27 ліпеня, 7 жніўня. Для адных гэтыя даты нічога не значаць, а для навучэнцаў 10—11 класаў і настаўнікаў фізкультуры Алены Чужба, Дзіяны Яфіменка і Аляксандра Новіка ліцэя № 2 Мінска — гэта пачатак і канец невялікага ляснога жыцця. Даведаліся, чым жыў іх палатачны лагер 12 дзён, як ён змяніўся за 9 гадоў і што неабходна для добрага адпачынку.
Валейбол, “трэніроўкі”, гульні
Ліцэісты і іх настаўнікі размясціліся на тэрыторыі палатачнага лагера “Крыніца”, што працуе на базе дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Надзея”. Гэта дало ім шмат пераваг. Першая — палаткі ўжо ўсталяваны, прычым на спецыяльных драўляных пастаментах, якія не дазволяць “домікам” намокнуць пры дажджы. Другая — падлеткі харчуюцца ў сталовай, таму пазбаўлены штодзённага гатавання (хаця майстар-класы па гатаванні кашы, юшкі, гарбаты ўсё ж праходзяць). Трэцяя — душ з гарачай вадой можна прымаць кожны дзень. І самая важная — лагер знаходзіцца на беразе Вілейскага вадасховішча, вакол — сасновы лес, таму яднанне з прыродай і адпачынак на свежым паветры забяспечаны.
— Наш дзень традыцыйна пачынаецца з пад’ёму ў 8:30 і зарадкі, — расказвае Алена Чужба. — На зарадку мы ўсіх не выводзім, толькі тых, хто хоча, але калі збіраецца чалавек пяць, астатнія падцягваюцца. Далей у нас вясёлая праграма, бо мы ідзём у сталовую, а да яе — 1,8 км. Гэтая адлегласць як ранішняя, абедзенная і вячэрняя трэніроўкі, прычым пад песні Макса Каржа, Жукоў, гурта “ДДТ” і інш. Пасля снедання вяртаемся на базу. Калі няма агульналагерных мерапрыемстваў, якія прапаноўвае “Крыніца”, працуем па сваім плане. Мы ў ліцэі вельмі любім спорт, асабліва валейбол, таму праводзім першынство лагера па валейболе. Адна палатка з 4 чалавек — адна каманда. Няважна, умееш ты гуляць ці не, мы падкажам і навучым. Першыя гульні праходзяць мітусліва, у многіх не атрымліваецца, але потым з’яўляецца азарт, падключаюцца балельшчыкі.
Калі надвор’е не дазваляе займацца спортам, падлеткі гуляюць у розныя гульні: “Кракадзіл”, “Што? Дзе? Калі”, Uno, “Мафію”, іншыя настолкі. Затым — зноў трэніровачная прагулка да сталовай. Пасля вяртання на базу працягваюцца валейбольныя матчы і пачынаецца падрыхтоўка да іншых мерапрыемстваў. Абавязковы пункт праграмы — вучэбныя заняткі: як нешта згатаваць, аказаць першую дапамогу, паводзіць сябе ў паходзе і г.д. Пасля вячэры адпачывальнікаў чакае дыскатэка і ў канцы дня — гадзіна песень каля вогнішча. Тут на дапамогу прыходзяць тэлефоны: зручна знайсці ў інтэрнэце тэкст песень і дружна падпяваць. А 23-й гадзіне ўсе ідуць спаць.
— Калі надвор’е добрае, мы прымаем сонечныя ванны, купаемся. Тут цудоўны неглыбокі бераг, таму можна арганізаваць заплывы: хто хутчэй дабяжыць ці даплыве да буйка, дакранецца да яго і вернецца назад. Калі хтосьці стаміўся, мы дазваляем адпачыць: паляжаць у цішыні, пачытаць кнігу. Галоўнае — не сядзець у тэлефоне, такі від адпачынку мы зводзім да мінімуму, — кажа Алена Чужба.
Кацярына Рублеўская:
“Я раней была ў палатачных лагерах, але ў гэтым больш душэўна, таму што тут педагогі слухаюць цябе і разумеюць. Спачатку мне было цяжкавата мець зносіны з іншымі, бо я думала, яны знаёмыя паміж сабой. Але потым усё стала цудоўна.
Мы раздзяліліся па палатках у першыя некалькі хвілін, калі сустрэліся яшчэ ў Мінску. Я трапіла да трох чароўных дзяўчат, мы адразу згуртаваліся, бо ўсе з розных профіляў, было пра што пагутарыць. Потым з’яўляліся ўсё новыя і новыя тэмы, зараз паміж намі няма ніякіх перашкод. Арганізаваць быт у палатцы было лёгка. У нас ёсць тумбачка, на якую можна паставіць рэчы, гэта зручна. Калі мы заносім у палатку пясок, то нам без праблем даюць венік, мы падмятаем, — і тут зноў становіцца ўтульна.
Калі я збіралася ў лагер, вельмі хацела навучыцца гуляць у валейбол. Маё жаданне збылося. Кожны дзень мяне пакрысе вучылі розныя людзі, думаю, я ўжо нядрэнна гуляю”.
Правераныя часам
Калі кожны дзень насычаны, цяжка вызначыцца, які запомніўся больш. Алена Мікалаеўна склала топ мерапрыемстваў, што падабаюцца ўсім.
