На дыягнастычнай аснове і з дыферэнцыраваным падыходам

- 11:27Планёрка ў рэгіёне

Дубровенскі раён Віцебскай вобласці невялікі, але сфера адукацыі тут актыўна развіваецца. Гэта відаць нават па выніках першай вучэбнай чвэрці. Пра бягучыя падзеі і дасягненні за два восеньскія месяцы сёння расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дубровенскага райвыканкама Ірына Сяргееўна Кантроўская.

— Ірына Сяргееўна, у панядзелак пачынаюцца восеньскія канікулы. Чым была адметная першая чвэрць для навучэнцаў вашага раёна?
― На працягу першай чвэрці нашы школьнікі актыўна ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх прадметных конкурсах, арганізаваных грамадскім аб’яднаннем “Беларуская асацыяцыя “Конкурс”. Акрамя таго, мы правялі першы этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, раённы этап алімпіяды па фінансавай граматнасці, раённы этап алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы. Юныя спартсмены раёна прынялі актыўны ўдзел у фінале абласных спаборніцтваў у рамках Рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства “300 талентаў для Каралевы”. Навучэнка 9 класа Будскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ганна Кучынская прызнана пераможцай Рэспубліканскага конкурсу сачыненняў “За што я люблю сваю вёску”. У Дубровенскім сацыяльна-педагагічным цэнтры з 1 верасня адкрыта група дзённага знаходжання для аказання дапамогі непаўналетнім і іх сем’ям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. А навучэнцы, якія стаяць на розных відах уліку, рыхтуюцца да ўдзелу ў абласной творчай акцыі КВЗ-2015 “Восеньскі марафон”. Узорны калектыў “Тэатр моды “Шанс” Дубровенскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі рыхтуе новую калекцыю ў тэхніцы абрэзкавага шыцця.
У верасні — кастрычніку школы аказалі дапамогу сельскагаспадарчым арганізацыям ва ўборцы ўраджаю, была забяспечана нарыхтоўка агародніннай прадукцыі для школьных сталовых. Ва ўстановах адукацыі раёна праходзіць другі этап раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю харчавання ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. З 15 кастрычніка абвешчаны раённы конкурс школьных майстэрань.

— Так, жыццё ў вас насычанае, а як маладыя настаўнікі ўліліся ў вашы актыўныя педагагічныя рады?
― Сёлета да нас прыйшло 6 маладых педагогаў, трое з іх — выпускнікі школ раёна. З Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава да нас прыйшлі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, настаўнік нямецкай мовы, фізікі і інфарматыкі. Тры спецыялісты з устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці. Маладыя педагагічныя кадры маюць добрую тэарэтычную і метадычную падрыхтоўку, валодаюць навыкамі выкарыстання ў адукацыйным працэсе інфармацыйных тэхналогій. Безумоўна, мы ім дапамагаем адаптавацца, падтрымліваем.
Разам з тым у раёне ёсць патрэба ў настаўніках-дэфектолагах, у спецыялістах, якія маюць кваліфікацыю “выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Гэтыя кадравыя праблемы вырашаем за кошт атрымання другой вышэйшай адукацыі ў вочна-завочнай форме.

— Думаю, што і раённы метадычны кабінет актыўна працуе на павышэнне кваліфікацыі педагогаў раёна?
— Сапраўды, наша метадычная служба забяспечвае арганізацыю бесперапыннага і якаснага павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў, працуе на ўдасканаленне іх метадычнага ўзроўню, развіццё творчага патэнцыялу педагогаў. Планаванне і арганізацыя метадычнай работы ў раёне пабудавана на дыягнастычнай аснове, што забяспечвае аналіз і самааналіз дзейнасці педагогаў, дыягностыку ўзроўню педагагічнага майстэрства, выяўленне праблем, вывучэнне ўзроўню асобасных якасцей педагогаў. З улікам якаснага складу кадраў з пачатку 2015/2016 навучальнага года ажыццяўляецца дыферэнцыраваны падыход да выбару зместу і форм метадычнай работы.
Задачам павышэння педагагічнага майстэрства падпарадкавана дзейнасць 34 раённых, 4 занальных метадычных аб’яднанняў, 17 творчых прафесійных аб’яднанняў. У іх працуюць 7 творчых груп: “Лінгвіст”, “Філолаг”, “Мовазнаўца”, “Эколаг”, “Формула поспеху”, “Ідэолаг”, “Энергоша”, 2 педагагічныя студыі. Арганізаваны 4 школы: маладога педагога “Імпульс”, пачынаючых дырэктараў “Лідар”, бібліятэкара “Вучымся і ўдасканальваем майстэрства”, перадавога педагагічнага вопыту. На базе Дубровенскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра функцыянуе псіхалагічны клуб “Дыялог”. Для кіраўнікоў устаноў адукацыі і іх намеснікаў арганізаваны 4 пастаянна дзеючыя семінары. Створана і працуе часовая творчая група педагогаў па распрацоўцы заданняў школьнага этапу алімпіяд па вучэбных прадметах.
На восеньскіх канікулах дзейнасць метадычнай службы будзе актывізавана. 36 педагогаў раёна будуць здаваць экзамен на атрыманне сертыфіката карыстальніка інфармацыйных тэхналогій. У рамках запланаваных раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, матэматыкі, фізікі, інфарматыкі, біялогіі і хіміі, геаграфіі будуць разгледжаны пытанні рэалізацыі прынцыпаў дыферэнцыраванага навучання ва ўмовах профільнага навучання. Педагогі працоўнага навучання падзеляцца вопытам работы па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій і сучасных сродкаў навучання ў працэсе выкладання свайго прадмета. На базе цэнтра дзяцей і моладзі для педагогаў-арганізатараў пройдзе вучэбны семінар па гісторыі, тэорыі і практыцы дзеяння піянерскай арганізацыі. На базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра запланавана сумеснае навучанне сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў па пытаннях арганізацыі і правядзення псіхолага-педагагічных кансіліумаў.

— Ірына Сяргееўна, ці працуюць вашы школы ў межах профільнага навучання?
— Профільнае навучанне арганізавана для 41 навучэнца 10-х класаў трох устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна. У сярэдняй школе № 1 Дуброўна ў рамках профільнага навучання на павышаным узроўні вывучаюцца фізіка, матэматыка і руская мова (8 чалавек), хімія, біялогія і руская мова (7 навучэнцаў), гісторыя, грамадазнаўства і руская мова (8 чалавек). У 11-х класах гэтай установы таксама вывучаюцца прадметы на павышаным узроўні: 6 навучэнцаў паглыблена вывучаюць хімію і біялогію, 10 —―матэматыку і фізіку, — гісторыю і грамадазнаўства.
У сярэдняй школе № 2 Дуброўна ў 10 класе ў рамках профільнага навучання арганізавана вывучэнне на павышаным узроўні рускай мовы і матэматыкі для 7 навучэнцаў, для 5 навучэнцаў — рускай мовы і замежнай мовы, для 2 навучэнцаў — матэматыкі і замежнай мовы. У 11 класе на павышаным узроўні 6 навучэнцаў вывучаюць фізіку і матэматыку. У Дабрынскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе ў 10 класе ў межах профільнага навучання навучэнцы вывучаюць рускую мову і матэматыку. Акрамя таго, на паралелі 10-х класаў 1-й школы Дуброўна адкрыты педагагічны клас, у якім займаюцца 23 навучэнцы.

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.