, а з другога — вучым іх самі, закладваем у іх прафесійныя каштоўнасці, дапамагаем адаптавацца ў адукацыйным працэсе, даём магчымасць для развіцця і атрымлівае­м пэўныя вынікі.

— Аснова канкурэнтаздольнасці ўстановы адукацыі — інавацыі. Над якімі цікавымі інавацыйнымі праектамі працуюць педагогі раёна? У чым іх асаблівасці?

— Развіццё інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі нашага раёна характарызуецца сістэмнасцю, навуковасцю, практыка-арыентаваным падыходам. Сёння мы можам гаварыць аб якасці інавацыйнай дзейнасці, да якой ішлі праз доўгі пошук шляхоў рэалізацыі сваіх функцый ва ўмовах мадэрнізацыі сістэмы адукацыі, новай якасці зместу адукацыі на аснове інавацыйных ініцыятыў. Інавацыйныя працэсы ў нас найбольш актыўна прадстаўлены дзейнасцю па рэалізацыі эксперыментальных, інавацыйных і педагагічных праектаў, галоўнай задачай якіх з’яўляецца стварэнне новага прадукту, развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу калектываў устаноў і ў цэлым сістэмы адукацыі раёна.

Рэалізацыя праектаў ва ўстановах адукацыі раёна стала інструментам увасаблення ў жыццё інавацыйных ідэй для кожнага, павышэння здольнасці і гатоўнасці ўсіх устаноў адукацыі ўспрымаць інавацыйныя праекты і максімальна эфектыўна рэалізоўваць іх.

Сістэма кіравання інавацыйнымі працэсамі ў раёне арыентавана на змяненні ў дзейнасці ўсёй адукацыйнай прасторы. Кіраўнікі ўстаноў пры выбары тэмы праекта ў першую чаргу звяртаюць увагу на фарміраванне ў навучэнцаў грамадзянскасці і патрыя­тызму, гатоўнасці да абароны сваёй Радзімы, да сямейнага жыцця, да прадукцыйнай працы і інш.

Актыўны ўдзел педагогаў у інавацыйнай дзейнасці, натуральна, спрыяе развіццю іх творчай дзейнасці, прафесійнай кампетэнтнасці, павышае імкненне да даследаванняў. Як вынік, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 10 Маладзечна Вера Калінаўна Страпко з’яўляецца аўтарам метадычнага дапаможніка па беларускай мове ў 1 класе; навукова-метадычным саветам Нацыянальнага інстытута адукацыі зацверджаны аўтарскія праграмы факультатыўных заняткаў настаўнікаў-метадыстаў Алены Віктараўны Храмцэвіч (настаўніцы хіміі гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна), Юрыя Міхайлавіча Мяцельскага (настаўніка геаграфіі Палачанскай сярэдняй школы), Валянціны Андрэеўны Самаль, Алены Рыгораўны Баштык (настаўніц пачатковых класаў гімназіі № 10 Маладзечна); работа ў рамках інавацыйнага праекта “Укараненне методыкі фарміравання чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў у працэсе сеткавага ўзаемадзеяння” дазволіла Наталлі Аляксандраўне Вяжэвіч, настаўніцы рускай мовы і літаратуры маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы, заняць 1-е месца ў абласным конкурсе “Педагагічная IT-мазаіка” ў намінацыі “Сеткавае ўзаемадзеянне”. Акрамя таго, Красненская сярэдняя школа з’яўляецца ініцыятыўным цэнтрам рэалізацыі ідэй адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця, прадукцыйная работа ўдзельнікаў рэалізацыі інавацыйнага праекта  “Укараненне кампетэнтнасна-арыентаванай лічбавай мадэлі прафарыентацыйнай работы як кампанента мабільнай адукацыі” Радашковіцкай сярэдняй школы дазволіла ім першымі ў нашай краіне адкрыць Code Club.

Вопыт кіраўнікоў праектаў прапагандуецца на старонках розных перыядычных выданняў. Удзельнікі рэалізацыі інавацыйных праектаў становяцца пераможцамі прафесійнага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Гэта настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 11 Маладзечна Віктар Эдуардавіч Жук (абсалютны пераможца конкурсу ў 2014 годзе), настаўнік рускай мовы і літаратуры дырэктар маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы Васіль Ула­дзіміравіч Маліноўскі (пераможца ў намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура” ў 2020 годзе).

Таму гаварыць аб цікавых праектах, якія рэалізуюцца ў нашых установах, лічым немэтазгодным, бо кожная ўстанова рэалізуе той праект, які актуальны менавіта для яе, які ўносіць у адукацыйнае асяроддзе новыя элементы, што спрыяюць павышэнню якасці адукацыі, вызначае светапогляд і самасвядомасць сучаснага педагога, развівае новае педагагічнае мысленне, педагагічную культуру.

