На чым грунтуецца канцэпцыя добраўпарадкавання тэрыторыі школы № 46 Віцебска імя І.Х.Баграмяна

- 11:10На пользу дела, Новости

Як зрабіць тэрыторыю ўстановы спрыяльным асяроддзем для выхавання, навучання і адпачынку — карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказвае дырэктар сярэдняй школы № 46 Віцебска імя І.Х.Баграмяна Валянціна Шамшура.

— Сэрца ўстановы адукацыі можна адчуць, калі прыслухацца да рытму яе жыцця. У вашай школе яго можна яшчэ і пабачыць?

— Так, у нас сэрца школы — не толькі метафара, але і ві­зуаль­ны сімвал, з якога пачынаецца школьная прастора. Прыгожы аб’ект звяртае на сябе ўвагу з першых крокаў па тэрыторыі: зялёна-чырвонае сэрца, абрамленае россыпам петуній, увасабляе сабой жыццё, энергію і любоў да Радзімы. У цэнтры — выява белага бусла, сімвала міру, надзеі, вернасці сваім караням, напамін аб гармоніі і сувязі пакаленняў. Беларусь — зямля пад белымі крыламі…

— А ў метафарычным сэнсе, дзе, на вашу думку, мацней адчуваецца, як б’ецца сэрца школы?

— У музеі. Наша ўстанова маладая, музей быў адкрыты ў 2020 годзе. З таго часу фонд экспанатаў пастаянна папаўняецца, выбудавана адметная сістэма даследчай і экскурсійнай дзейнасці, наладжана плённае супрацоўніцтва з установамі адукацыі горада і вобласці, іншых рэгіёнаў нашай краіны, замежжа. Так, сёлета ў красавіку на базе музея мы правялі міжнародны тэлемост паміж установамі агульнай сярэдняй адукацыі, што носяць імя двойчы Героя Савецкага Саюза Івана Хрыстафоравіча Баграмяна. Мерапрыемства з’яднала нашых навучэнцаў і педагогаў з іх расійскімі равеснікамі і калегамі са школ № 1222 (Масква), № 38 (Гойтх, Туапсінскі раён), № 88 (Сочы). Дарэчы, у мінулым навучальным годзе наша сямікласніца Дар’я Валога, вучаніца настаўніцы гісторыі Алесі Міхайлаўны Чарняе­вай, прадстаўляла музей на рэс­публіканскім конкурсе юных экскурсаводаў і была ўзнага­роджана дыпломам І ступені.

— Тое, што ўстанова адукацыі носіць імя легендарнага палкаводца — вызваліцеля Віцебска ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, адлюстравана ў многіх школьных лакацыях…

— У цэлым панарама жыцця і дасягненняў у нас прадстаўлена на тэматычных стэндах, устаноўленых на прышкольнай тэрыторыі. Кожны з іх асвятляе ключавыя аспекты дзейнасці: патрыятычнае выхаванне, работу інжынерных класаў і інавацыі (перамогі і распрацоўкі навучэнцаў), гісторыю школьнага музея, поспехі навучэнцаў і педагогаў (перамогі на розных мерапрыем­ствах конкурснага характару і спартыўных спаборніцтвах), дзейнасць дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў (гэта важны аспект, бо фарміруе актыўную грамадзянскую пазіцыю). Ідэю такой актуальнай і запатрабаванай прэзентацыйнай платформы мы рэалізавалі мінулай вясной у рамках Года добраўпарадкавання. Адзін са стэндаў якраз нагадвае аб тым, што ўстанова но­сіць імя легендарнага палкаводца Івана Хрыстафоравіча Баграмяна, і дазваляе праз знаёмства са школьнымі пляцоўкамі паглыбіцца ў гістарычныя падзеі.

— Якая з іх стала для школы зыходным пунктам?

— Безумоўна, гэта 2019 год. Тады на ўрачыстай цырымоніі ў рамках святкавання Дня горада, 1045-годдзя з дня заснавання Віцебска і 75-годдзя яго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў нашай школе прысвоілі імя І.Х.Баграмяна. Графіці з партрэтам славутага маршала мы бачым на фасадзе будынка. А на ганку прадстаўлена манументальная кампазіцыя “Маршал Баграмян і Беларусь”, прысвечаная подзвігу герояў Вялікай Айчыннай вайны. На барэльефах з прывезенага з Арменіі фельзіту — назвы найбольш важных аперацый па вызваленні Беларусі, праве­дзеных пад камандаваннем І.Х.Баг­рамяна, і яго словы: “Вопыт гісторыі свед­чыць, што шлях да перамогі цярністы, і з гонарам пераадольва­юць яго толькі тыя, каго акрыляе пачуццё патрыятызму”. Архітэктурна-скульптурная кампазіцыя ўключае дзве круглыя пліты з нанесенымі рэльефнымі выявамі. Гэта высечаныя абрысы арлоў і гары Арарат, арнаментальная разетка з лісця і квітнеючае дрэва. Кампазіцыйную аснову другой пліты складаюць атрад воінаў і ваенная тэхніка, адлюстраваная ў дынамічным руху. Пластычны акцэнт скульптурнай выяве надае пяціканцовая зорка ў цэнтры. Гэтая манументальная кампазіцыя — увасабленне нашага адзінства і цвёрдага імкнення да захавання гістарычнай памяці, напамін пра подзвіг дзядоў і прадзедаў.

