На беразе турыстычнага Сейма

- 11:10Выхаванне

Юбілейны, дзясяты па ліку, турыстычны злёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы прайшоў на тэрыторыі Акцябрскага раёна Курскай вобласці на беразе ракі Сейм. Мерапрыемства сапраўды нагадвала сейм, на які ў даўнія часы з’язджаліся прадстаўнікі розных саслоўяў для прыняцця важных рашэнняў. Гэты сейм быў асаблівы, турыстычны, і праходзіў з удзелам прадстаўнікоў турыстычных “саслоўяў”. Былі тут і князі (дырэктары цэнтраў турызму і краязнаўства), і рыцары (суддзі), і паны (педагогі дадатковай адукацыі), і шматлікая шляхта (юныя турысты).

Турзлёт праводзіцца штогод у адпаведнасці з пастановай Савета міністраў Саюзнай дзяржавы і з’яўляецца адным з цэнтральных мерапрыемстваў, накіраваных на фізічнае і патрыятычнае выхаванне маладых беларусаў і расіян. Арганізацыі турыстычных спаборніцтваў удзяляецца вялікая ўвага як з боку міністэрстваў і ведамстваў, так і з боку ўстаноў дадатковай адукацыі. Для турыстычных “саслоўяў” удзел у незвычайным сейме з’яўляецца справай гонару. Некаторыя турысты дзеля гэтага пераадольваюць тысячы кіламетраў, а прызавое месца, занятае на турзлёце, не менш значнае і ганаровае, чым паспяховае выступленне на прадметнай рэспубліканскай або міжнароднай алімпіядзе.
Па словах намесніка дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Віталя Мікалаевіча Стрыгельскага, юных турыстаў Беларусі і Расіі звязваюць даўнія сяброўскія адносіны, якія доўжацца яшчэ з часоў Савецкага Саюза, калі праводзіліся маштабныя турыстычныя злёты з удзелам навучэнцаў і педагогаў з усіх саюзных рэспублік. Потым на пэўны час гэтая традыцыя была перарвана. Але, як вядома, турызм не ведае межаў — ні дзяржаўных, ні часавых, таму Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства сумесна з Федэральным цэнтрам дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі дзвюх краін, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы вырашылі адрадзіць добрую традыцыю. І сёлета ў гэтай традыцыі юбілей: турзлёт праходзіў дзясяты раз.
Фармат правядзення мерапрыемства наступны: два гады запар турзлёт арганізоўваецца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і адзін год — на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Хоць расіяне становяцця гаспадарамі злёту ў два разы часцей, чым беларусы, аднак менавіта нашы землякі задаюць, так бы мовіць, турыстычную моду. Арганізацыя, конкурсная, культурна-забаўляльная праграмы — усё праводзіцца на высокім узроўні. На нас раўнуюцца, з нас бяруць прыклад. Пра гэта гаварылася і ў Гарадку ў 2008 годзе, і ў Стоўбцах ў 2011 годзе, і ў мінулым годзе ў Мядзелі.
Курску было няпроста трымаць высокую планку, аднак кіраўніцтва вобласці пастаралася зрабіць усё на найвышэйшым узроўні. Месца для правядзення турыстычных баталій было выбрана выдатнае — бераг ракі Сейм. Невялікая вытрымка з выніковага пратакола турзлёту: “Пойма ракі Сейм са старыцамі і балотамі, перападамі на адным схіле да 8 метраў. Зарослы былы пясчаны кар’ер, сасна, бяроза, асіна, дарожная сетка мінімальная, рэльеф разнастайны і круты. Перапады вышынь у межах 25 метраў”. Мясцовасць для паказу турыстычных навыкаў і здольнасцей проста выдатная.
Асноўная мэта турзлёту — не толькі фізічнае, але і патрыятычнае выхаванне навучэнцаў, таму для правядзення турзлётаў выбіраюцца месцы, звязаныя з памятнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта пацвердзіў і мінулагодні злёт, які праходзіў у партызанскім Нарачанскім краі, і сёлетні, юбілейны, прысвечаны 70-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Для адкрыцця злёту і ўрачыстага мітынгу было выбрана сімвалічнае месца — мемарыяльны комплекс “Курская дуга”. Пастраенне, выступленні ўдзельнікаў знакамітай Курскай бітвы, патрыятычныя песні, словы пра важнасць захавання міру і выпусканне ў неба яго сімвалаў — галубоў… Так пачынаўся турыстычны злёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы. Потым была экскурсія па адметных мясцінах Курска і яго ваколіц.
