Цікавы двухдзённы метадычны семінар-практыкум па інавацыйнай дзейнасці прайшоў у Гомельскім гарадскім нацыянальным вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад — школа № 68 “Аціква”.
“Аціква”, што ў перакладзе з іўрыта азначае “надзея”, з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па ўвядзенні нацыянальнага кампанента ў адукацыйны працэс. Такі праект быў зацверджаны нядаўна і рэалізоўваецца адразу некалькімі ўстановамі адукацыі. Па сутнасці, напрамак і падыход да нацыянальнага выхавання ў кожнай з гэтых устаноў свой, і ёсць нешта асаблівае ў тым, што яны аб’яднаны ў адным праекце — вынік абяцае быць цікавым і карысным.
Менавіта работа ў праекце і стала падставай для правядзення метадычнага семінара-практыкуму. Удзел у ім прынялі навуковы кансультант праекта, загадчык кафедры Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Ніна Паўлаўна Дзёміна, намеснікі дырэктара беларускамоўнай гімназіі № 2 Барысава Жанна Уладзіміраўна Канашэвіч і Вольга Мікалаеўна Вафіна, намеснік дырэктара Дзямідавіцкага дзіцячага сада — базавай школы Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці Галіна Аляксандраўна Хацько.
У першы дзень семінара госці пазнаёміліся з установай адукацыі, педагагічным калектывам, абмеркавалі праблемы, якія ўзнікаюць у рабоце на этапе рэалізацыі інавацыйнага праекта, пабывалі на адным з найцікавейшых яўрэйскіх свят — Ханука. Настаўнікі і дзеці падрыхтавалі цікавае мерапрыемства пад назвай “Святло ханукальных агнёў”. На свяце таксама прысутнічалі рабін Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму Рэспублікі Беларусь Рыгор Абрамовіч, выканаўчы дырэктар Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму Рэспублікі Беларусь Міхаіл Кемер, старшыня абшчын прагрэсіўнага іўдаізму “Кадзіма” (Гомель) Леанід Іосіфавіч Казімірскі. Пасля святочнага мерапрыемства ўдзельнікі семінара абмеркавалі з рабінам прынцыпы нацыянальнага выхавання, пацікавіліся яго стаўленнем да іншых нацыянальных культур.
У другі дзень работы семінара яго ўдзельнікі прысутнічалі на ўроках і занятках у дашкольных групах. Педагогі гомельскага вучэбна-педагагічнага комплексу падзяліліся метадычнымі прыёмамі, формамі ўвядзення нацыянальнага кампанента ў адукацыйны працэс. Ну а на развітанне госці развучылі на занятках гуртка элементы яўрэйскага танца, зрабілі свечкі ў розных тэхніках падчас правядзення майстар-класа “Сувенір на памяць”.
Падводзячы вынікі семінара-практыкуму, навуковы кансультант праекта Н.П.Дзёміна выказала падзяку педагагічнаму калектыву “Аціквы” за магчымасць пазнаёміцца з яўрэйскай культурай, пагрузіцца ў атмасферу свята, а таксама пераняць вопыт работы па нацыянальным выхаванні.
Наталля ЛУТЧАНКА.