— Вы падтрымліваеце кантакт з роднымі героя?

— Так. Больш за тое, ужо другі год запар Іван Сяргеевіч Баграмян удзельнічае ў цырымоніі ўручэння атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі. Прысутнасць ганаровага госця надае ўрачыстасці асаб­лівую значнасць, падкрэсліваючы пераемнасць пакаленняў і павагу да гістарычнай спадчыны. Акрамя таго, гэта моцны заахвочвальны момант для лепшых выпускнікоў на парозе самастойнага жыцця. Сёлета 11 нашых медалістаў атрымалі атэ­статы і памятныя выданні з рук унука героя, імя якога но­сіць школа.

Школа — незвычайны свет, у якім мы жывём. Тут дзеці атрымліваюць не толькі адукацыю, але і жыццёвыя парады ад сваіх настаўнікаў, сталеюць, становяцца добрымі людзьмі, сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны і апорай дзяржавы.

— На тэрыторыі ўстановы прыцягваюць позірк маладыя алеі. Яны таксама частка агульнай канцэпцыі доб­раўпарадкавання?

— Несумненна, прычым кожнае дрэўца — часцінка гісторыі школы і Першамайскага раё­на Віцебска. Напрыклад, алею з карэльскіх бяроз пасадзілі нашы выпускнікі: яна нагадвае аб пераем­насці пакаленняў, паспяховым завяршэнні навучання. А непадалёк яблыні працягва­юць сонцу свае галінкі. Дрэвы ўжо доб­ра падраслі, бо былі закладзены ў 2010-м, у першы год работы школы: гэта ўвасабленне росквіту і дабрабыту ўстановы адукацыі. Яблыневую алею пасадзілі ў красавіку 2023-га маладыя спецыя­лісты і пераможцы заключнага этапу рэс­публіканскай алімпіяды па вучэбных прадметах з устаноў адукацыі ўсяго Першамайскага раёна. Гэта знак прызнання іх укладу ў развіццё школы, горада, сімвал будучыні і пажаданне паспяховага прафесійнага росту. Бэзавую алею заклалі ў Год гістарычнай памяці і 1030-годдзя праваслаўя на беларускай зямлі. Мінулай восенню мы яе абнавілі і значна пашырылі. Кожны клас прынёс свае саджанцы, да справы разам з педагогамі і навучэнцамі масава далучыліся іх сем’і. Мы ўсе разам, з удзелам прадстаўнікоў аддзела па адукацыі адміністрацыі нашага раёна, пасадзілі бэз Перамогі на алеі міру. Мерапрыемства дало старт
Тыдню бацькоўскай любові ў нашай школе.

— На чым грунтуецца канцэпцыя добраўпарадкавання прышкольнай тэрыторыі з пункту погляду ландшафтнага дызайну?

— Разнастайнасць відаў дэкаратыўных раслін, падабраных з улікам кліматычных асаблівасцей рэгіёна, забяспечвае бесперапыннае цвіценне з ранняй вясны да позняй восені. Кветкавыя акцэнты дапаўняюць непаўторную атмасферу прыгажосці і гармоніі. Прыярытэтнае значэнне мы таксама надаём арганізацыі камфортных зон адпачынку для навучэнцаў і педагогаў. Лаўкі ў цені дрэў, пляцоўкі для гульняў і заняткаў спортам — усё гэта спрыяе фізічнаму і эмацыянальнаму дабрабыту ўсіх, хто ў нас вучыцца і працуе. Тэрыторыя школы ўпрыгожана не толькі традыцыйнымі кветнікамі, але і сучаснымі элементамі ландшафтнага дызайну. Возьмем для прыкладу карэльскія бярозы, пра якія гаварылася раней: гэтыя дрэвы ствараюць эфект жывой агароджы, а падвесныя вазоны з яркімі кветкамі надаюць лакацыі паветраную лёгкасць. Альпійская горка з камянямі і мініяцюрнымі раслінамі таксама прыўносіць разнастайнасць у ландшафт. Тут абавязкова трэба падкрэс­ліць, што комплекснае добраўпарадкаванне тэрыторыі для нас — не ўпрыгожванне дзеля ўпрыгожвання, а неад’емная і важная частка адукацыйнага працэсу. Іншымі словамі, мы стварылі і планамерна, крок за крокам удасканальваем спрыяльнае асяроддзе для навучання і адпачынку, развіцця і самарэалізацыі. Зялёныя насаджэнні, клумбы і газоны садзейнічаюць ачышчэнню паветра і стварэнню спрыяльнага мікраклімату, фарміруюць эстэтычны густ і экалагічную культуру навучэнцаў. Школьны двор — месца, дзе нашы дзеці вучацца лю­біць і берагчы прыроду, адчуваць адказнасць за навакольны свет. У больш шырокім значэнні гэта натхняльная і функцыянальная адукацыйная прастора, якая фарміруе пачуццё патрыятызму і актыўную грамадзянскую пазіцыю, павагу да гісторыі, імкненне да ведаў, гордасць за родную школу, горад і краіну.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА