На граніцы павінна быць бяспечна

- 9:06Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць таго, каб абараніць сваю краіну і народ, не дапусціць сутыкненняў. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе аб абстаноўцы на Дзяржаўнай граніцы.

—Зразумела, што ажыццяўленне бяспекі Дзяржграніцы — найважнейшая праблема,— лічыць кіраўнік дзяржавы. — Гэта абумоўлена ўсё большым патокам бежанцаў на тэрыторыю Беларусі. На граніцах суседзяў, перш за ўсё Польшчы, знаходзяцца не толькі пагранічнікі. Там нарошчваецца ўдарная групоўка войскаў — да 20 тысяч асабовага складу з авіяцыяй і бранятэхнікай. Усё гэта робіцца пад выглядам абароны Еўрапейскага саюза ад уварвання бежанцаў з краін, якія разбамбіла і разрабавала заходняя кааліцыя на чале з ЗША.

Беларускі лідар дадаў, што пры гэтым не разумее, навошта супраць бежанцаў самалёты, верталёты і танкі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўражвае рэакцыя польскіх палітыкаў і чыноўнікаў Еўрапейскага саюза:

— Замест пошуку сумесна з беларускім бокам рашэнняў Еўрасаюз згортвае праекты трансгранічнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння. Акрамя таго, пагражаюць новымі пакетамі санкцый і будаўніцтвам аж пяціметровай сцяны, падумваюць аб поўным закрыцці граніц з Беларуссю. Калі ласка. Калі больш няма чым займацца, мы не пярэчым.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней на нарадзе з урадам ставіў задачу па забеспячэнні бежанцаў, якія апынуліся на тэрыторыі Беларусі, самым неабходным, каб яны маглі проста выжыць.

На погляд беларускага лідара, галоўнае цяпер — абараніць нашу краіну і наш народ, не дапусціць сутыкненняў:

— Я ведаю, што спробы дастаўкі зброі ў стыхійны мігранцкі лагер ужо былі. Як і правакацыі, якія могуць прывесці да сілавога канфлікту. Гэтага дапусціць ні ў якім разе нельга. Нельга, каб гэтая так званая праблема стала развязваннем гарачага супрацьстаяння.

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі тэлефонную размову.
Як паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара, у ходзе размовы кіраўнікі краін перш за ўсё абмеркавалі сітуацыю на беларуска-польскай граніцы і сумесныя дзеянні па абароне граніц Саюзнай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што да ўрэгулявання сітуацыі з бежанцамі на граніцы Беларусі з краінамі Еўрапейскага саюза гатовы падключыцца Аб’яднаныя Арабскія Эміраты:

— Кіраўніцтва гэтай краіны мае вялікі вопыт работы з бежанцамі, яны прымалі ўжо ўдзел у развязцы такіх пытанняў у свеце і працавалі з тысячамі бежанцаў…Хачу яшчэ раз заявіць, што мы на сённяшні дзень гатовы выкарыстоўваць любое мерапрыемства, любы рух і любую дапамогу з боку любой дзяржавы, тым больш такой дружалюбнай нам дзяржавы, як Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў найбліжэйшы час плануе перагаварыць з кіраўніцтвам Эміратаў:

— Тым больш што гэта мусульманскае насельніцтва, у іх нядрэннае ўзаемаразуменне паміж краінамі і паміж народамі.

На нарадзе аб абстаноўцы на Дзяржаўнай граніцы Прэзідэнт аргументавана заўважыў, што ўсе хочуць найхутчэйшага вырашэння міграцыйнага крызісу, але толькі не збеглая беларуская апазіцыя:

— Пасля нашай размовы з Меркель яны проста ашалелі. Яны канцлера Германіі спаласавалі ўздоўж і ўпоперак: і такая, і сякая, і навошта табе трэба было размаўляць з гэтым дыктатарам.

Кіраўнік дзяржавы задаўся пытаннем, аб чым у першую чаргу непакоіцца апазіцыя, якая ўцякла за мяжу:

—  Паўстае пытанне: вы лю­дзей абараняеце і гатовы сёння выкарыстаць любую дапамогу або ў іх пытанне “рэжыму Лукашэнкі”? Ну так, рэжым Лукашэнкі. І з гэтым рэжымам вам давядзецца мець справу, спадары опы і іншыя, якія сядзяць там за мяжой і падкормліваюцца рукой Злучаных Штатаў Амерыкі перш за ўсё.

Прэзідэнт Беларусі раскрыў на нарадзе і дэталі сваёй тэлефоннай размовы з выконваючай абавязкі канцлера Германіі Ангелай Меркель. Абмяркоўвалася праблематыка вакол бежанцаў і абстаноўкі на граніцах. Кіраўнік дзяржавы ўнёс прапанову ў цэлым па развязцы сітуацыі. Бакі дамовіліся, што пакуль не будуць агучваць канкрэтныя падрабязнасці. Ангела Меркель узяла паўзу, каб абмеркаваць адпаведнае пытанне з членамі Еўрасаюза. Затым павінна адбыцца яшчэ адна тэлефонная размова паміж лідарамі краін.

Па матэрыялах БелТА
падрыхтавала Кацярына РУМЯНЦАВА.