На экзамен — з ведамі і цудоўным настроем!

- 10:40Адукацыйная прастора

У школах краіны празвінеў апошні званок, і лета пазвала дзяцей на канікулы. Толькі выпускнікам зараз не да забаў і адпачынку: для іх наступіла адказная і сур’ёзная пара — выпускныя экзамены. Наш карэспандэнт завітаў у сярэднюю школу № 51 Мінска на экзамен па беларускай мове ў 9 класе.

Сталічная школа № 51 вядома ў горадзе і краіне як установа, дзе актыўна выкарыстоўваюцца сучасныя лічбавыя тэхналогіі. На ганку школы мяне сустрэлі святочна апранутыя дзевяцікласнікі, узбуджана і ўсхвалявана яны штосьці абмяркоўвалі. І хаця маладыя людзі жартавалі і ўсміхаліся, імкнуліся падтрымаць і падбадзёрыць адно аднаго, на тварах іх не-не ды і праскоквала хваляванне і занепакоенасць.

У фае навучальнай установы чуюцца галасы малодшых школьнікаў: пачаў работу летні школьны лагер. А вось у калідоры другога паверха, дзе ў класных кабінетах і пройдуць экзамены, ціха і спакойна, за сталамі дзяжураць настаўнікі. Класныя кіраўнікі пачынаюць заводзіць дзяцей у кабінеты. Іх сустракае дырэктар школы Галіна Уладзіміраўна Чэрнік. Для кожнага класа — а іх чатыры (у 9 “А” класе право­дзіўся экзамен па беларускай мове, у 9 “Б” і

9 “В” — па рускай, у 9 “Г” — па матэматыцы) — у яе знаходзяцца словы падтрымкі. Дырэктар нацэльвае вучняў на поспех, жадае натхнення і ўдачы.

Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Юліі Барысаўны Пакатаевай, арганізацыя экзаменаў прадумана да дробязей. Прадугледжаны ўсе неабходныя меры па нераспаўсюджванні кавіднай інфекцыі. Раздзелены патокі дзяцей (па класах) на ўваходзе ў школу. Так, напрыклад, адзін з класаў збіраўся на ганку школы, другі — у фае, хтосьці паднімаўся ў вучэбны кабінет праз блок С, а хтосьці — праз блок Б. Класы не перасякаюцца паміж сабой. Дзеці захо-­

д­зяць у праветраныя апрацаваныя памяшканні. Усе члены экзаменацыйнай камісіі абавязкова знаходзяцца ў масках.

І вось назвы дыктантаў і варыянты кантрольных работ аб’яўлены. Пачаліся экзамены…

“Для напісання вучням 9 “А” класа быў прапанаваны тэкст “Любімая радзіма”. Ён нескладаны і з боку арфаграфіі, і з боку пунктуацыі. У дзяцей ён асаблівага хвалявання не выклікаў, бо быў знаёмы: калісьці мы з ім працавалі, — адзначае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марыя Станіславаўна Пугачова. — Упэўнена, што вучні добра напішуць дыктант, бо да экзамену яны рыхтаваліся на працягу навучальнага года праз сістэму стымулюючых, падтрымліваючых, факультатыўных заняткаў, на ўроках беларускай мовы. Жадаючыя наведвалі і платныя заняткі. У бібліятэцы была арганізавана выстава па падрыхтоўцы да экзаменаў, у вучэбных кабінетах аформлены стэнды з рэкамендацыямі псіхолагаў”.

Як дадала Юлія Барысаўна, на якасць ведаў вучняў аказала ўплыў і правядзенне заняткаў з выкарыстаннем ІКТ. Фактычна ў кожным вучэбным кабінеце ёсць альбо мультыборд, альбо інтэрактыўны комплекс, альбо праектар з экранам. А паколькі некалькі гадоў назад установа была актыўным удзельнікам інавацыйнага праекта па перавернутым навучанні, то педагогі асвоілі Google-сэрвісы і сэрвісы Web 2.0 , якія дапамагаюць атрымліваць імгненную зваротную сувязь з навучэнцамі, выяўляць недахопы ў іх ведах і ка­рэкціраваць работу на ўроку.