Самыя галоўныя падзеі турыстычнага сейма адбываліся на беразе Сейма. Тут на некалькі дзён узнік сапраўдны горад, з незвычайнымі вуліцамі і дамамі, ролю якіх выконвалі палаткі, і насельніцтвам больш за 600 чалавек (41 каманда па 12 чалавек, плюс арганізатары, а таксама суддзі, якіх было больш за 100 чалавек). І жыў гэты горад па сваіх турыстычных законах. Тут не было магазінаў, таму ежу даводзілася рыхтаваць на вогнішчы. Тут не было дворнікаў, таму чысціню на вуліцах даводзілася падтрымліваць і князям, і рыцарам, і панам, і шляхце. Хоць турзлёт і праходзіў сярод лесу, аднак інфармацыйнай блакады не назіралася. У палатачным гарадку выдаваліся газеты, на старонках якіх юныя турысты расказвалі пра падзеі турыстычнага жыцця. Усяго конкурсная праграма складалася з чатырох выпрабаванняў. Вызначаліся не толькі лепшыя турыстычныя газеты, але і лепшыя краязнаўцы (знаўцы гісторыі, культуры, геаграфіі Курскай вобласці), лепшая візітоўка каманды, праводзіўся і конкурс турыстычных навыкаў і побыту.
Напоўнілі турыстычныя будні яркімі ўражаннямі спартыўныя і інтэлектуальныя гульні, але ўсё ж асноўнымі мерапрыемствамі злёту сталі спартыўна-турыстычныя спаборніцтвы на кантрольным турыстычным маршруце, па тэхніцы пешаходнага турызму, спартыўным арыентаванні. Для паспяховага ўдзелу ў іх ад навучэнцаў патрабавалася добрая фізічная падрыхтоўка, смеласць, эрудыцыя, здольнасць імгненна прымаць правільныя рашэнні. Нават кароткую дыстанцыю юным турыстам было няпроста пераадолець. Навясная пераправа, вяроўкі слухаліся толькі тых, хто ў сваім жыцці прытрымліваецца дэвіза “Хутчэй, вышэй, мацней!”.
Адным з важных рашэнняў сёлетняга турыстычнага сейма стала раздзяленне каманд на дзве ўзроставыя групы. У першую (групу А) увайшла турыстычная шляхта 1998—1999 гадоў нараджэння, у малодшую (групу Б) — 2000—2001 гадоў нараджэння. Гэта дазволіла праводзіць спаборніцтвы больш справядліва, паколькі ў мінулыя гады ў адных і тых жа конкурсах маглі ўдзельнічаць навучэнцы рознага ўзросту. Усё ж такі спрыт і вынослівасць 14-гадовага падлетка і 17-гадовага юнака адрозніваюцца.
Нягледзячы на сур’ёзную канкурэнцыю з боку расійскіх калег, беларускія турысты штогод паказваюць добрыя вынікі, асабліва ў конкурснай праграме. Так, візітоўка каманды Віцебскай вобласці заняла ганаровае 2 месца. У конкурсе краязнаўцаў з 41 каманды на 5 месцы былі навучэнцы Гродзеншчыны. А вось лепшымі турыстычнымі газетамі аказаліся беларускія: 1 месца ў каманды Мінскай вобласці, 2-е — у Віцебскай, 3-е — у Брэсцкай. Традыцыйна нашыя землякі атрымліваюць найвышэйшыя балы ў конкурсе турысцкіх навыкаў і побыту. Не выключэннем стаў і сёлетні турзлёт.
У спартыўных спаборніцтвах дасягненні больш сціплыя. Апраўдвацца, канечне, не вельмі прыгожа, аднак трэба быць аб’ектыўным: у расіян значна больш магчымасцей праводзіць турыстычныя паходы рознай катэгорыі складанасці, больш якасна трэніравацца ў прыродных умовах. Нягледзячы на гэтыя перавагі расіян, беларусы на кожным турзлёце ў спартыўна-турыстычных спаборніцтвах стабільна ўваходзяць у дзясятку лепшых. Так, сёлета па выніках спартыўнага арыентавання ў групе А сярод юнакоў са 107 удзельнікаў лепшы паказчык сярод беларусаў у прадстаўніка Брэсцкай вобласці — 9 месца. Група А, дзяўчаты: у прадстаўніцы Мінскай вобласці 5 месца. Згодна з камандным пратаколам, Мінская вобласць заняла 4 месца, Брэсцкая — 5 месца. Кантрольны турыстычны маршрут (у Беларусі гэтыя спаборніцтвы называюцца доўгая дыстанцыя), група А, камандныя спаборніцтвы: прадстаўнікі Мінска на 6 месцы. У групе Б лепшы вынік у Гомельскай вобласці — 5 месца. Тэхніка пешаходнага турызму (камандныя спаборніцтвы), група А: 3 месца ў Брэсцкай вобласці.
І ўсё ж галоўнае на турыстычным злёце — гэта не прызавое месца, а выдатны адпачынак, добры настрой, новыя сябры. А яшчэ важна хаця б разок пасядзець да самай раніцы каля начнога вогнішча, спець некалькі куплетаў пад гітару і абавязкова з’есці міску смачнай кашы, якая, як вядома, надае бадзёрасці, умацоўвае здароўе. Гэтымі чароўнымі якасцямі валодае і атмасфера сяброўства, павагі, якая пануе на турыстычных сеймах.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва Цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму і экскурсій Бранска.