“На балконе” з Андрэем Саўчанкам

Народны драматычны тэатр “На балконе” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — адзін са старэйшых студэнцкіх калектываў краіны. Сёлета ён адзначыць сваё 75-годдзе. За гэты час праз яго прайшлі сотні студэнтаў, а рэпертуар мяняўся як мінімум кожныя пяць гадоў з прыходам новых акцёраў, якімі былі пастаўлены дзясяткі драматычных спектакляў па п’есах беларускіх, рускіх і замежных аўтараў. У 2020/2021 навучальным годзе творчае аб’яднанне падрыхтавала некалькі адметных прэм’ер, пра якія раскажа сённяшні кіраўнік тэатра Андрэй Саўчанка.

Спектаклі, перформансы, імправізацыі, тэатральныя пробы

У лютым у арт-прасторы БДУ тэатр “На балконе” запланаваў шэс ць паказаў, прычым гэта не толькі класічныя спектаклі, а імправізацыя і монаперформанс. Распачне месяц спектакль-імправізацыя з інтэрактыўным уключэннем гледачоў “Гаральд”, прэм’ера якога адбылася 11 студзеня. Адметнасць гэтага спектакля ў тым, што ён ніколі не паўтараецца. Артысты высту­паюць без загадзя падрыхтаванага сцэнарыя і тэмы інсцэніроўкі, і ўсе падзеі адбываюцца на вачах гледачоў. Аднак, як адзначае рэжысёр Андрэй Саўчанка, падрыхтоўка да такога экспромту ўсё роўна вядзецца: “Наша падрыхтоўка ў тым, каб авалодаць структурай імправізацыі. А яна складаецца ў першую чаргу з тэмы, якую выбіраюць або рэжысёр, акцёры, або глядач. Пасля ідзе вызначэнне пэўнага жэсту — своеасаблівага парталу да раскрыцця выбранай тэмы. Далей застаюцца людзі, якія маюць сваю пазіцыю і фарміруюць непасрэдна момант існавання сваімі прапановамі, поглядамі і нават страхамі ды комплексамі. Такім чынам яны пачы­наюць выходзіць у пробу і маналог”.

З аднаго боку, усё проста, а з другога — нічога не зразумела. І для таго каб падрыхтаваць гледача да такога незвычайнага спектакля, рэжысёр стварыў дэмаверсію — невялікую бліцпробу, падчас якой і тлумачыць тое, што далей адбудзецца на сцэне. “Пасля дэмаверсіі паказваем акцёрскую імправізацыю, калі акцёры самі выбіраюць тэму і самі яе развіваюць, ствараючы пэўную кампазіцыю. Трэцяя частка спектакля — глядацкая: калі гледачу прапаноўваецца выбраць тэму, якая найбольш адгукаецца менавіта ў яго душы. Далей акцёры пачынаюць імправіза­ваць, а глядач вырашае, хто з іх застанецца на сцэне і будзе працягваць развіваць выбраную тэму. Задача, якую ўсе ўдзельнікі ставяць перад сабой, — абудзіць гучанне тэмы і адшукаць творчы спосаб яе перадачы. Мінулым разам атрымалася даволі цікава, таму што глядач выбраў дзве тэмы: трамвай і адчай”.

На “Тэатральным куфры — 2020” “На балконе” прадставіў два адметныя спектаклі: “Баладына” і “Азірніся ў гневе”. Першы — жамчужына польскага рамантызму, спектакль па адной з самых знакамітых драм польскага паэта і драматурга Юльюша Славацкага “Баладына”, якая была завершана аўтарам у снежні 1834 года, а выдадзена праз пяць гадоў у Парыжы. У цэнтры сюжэта — прага ўлады, паступовае пераўвасабленне чалавека ў сапраўднага злачынцу і вечная барацьба дабра са злом. Паэт спалучыў у творы рэалізм і фантастыку, засяродзіўшыся на аналізе характараў і ўчынкаў герояў. Расказаная на фоне казачных падзей гісторыя пра дзвюх сясцёр — Баладыну і Аліну — стала вельмі папулярнай, відовішчнай тэатральнай пастаноўкай, якая натхняла і захапляла цэлыя пакаленні.

“Баладына” — маляўнічае, яскравае спалучэнне класічных вобразаў з гістарычнымі і нават казачнымі. Напісана п’еса паводле падзей паўстання, і ў ёй ёсць шлейф вельмі моцных перажыванняў за лёсы народа і краіны, таксама гучаць тэмы мэт чалавека і сродкаў, якія ён выбірае, каб іх дасягнуць, — гаворыць А.Саўчанка. — Гэта наша спроба працаваць з вершаваным тэкстам, асвоіць міфічныя і вельмі маляўнічыя вобразы. Мы былі б вельмі рады пабачыць вочы гледачоў і пачуць іх водгукі 8 лютага”.