Паралель 9-х класаў дастаткова творчая, актыўная і ініцыятыўная. Чацвёра навучэнцаў прэтэндуюць на пасведчанне з адзнакай. Вучань 9 “В” класа Аляксандр Белазор — удзельнік конкурсу рытарычнага майстэрства па англійскай мове “Віват, аратар!”. Вучань 9 “В” класа Ілья Захараў удастоены дыплома ІІІ ступені ў раённым конкурсе “Ты будзеш звінець, мая родная мова!”. Вучаніца 9 “А” класа Арына Агейчык стала ўладальніцай дыплома ІІІ ступені на ІХ Адкрытай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Асоба ў гісторыі: Г.К.Жукаў і яго роля ў пераломных бітвах Вялікай Айчыннай вайны”. Навучэнец 9 “Б” класа Глеб Грэбень на раённай НПК у секцыі “Гісторыя — культурная спадчына і сучаснасць” адзначаны дыпломам ІІІ ступені. Свае веды і эрудыцыю прадэманстравалі школьнікі і ў алімпіядным руху. Навучэнец

9 “В” класа Уладзіслаў Філіпаў заваяваў дыплом ІІІ ступені на раённай алімпіядзе па біялогіі, а навучэнец 9 “Б” класа Віктар ­Касьянчук — дыплом ІІІ ступені па матэматыцы і пахвальны водзыў па інфарматыцы.

Большасць дзяцей пасля заканчэння 9 класа плануюць застацца ў школе. У новым навучальным годзе тут збіраюцца адкрыць два 10 класы. Частка выпускнікоў будзе залічана ў профільны клас з вывучэннем на павышаным узроўні англійскай мовы і матэматыкі альбо рускай і англійскай мовы, а частка плануе пайсці ў базавы клас, дзе абавязковым з’яўляецца вывучэнне працоўнага навучання. “Мы спадзяёмся, што будзем уключаны ў эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі рэалізацыі адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых у межах працоўнага навучання па ІТ-прафесіях з выкарыстаннем дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій”, які рэалізуецца сумесна з БДУІР. У межах гэтага праекта нашы навучэнцы будуць атрымліваць прафесію “Наладчык апаратнага і праграмнага забеспячэння”, — адзначае Ю.Б.Пакатаева.

Ёсць навучэнцы, якія плануюць паступіць у Ліцэй БДУ альбо ліцэй № 2, у радыётэхнічны каледж, каледж прадпрымальніцтва і гандлю, а таксама ў прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі.

Пакуль я размаўляла з намеснікам дырэктара, з вучэбнага кабінета, дзе праводзіўся экзамен, пачалі выходзіць вучні. Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Лізавета Гарохава:

— Для мяне гэта быў першы ў жыцці экзамен, таму вельмі хвалявалася. Да яго шмат рыхтаваліся ў школе, дома перачытвала тэксты, пісала іх пад дыктоўку з мамай. Тэкст, які нам прадыктавалі, не выклікаў цяжкасцей. Хачу пайсці ў 10 профільны клас і вывучаць на павышаным узроўні англійскую мову і матэматыку. Зараз мне вельмі падабаюцца зносіны з людзьмі, крыміналістыка. Магчыма, з гэтым і звяжу сваё жыццё.

Хрысціна Маршалава:

— Я таксама вельмі хвалявалася, сур’ёзна рыхтавалася. Але ўсё аказалася не так страшна, тэкст быў нескладаным. Любімыя прадметы ў школе — інфарматыка і матэматыка, а таму прадоўжу навучанне ў профільным класе. Пасля школы думаю паступаць у БДУІР на праграміста, а дакладней — стваральніка сайтаў.

Першы школьны экзамен застаўся ў мінулым, наперадзе ў дзевяцікласнікаў яшчэ два. А колькі жыццёвых выпрабаванняў іх чакае наперадзе! Але можна не сумнявацца, што яны з лёгкасцю іх пераадолеюць!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.