На ганаровай Вахце памяці

Гэтымі святочнымі днямі, з 1 па 4 ліпеня, у Мінску праходзіць Міжнародны злёт пастоў № 1 гарадоў-герояў і гарадоў воінскай славы Беларусі і Расіі. На злёт запрошаны ўдзельнікі з 11 гарадоў — Магілёва, Брэста, Валгаграда, Пскова, Санкт-Пецярбурга, Новарасійска, Тулы, Бранска, Керчы, Новасібірска, Ідрыцы Себежскага раёна Пскоўскай вобласці. Сустрэча арганізавана камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскім дзяржаўным палацам дзяцей і моладзі, Мінскім гарадскім Саветам Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.

Злёт служыць умацаванню сувязей паміж мемарыяльнымі атрадамі дзвюх дзяржаў, актывізацыі патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, развіццю міратворчай дзейнасці дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў.

Учора на сталічнай плошчы Перамогі адбылося ўрачыстае адкрыццё злёту. Яго ўдзельнікі ўсклалі кветкі да манумента Перамогі. Заснавальнік Паста № 1 у Мінску Анатоль Міхайлавіч Курловіч, вітаючы ўдзельнікаў злёту, адзначыў, што за 35 гадоў сотні і тысячы маладых людзей дакрануліся да гісторыі вызвалення Беларусі. Яны ўдзячны тым, хто вызваліў наш горад, нашу краіну. Анатоль Міхайлавіч пажадаў усім удзельнікам міжнароднага злёту ў далейшым гэтак жа захоўваць памяць пра дзядоў і прадзедаў, якія аддалі жыццё за свабоду нашай Радзімы.

Дырэктар муніцыпальнай бюджэтнай установы “Тэрыторыя моладзі” Кастрычніцкага раёна Новасібірска Алеся Аляксандраўна Гаўрыленка горача падзякавала мінчанам за добра арганізаваную працу і сардэчны прыём. “Геаграфія дэлегацый, якія прыбылі на злёт, яшчэ раз даказвае, што нясенне вахт памяці — гэта міжнародная патрыятычная традыцыя, якая аб’ядноўвае людзей розных краін і гарадоў, — адзначыла Алеся Аляксандраўна. — Вахта памяці — гэта жывая форма патрыятычнага выхавання, якая дазваляе моладзі пранікнуцца гістарычнай памяццю пакалення пераможцаў і гонарам за Айчыну і савецкі народ. За ўсё, што свята, мы адказнасць нясём”.

Пасля ўрачыстасці на плошчы Перамогі ўдзельнікі злёту сустрэліся ў Мінскай гарадской ратушы з кіраўніцтвам Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Удзельнікаў злёту пастоў № 1 гарадоў-герояў і гарадоў воінскай славы Беларусі і Расіі чакае насычаная і цікавая праграма. Так, заўтра, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), у дзень 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбудзецца міжнародная ганаровая Вахта памяці на плошчы Перамогі ля Вечнага агню.

Для ўдзельнікаў злёту ў гэтыя святочныя дні запланаваны шэраг мерапрыем­стваў. Так, яны прымуць удзел у патрыятычнай акцыі “Беларусь памятае”, таксама для хлопчыкаў і дзяўчынак будзе арганізаваны конкурс ваенна-патрыятычнай песні, яны наведаюць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, мемарыяльны комплекс “Трасцянец” і інш.

Міжнародны злёт пастоў №1 гарадоў-герояў і гарадоў воінскай славы Беларусі і Расіі садзейнічае аб’яднанню народаў дзвюх краін на аснове агульнай гераічнай гісторыі, пра якую немагчыма забыць.

75 гадоў беларусы жывуць пад мірным небам. Вырасла не адно пакаленне, якое не ведае жахаў вайны, але памяць пра яе — у нашых генах, і мы перадаём яе сваім нашчадкам. Мы памятаем. Пакуль звоняць званы Хатыні. Пакуль не сцерліся з пасечаных кулямі сцен словы абаронцаў Брэсцкай крэпасці-героя. Пакуль га­рыць у самым сэрцы нашай сталіцы Вечны агонь. Беларусь памятае. І будзе памятаць.

Лізавета КАСТЭНКА,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.