Пачынаючы з 2013 года вопыт эксперыментальна-інавацыйнай дзейнасці набылі 90% устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 67% устаноў дашкольнай адукацыі, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, установа дадатковай адукацыі “Маладзік”.

У сёлетнім навучальным годзе ва ўстановах адукацыі раёна арганізавана работа па рэалізацыі 24 праектаў: 1 эксперыментальнага, 18 інавацыйных, 5 педагагічных.

Сцвярджаць, што ў нас усё зроблена для павышэння якасці адукацыі з дапамогай інавацыйнай дзейнасці, мы не можам. Праблемы ёсць, зрэшты, у каго іх няма. Але мы шукаем новыя падыходы, свае формы развіцця інавацыйнага працэсу, каб не толькі захавац­ь тое, што напрацавана, але і ўмацаваць і развіць магчымасці ў гэтым кірунку.

— Наколькі ва ўстановах адукацыі  ў­дзяляецца ўвага рабоце з інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі? Як педагогі валодаюць імі?

— Укараненне і асваенне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у раёне з’яўляецца працэсам глыбокім, запатрабаваным сучаснай сітуацыяй. Перш чым мы прыйшлі да пэўных вынікаў у гэтай справе, прайшло даволі шмат часу. Практычна ўсе спецыялісты сістэмы адукацыі раёна асвоілі інфармацыйныя тэхналогіі, авалодалі навыкамі работы з электроннымі сродкамі навучання і з інтэрактыўнай дошкай. Пастаянна ажыццяўляецца абнаўленне, удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў. Тэхнічны прагрэс развіваецца, удасканальваецца праграмнае забеспячэнне, таму многае з таго, што было актуальным яшчэ нядаўна, страціла сваю навізну.

Сёння педагогі раёна з’яўляюцца ў­дзельнікамі разнастайных конкурсаў па выкарыстанні электронных адукацыйных рэсурсаў, паказваюць навучэнцам, што можна не толькі карыстацца праграмным прадуктам, але і самому яго ствараць. Ва ўстановах адукацыі шырока выкарыстоўваюцца Scratch-праграмаванне, LEGO-канструяванне. У лютым 2020 года ў гімназіі № 10 Маладзечна быў адкрыты STEAM-цэнтр, у якім навучэнцы атрымліваюць IT-адукацыю з дапамогай робатаў-умельцаў, графічных планшэтаў, асвойваюць праграмаванне і канструяванне, вучацца запускаць інтэрактыўныя праграмы па вучэбных прадметах.

У 82% устаноў агульнай сярэдняй адукацыі працуе сэрвіс “Электронны дзённік/электронны журнал”, створаны на адукацыйнай платформе Znaj.by. Гэтая інфармацыйная сістэма сэрвісу дазваляе стварыць адзіную інфармацыйна-адукацыйную сетку для ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Сапраўдным выпрабаваннем для педагагічных калектываў стала чацвёртая чвэрц­ь мінулага навучальнага года. У дапамогу педагогам і навучэнцам падчас арганізацыі дыстанцыйнага навучання на сайтах былі размешчаны электронныя сэрвісы і матэрыялы па вучэбных прадметах. Для сувязі з навучэнцамі выкарыстоўвалася ў асноўным платформа ZOOM. Для работы з педагагічнымі калектывамі цэнтрам былі праведзены планавыя інструктыўна-метадычныя нарады ў рэжыме вэб-канферэнцыі з выкарыстаннем платформы Meet navek soft.

— У гэтыя калядныя дні прынята загадваць жаданні і планаваць будучыню. Якія перспектывы развіцця вашага цэнтра?

— Тут дарэчы будуць словы Дзмітрыя Іванавіча Мендзялеева: “Настаўнікі, як мясцовыя светачы навукі, павінны стаяць на поўнай вышыні ўласных ведаў у сваёй спецыяльнасці”. Да гэтага імкнуўся і імкнецца ў сваёй рабоце цэнтр.

Цэнтр бачыць далейшую сваю задачу ў стварэнні ўмоў для ўсведамлення педагогамі і рэалізацыі імі на практыцы прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі, асэнсавання імі ўласнага вопыту, фарміравання ў іх патрэбы ў пастаянным самаўдасканаленні, прафесійнай самарэалізацыі.

Я і мой калектыў і далей будзем імкнуцца, каб сучасная метадычная служба максімальна задавальняла сацыяльны попыт на метадычныя паслугі на аснове маркетынгавых даследаванняў і кансалтынгу.

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.