Прэм’ера спектакля “Азірніся ў гневе” англійскага драматурга Джона Озбарна адбылася 2 снежня. Озбарн сваёй п’есай Look Back in Anger у сярэдзіне ХХ стагоддзя пахіснуў тагачасныя погляды на тое, якім павінен быць тэатр, дзякуючы чаму быў пачаты такі рух, як “Раз’ятраныя маладыя людзі”. “Гэта першая такая сур’ёзная п’еса, за якую мы ўзяліся ў тэатры з моманту майго прыходу паўтара года назад. Мы працавалі над ёй год, і было даволі складана, бо кожны шукаў сябе ў п’есе, і гэтыя працэсы працягваюцца”, — падкрэсліў рэжысёр і анансаваў, што чарговы паказ спектакля адбудзецца 15 лютага.

У сярэдзіне месяца сам Андрэй Саўчанка прадставіць уласны монаперформанс “Сад” паводле знакамітай п’есы Антона Чэхава “Вішнёвы сад”: “Гэты праект, па сутнасці, мая рэжысёр­ска-акцёрская эксперыментальная работа, пераасэнсаванне п’есы класіка праз аднаго персанажа, аднаго акцёра, аднаго чалавека… Работа была створана ў час пошуку новых форм і з узнікненнем пытанняў, якім чынам адкрываць сёння тэксты Чэхава і як знаходзіць сябе ўнутры гэтых тэкстаў. Гэта такое даследаванне, спроба праткнуць сябе тэкстам Чэхава альбо праткнуць тэкст Чэхава сабой, у выніку чаго атрымаўся ўжо мой “Сад”.

Акрамя таго, у пачатку лютага тэатральны калектыў пачне работу над новай пастаноўкай “Кастусь” па матывах п’есы Уладзіміра Караткевіча, прэм’ера якой запланавана на канец сакавіка. “Рэпетыцыі мы пачнём у дзень нараджэння Кастуся — 2 лютага. Нам падаецца, што гэта фігура вельмі важная, неадназначная і выбітная. Нам хочацца прыадкрыць гэты вобраз, зняць нейкія стэрэатыпы і паспрабаваць наблізіцца да яго ці яго наблізіць да нас. Гэта будуць пошукі, а не класічная пастаноўка п’есы, як яна ёсць, хутчэй мы будзем размаўляць з Караткевічам нейкім чынам і нават спрачацца з ім. І да тэксту класіка дададзім тэксты іншых аўтараў”, — па­дзяліўся думкамі рэжысёр.

Дарэчы, Андрэй Саўчанка не толькі тэатральны рэжысёр, а і педагог, які рэгулярна праводзіць розныя майстар-класы як для студэнтаў, так і для сталых людзей у Беларусі, Францыі, Германіі, Польшчы, Аўстрыі. “У мяне ёсць свая праграма акцёрскіх тэхнік і публічных выступленняў, але самая любімая праграма — “Дзіцячая арт-вандроўка”, калі мы з дзеткамі “заходзім” у тэатральную прастору. На кожных занятках прапаноўваю хлопчыкам і дзяўчынкам пэўную гісторыю-гульню, у якой яны мусяць выступаць стваральнікамі, напрыклад, уласнага тэатра, апісваючы яго ў дробязях. Безумоўна, я крыху ім у гэтым дапамагаю, накіроўваю, але мне вельмі важна, каб ініцыя­тыва ішла ад іх, і тыя вобразы, якія жывуць у іх, знаходзілі жывое ўвасабленне. Такім чынам, кожныя нашы заняткі — вандроўка ў розныя мясціны, звязаныя з творчасцю, крэатыўнасцю, пераўвасабленнем. Такія заняткі для мяне самыя цікавыя і, бадай, самыя складаныя, — прызнаецца педагог. — Бо ў дзяцей няма абавязку таго, што яны павінны цябе слухаць: альбо ты знаходзіш да іх каналы, па якіх зможаш утрымліваць іх увагу, альбо не, таму гэта заўсёды праверка тваіх прафесійных здольнасцей. У той жа час заняткі з дзецьмі даюць моцны пазітыўны зарад”.

