На граніцы ўсё будзе надзейна

- 12:07Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У аўторак паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным пагранічным камітэтам Рэспублікі Беларусь было ўрачыста падпісана пагадненне аб узаемадзеянні і супрацоўніцтве. Удзел у мерапрыемстве прынялі міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч і старшыня пагранкамітэта Леанід Сямёнавіч Мальцаў.

Асноўны змест пагаднення — сумесная дзейнасць у справе ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнцаў, стварэнне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі кадэцкіх класаў пагранічнай накіраванасці, прафарыентацыя выпускнікоў школ, гімназій, ліцэяў у плане паступлення ў Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь і на факультэты ўстаноў вышэйшай адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку кадраў у інтарэсах органаў пагранічнай службы. Павышэнне інтэлектуальнага, культурнага, маральнага і фізічнага развіцця навучэнцаў, фарміраванне ў іх пачуцця патрыятызму, гатоўнасці да абароны Айчыны, павышэнне інтарэсу да прафесіі пагранічніка — менавіта такія мэты ўзаемадзеяння пастаўлены перад сістэмай адукацыі і пагранведамствам у падпісаным пагадненні.
Падобнае супрацоўніцтва пачалося не заўчора. Ужо многія гады на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у прыгранічнай зоне, функцыянуюць класы, дзе навучэнцы знаёмяцца з асаблівасцямі пагранічнай службы, наведваюцца ў госці да пагранічнікаў, спазнаюць усю важнасць службы па абароне дзяржаўнай граніцы. Пра такое ўзаемадзеянне школ з пагранічнымі групамі і атрадамі, пра дзейнасць гурткоў кшталту “Юныя сябры пагранічнікаў” неаднаразова паведамлялася на старонках нашага выдання. Пагранкамітэт удзяляе значную ўвагу пытанням развіцця і дзейнасці падобных класаў. Так, у канцы лістапада ў Лоеве Гомельскай вобласці быў праведзены семінар-нарада супрацоўнікаў ідэалагічнага апарату органаў пагранічнай службы і мясцовых органаў улады, дзе былі пастаўлены канкрэтныя задачы па аказанні садзейнічання ў стварэнні і функцыянаванні ваенна-патрыятычных і кадэцкіх класаў.
— Пазіцыя пагранкамітэта наступная: няхай гэтых класаў будзе нямнога, нават адзін на пагранічны атрад або групу, але гэта будуць класы з добрай матэрыяльнай базай, яны будуць створаны ва ўстановах адукацыі, дзе працуюць зацікаўленыя педагогі. Без узаемнай зацікаўленасці на ўзроўні Міністэрства адукацыі і пагранкамітэта, на ўзроўні тэрытарыяльных органаў пагранічнай службы і раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, канкрэтных устаноў адукацыі, поспех падобнай работы проста не магчымы. У гэтым я пераканаўся яшчэ падчас знаёмства з дзейнасцю ваенна-патрыятычных класаў, якія падтрымліваюцца Міністэрствам абароны. Калі педагогі і пагранічнікі адносяцца да гэтай справы з душой, то вынік заўсёды будзе. У такіх класах важна выхаваць патрыёта сваёй краіны, а кім будзе выпускнік (журналістам, педагогам або ваенным), гэта ўжо па сутнасці не важна. Галоўнае, малады чалавек будзе патрыётам і прынясе карысць Радзіме ў любой сферы дзейнасці, — адзначыў Леанід Сямёнавіч.
Яшчэ адзін з кірункаў падобнага ўзаемадзеяння — стварэнне ў 2010 годзе сумесным рашэннем Міністэрства адукацыі і пагранкамітэта Інстытута пагранічнай службы, які ажыццяўляе падрыхтоўку афіцэрскіх кадраў для пагранічнага ведамства. Новы час ставіць новыя патрабаванні да дзейнасці як пагранкамітэта, так і названай установы вышэйшай адукацыі. На думку Леаніда Сямёнавіча Мальцава, на базе інстытута варта было б адкрыць яшчэ некалькі спецыяльнасцей. Адпаведны пакет дакументаў ужо накіраваны ў Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы. Калі прапанова будзе зацверджана, гэта дазоліць не толькі павысіць якасць падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў, але і пашырыць магчымасці інстытута па экспарце адукацыйных паслуг.
Тэма прафесійнай арыентацыі навучэнцаў стала асноўнай у выступленні Сяргея Аляксандравіча Маскевіча, які праінфармаваў удзельнікаў падпісання пагаднення пра стан і перспектывы развіцця сістэмы адукацыі ў краіне. Па словах Сяргея Аляксандравіча, прафесійная арыентацыя маладых людзей яшчэ ў школе мае першаснае значэнне. Важна, каб выпускнік выбраў аптымальны для сябе жыццёвы шлях, шлях прафесійнай падрыхтоўкі, падрыхтоўкі да дарослага жыцця. У гэтай справе ваенна-патрыятычныя класы адыгрываюць важную ролю. Яны накіроўваюць навучэнцаў на атрыманне прафесій, звязаных з сілавымі структурамі.
Падпісанае пагадненне — гэта пачатак больш шырокага і плённага ўзаемадзеяння паміж Міністэрствам адукацыі і пагранкамітэтам. Плануецца, што такое супрацоўніцтва будзе працягвацца не толькі ў справе ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнскай моладзі, але і ў пытаннях удасканалення вучэбных праграм, методыкі выкладання пэўных вучэбных прадметаў у Інстытуце пагранічнай службы, пашырэння навуковых даследаванняў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.