У Дзень наадварот хлопцы і дзяўчаты, толькі жадаючыя, пераапранаюцца адно ў аднаго і ўдзельнічаюць у трох конкурсах. У першым трэба абараніць свой вобраз, у другім, музычным з інтэлектуальна-забаўляльнымі заданнямі, — прачытаць верш, адгадаць мелодыю і інш. У трэцім — расказаць пра сваю будучыню, пра што ты марыш, чаго хочаш дасягнуць. Потым судзейская калегія з тых, хто не ўдзельнічае, выбірае пераможцу.
— Самае наша любімае мерапрыемства — пасвячэнне ў турысты, якое праходзіць у некалькі этапаў, — дзеліцца Алена Чужба. — Спачатку выхаванцы знаёмяцца з паходам: адказваюць, што такое кацялок, вогнішча, карабін і г.д. Потым ім трэба раскласці агонь з падручных сродкаў, затым аказаць першую медыцынскую дапамогу. Апошні этап — самы вясёлы — выклік надвор’я. Падлеткі прыдумваюць нейкі шаманскі рытуал, каб выклікаць сонца ці дождж. Тут можна ўбачыць увесь крэатыў дзяцей.
Конкурс, які праходзіць з самага першага лагера, і з таго часу трапіў у сэрцайка як настаўнікам, так і навучэнцам — “Кракадзіл”. Атрад дзеліцца на каманды, кожная паказвае 5 слоў, 5 дзеясловаў, прыказку і фразу. — з заплюшчанымі вачыма. У канцы каманды прыдумваюць па слове, яны перамешваюцца, сапернікі выцягваюць па адным і тлумачаць яго жэстамі.
“Я люблю гэты лагер, бо тут дзеці раскрываюцца па-іншаму. Мне як класнаму кіраўніку, карысна паглядзець на іх з гэтага боку”.
Эмацыянальнае падсілкаванне
Лагер існуе ўжо 9 гадоў. За такі час змяніліся і настаўнікі, і падлеткі, і праграма. Алена Мікалаеўна кажа, што для яе час пачаў ляцець значна хутчэй, бо дзякуючы плану яна ведае, чаго чакаць. Цягнуцца толькі першыя, адаптацыйныя дні.
— Дзеці, як мне здаецца, сталі больш разумнымі, у іх большы запас слоў, розныя цікавасці. Але яны менш рухавыя. Каб выклікаць у іх жаданне пабегаць, парухацца, трэба папрацаваць. Хаця ў гэтым годзе прыехалі жвавыя дзеці. Праграма таксама мяняецца. У першую чаргу яна залежыць ад колькасці выхаванцаў. Звычайна прыязджае больш за 100 чалавек, тады на адно мерапрыемства затрачваецца шмат часу. У гэтым годзе мы правялі прафсаюзны тыдзень: тлумачылі дзецям, што такое прафсаюз, якія ў яго функцыі. Упершыню ладзілі такі тыдзень 2 гады назад. Думалі, будзе не вельмі цікава, але праграма атрымалася добрай. Дзеці потым казалі, што іх прафсаюз патрабуе лішнія 50 мінут пасядзець каля вогнішча, нават петыцыі нам пісалі з патрабаваннямі, — смяецца настаўніца.
Дар’я Чарненка:
“У лагеры было столькі падзей, што ўжо хочацца вярнуцца назад. Напрыклад, мы вучыліся гатаваць юшку: самі скрэблі рыбу, абіралі агародніну. Будзем і дома бацькам гатаваць.
Напэўна, як можна падумаць, для дзяўчыны самае цяжкае ў такіх умовах — гэта захаванне гігіены, але нас пастаянна вадзілі ў душ, мы шмат купаліся ў вадасховішчы. Таму нічога цяжкага не было, толькі весялосць. Нават у тэлефон зазіраць не атрымлівалася і не хацелася, бо было столькі мерапрыемстваў, актыўнасцей, якія займаюць амаль увесь час. Толькі пасля адбою можна пагутарыць з мамай, а большага і не трэба”.
Цяжэй за ўсё ўдзельнікі лагера пераносяць сырасць, шмат хадзьбы (былі дні, калі падлеткі праходзілі каля 36 тысяч крокаў), наяўнасць толькі біятуалетаў і знаходжанне ў калектыве. Адасобіцца эмацыянальна і фізічна надоўга цяжка, без звычкі амаль 24 гадзіны знаходзіцца ў грамадстве — таксама. Для Алены Мікалаеўны, як, напэўна, і для яе калег, цяжка зразумець новых дзяцей. Але прыемных момантаў таксама хапае.
— Мы як педагогі, не ўспрымаем лагер як курорт, мы працуем, але гэта праца ў кайф. Кожны дзень у нас столькі эмоцый! Дзякуючы свежаму сасноваму паветру, вочы расплюшчваюцца, твары падцягваюцца, усмешкі трымаюцца амаль заўсёды. Тут дзеці збліжаюцца, потым у ліцэі мы абдымаемся, прыгадваем прыемныя моманты — і так становімся яшчэ больш роднымі адно адному. Мы ўсе эмацыянальна падсілкоўваемся і развіваемся, бо ў лагеры вучымся ўзаемадзейнічаць з іншымі, прымаць іх недахопы і перавагі, разумець свае недахопы.
Каб арганізаваць добры адпачынак у лагеры, трэба, па-першае, зрабіць яго фінансава даступным, — упэўнена Алена Чужба. — Я гэта кажу не толькі як настаўнік, але як і мама. Па-другое, бацькі павінны яшчэ дома прывучаць дзяцей, што яны не заўсёды будуць побач, што ва ўсім трэба шукаць добрае і што людзі бываюць рознымі. З такой унутранай падрыхтоўкай падлеткам будзе прасцей і больш прыемна знаходзіцца ў палатачным лагеры.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва А.М.Чужба.