На чарзе — “Абілімпікс”

- 14:22World Skills

Дэлегацыя з Беларусі, у склад якой уваходзіла кіраўніцтва і педагогі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Мінска і рэгіёнаў, наведала не толькі пляцоўкі чэмпіянату свету WorldSkills, але і пабывала ў шэрагу навучальных устаноў Казані. Сярод іх Казанскі будаўнічы каледж, дзе арганізаваны рэсурсны вучэбна-метадычны цэнтр па стварэнні ўмоў для атрымання сярэдняй прафесійнай адукацыі тымі асобамі, якія маюць абмежаванні ў здароўі. На базе каледжа прайшоў семінар па пытаннях арганізацыі інклюзіўнай прафесійнай адукацыі з удзелам нашай дэлегацыі, педагагічнага калектыву Казанскага будаўнічага каледжа, прадстаўнікоў дэпартамента дзяржаўнай палітыкі ў сферы прафесійнай адукацыі і апераджальнай падрыхтоўкі кадраў Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі В.М.Галубоўскі, супрацоўнікі інстытута.

В.М.Галубоўскі з дырэктарам установы А.У.Просневым.

Выступаючы перад беларускімі калегамі, намеснік дырэктара дэпартамента С.А.Картошкін азнаёміў гасцей з рэалізацыяй палітыкі па развіцці інклюзіўнай прафесійнай адукацыі на прыкладзе Казанскага будаўнічага каледжа і ў цэлым расказаў пра развіццё ў Расійскай Федэрацыі руху “Абілімпікс”, конкурсу прафесійнага майстэрства для людзей з абмежаваннямі ў здароўі, які арганізоўваецца ў Расіі з 2015 года. Гэты праект з’яўляецца часткай навастворанай праграмы, што сёння ажыццяўляецца ў Расійскай Федэрацыі і скіравана на суправаджэнне ў прафесійнай падрыхтоўцы і працаўладкаванні маладых людзей з абмежаваннямі. Менавіта гэты конкурс дазваляе забяспечваць даступнасць прафесійнай адукацыі для розных катэгорый людзей, пра што, дарэчы, гаворка вялася і на міжнароднай канферэнцыі міністраў адукацыі, якая праходзіла пад эгідай чэмпіяната свету WorldSkills.

Удзельнікі сустрэчы ў вучэбнай майстэрні каледжа.

Па словах прадстаўніка дэпартамента, такія спаборніцтвы, як “Абілімпікс”, дазваляюць узмацняць сувязі ўстаноў сярэдняй прафесійнай адукацыі ў Расіі з работадаўцамі. Гэтыя сувязі не вельмі трывалыя нават у звычайнай прафесійнай адукацыі, а ў інклюзіўнай яны зусім слабыя. Дзякуючы падобным конкурсам, якія носяць прафарыентацыйны характар. Бацькам, а таксама вытворцам даецца магчымасць азнаёміцца з прафесійнай падрыхтоўкай, якая арганізавана ва ўстановах адукацыі для моладзі з абмежаванымі магчымасцямі здароўя. Гэта яшчэ адзін крок да іх сацыялізацыі ў грамадстве. У сваю чаргу конкурс “Абілімпікс” падштурхоўвае да змянення відаў прафесійнай дзейнасці згаданай катэгорыяй маладых людзей, больш дакладнага аналізу патрэб у кадрах па той ці іншай спецыяльнасці. Адметна, што прэстыж сярэдняй прафесійнай адукацыі ў Расіі істотна вырас. У апошнія гады паток паступаючых на гэты ўзровень адукацыі павялічыўся ў 2 разы. Як відаць, у грамадстве змянілі адносіны да такога навучання. Прафесійная падрыхтоўка стала больш даступнай і для людзей з абмежаваннямі, а “Абілімпікс” раскрывае іх магчымасці.

В.М.Галубоўскі расказаў, што ў Беларусі ўдасканальваецца нацыянальная сістэма кваліфікацый. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі праводзіць палітыку пашырэння магчымасцей у навучанні і працаўладкаванні такой катэгорыі людзей. У Працоўны кодэкс плануецца ўнесці паняцце “частковая кваліфікацыя”. Таксама падчас семінара адбыўся абмен вопытам па пытаннях развіцця інклюзіўнай прафесійнай адукацыі ў Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь.

Ала КЛЮЙКО, Казань.
Фота аўтара.