Цікава ведаць

  1. Драматычны студэнцкі тэатр у БДУ існуе з 1946 года. Званне народнага было прысуджана ў 1977 годзе. А вось сваю адметную назву “На балконе” атрымаў толькі ў 1998 годзе, калі ў тэатра з’явілася пастаяннае месца жыхарства — балкон актавай залы галоўнага вучэбнага корпуса БДУ. Праўда, сёння балкон на рэканструкцыі, а ўсе спектаклі адбываюцца ў арт-прасторы БДУ па адрасе вул.Кастрычніцкая, 10.
  2. У розныя гады тэатр “На балконе” ўзначальвалі такія вядомыя рэжысёры, як В.Анісенка, Б.Втораў, В.Тарнаўскайтэ, заснавальнік тэлевізійнай каманды КВЗ БДУ А.Андрэеў, а таксама С.Турбан.
  3. Сёння кіраўнік тэатра — педагог, рэжысёр, акцёр, вядучы Андрэй Саўчанка. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў у 2000 годзе і застаўся там выкладаць на кафедры майстэрства акцёра на працягу 19 гадоў. Паралельна ставіў тэатральныя праекты і праводзіў майстар-класы па розных краінах свету.
  4. Склад тэатральнай трупы “На балконе” — студэнты і выпускнікі БДУ. Зразумела, што адбываецца пастаянная “цякучка” кадраў, бо выпускнікі пасля заканчэння вучобы раз’язджаюцца хто куды. Але нягледзячы на гэта, “На балконе” не толькі сур’ёзна працуе і рыхтуе па некалькі штогадовых прэм’ер, а і заваёўвае сімпатыі прафесіяналаў, рэгулярна перамагаючы ў розных тэатральных студэнцкіх конкурсах і фестывалях як у Беларусі, так і за яе мяжамі.
  5. “На балконе” — арганізатар і ўдзельнік Міжнароднага фестывалю студэнцкіх і маладзёжных тэатраў “Тэатральны куфар”, які праводзіцца ў БДУ з 2004 года. Форум накіраваны на аб’яднанне таленавітай і актыўнай моладзі з усяго свету, штогод збірае да 20 калектываў з розных краін. За гады існавання яго ўдзельнікамі сталі 230 тэатраў з 65 краін.

Як трапіць у тэатр БДУ?

У тэатр Андрэя Саўчанку запрасіў начальнік упраўлення па справах культуры БДУ Уладзімір Макарэвіч восенню 2019 года. “З Уладзімірам Міхайлавічам мы пазнаёміліся на адным з “Тэатральных куфраў”, куды я быў запрошаны разам са сваімі студэнтамі з Акадэміі мастацтваў, дзе працаваў больш за 19 гадоў выкладчыкам кафедры майстэрства акцёра пад кіраўніцтвам Лідзіі Манаковай, — патлумачыў рэжысёр. — Мне вельмі падабаецца працаваць са студэнтамі і моладдзю, бо такая дзейнасць дае шмат магчымасцей для экперыменту і пошукаў, і мне падаецца, што я ўмею гэта рабіць”.

Зараз у асноўным складзе трупы “На балконе” 10 студэнтаў, якія займаюцца другі год, і шэсць прафесійных акцёраў: Іван Патапаў, Алена Зуй-Вайцяхоўская, Кацярына Сірыўля, Андрэй Новік і Мікола Верабей. “Сумесная работа прафесіяналаў і пачаткоўцаў атрымлівае цікавы рэзананс: моладзь прапануе больш смелыя і рызыкоўныя рашэнні, бярэ шчырасцю, імпэтам і сваёй энергетыкай, а прафесіяналы вучаць іх тэхніцы, інструментарыю выказвання, сродкам выяўлення. Калі яны сустракаюцца на пляцоўцы і пачынаюць даследаваць адно аднаго, то ўзнікае ўзаемаабмен: адны становяцца прыкладам, і ад іх можна набрацца прафесіі, а другія выступаюць правакатарамі больш смелых творчых працэсаў. Гэтае спалучэнне мне падаецца карысным для абодвух бакоў”, — лічыць кіраўнік тэатра.

Акрамя таго, існуе падрыхтоўчая група, якая складаецца з 10 чалавек, што прыйшлі ў калектыў восенню. Штогод у верасні — кастрычніку тэатр праводзіць набор новых акцёраў, запрашаючы да сябе “апантаных, чуллівых і цікаўных да су­творчасці”. “Праўда, калі ёсць імпэт прама зараз, то можна прыйсці на нашы рэпетыцыі і адчуць, ці ваша гэта”, — дадаў А.Саўчанка.

Трапіць жа ў тэатр “На балконе” ў якасці гледача ўвогуле прасцей простага: сачыць за афішай у тэатральнай групе “УКантакце”, набываць білеты і прыходзіць. Прычым можна смела прапаноўваць пастаноўкі нават школьнікам: “Я думаю, што людзі, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, могуць спакойна прыходзіць на кожны наш спектакль, бо для іх там не будзе ніякіх незразумелых рэчаў, — перакананы педагог. — Да таго ж усе нашы паказы праходзяць з захаваннем санітарна-эпідэміялагічных рэкамендацый”.


Не ведаю, як у вас, а ў мяне дакладна з’явілася моцнае жаданне пайсці прачытаць і перачытаць узгаданыя А.Саўчанкам творы, а пасля абавязкова схадзіць на пастаноўкі тэатра “На балконе” і як мінімум параўнаць свае пачуцці, выкліканыя ад прачытання кніг, з эмоцыямі ад выканання маладых акцёраў. А яшчэ шчыра зазірнуць унутр сябе і прызнацца ў тым, на што раней не хапала сіл і на што закрываў вочы. Магчыма, нехта нарэшце зразумее, які ж ён сапраўдны, нехта перастане хлусіць самому сабе і пачне пошукі магчымасцей свайго творчага раскрыцця, нехта натхніцца на штосьці добрае, а нехта задумаецца над сэнсам жыцця і яго маральна-чалавечымі каштоўнасцямі — у любым выпадку ўсё да лепшага.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Андрэя САЎЧАНКІ.