На Дошцы гонару

- 11:09Навіны рэгіёнаў

Занясення на Рэспубліканскую дошку гонару ўдастойваюцца лепшыя арганізацыі і рэгіёны краіны, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці і эканоміі рэсурсаў. Нядаўна на адноўленай Дошцы гонару з’явілася і назва Салігорскага раёна.

ЦТДіМ Салігорскага раёна ўпершыню ўдастоены занясення на Рэспубліканскую дошку гонару і звання пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва ў намінацыі “За дасягненне найлепшых паказчыкаў у галіне сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод арганізацый адукацыі”.

Ва ўстанове навучаецца больш за 4,5 тысячы навучэнцаў па пяці профілях: мастацкі, інтэлектуальны, культурна-адукацыйны, сацыяльна-педагагічны, грамадска-гуманітарны. Рэалізуецца 118 праграм аб’яднанняў па інтарэсах. У Цэнтры творчасці дзейнічаюць заслужаныя аматарскія калектывы, народныя студыі, тры музеі.

З дзецьмі працуюць 159 педагагічных работнікаў. Гэта творчыя людзі, адданыя сваёй прафесіі, якія не раз атрымлівалі ўзнагароды высокага ўзроўню. 9 педагогаў з’яўляюцца членамі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, 2 педагогі — майстры народнай творчасці.

— Занясенне на Рэспубліканскую дошку гонару — высокая ацэнка працоўнага ўкладу калектыву нашай установы ў скарбонку творчых дасягненняў і развіццё Салігорскага раёна, Мінскай вобласці і Рэспублікі Беларусь у цэлым, — дзеліцца ўражаннямі дырэктар ЦТДіМ Салігорскага раёна Сняжана Міхайлаўна Колтун. — Галоўны складнік поспеху цэнтра — гэта нашы педагогі, людзі з высокім узроўнем прафесіяналізму. Дзякую сваім калегам за клопат аб высокай рэпутацыі ўстановы, фарміраванне і захаванне традыцый, стварэнне пазітыўнага іміджу педагога дадатковай адукацыі. Менавіта іх штодзённая, карпатлівая работа прынесла годны вынік.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена ЦТДіМ Салігорскага раёна.