На Гродзеншчыне ў Год добраўпарадкавання плануюць заснаваць знак «Установа ўзорнага парадку»

- 11:33Актуально

На Гродзеншчыне ў Год добраўпарадкавання плануюць заснаваць знак “Установа ўзорнага парадку”. Адным са значных вынікаў стане выданне кнігі аб развіцці сістэмы адукацыі Прынямоння. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сярод задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі вобласці, — павышэнне прэстыжу прафесіі і статусу педагога, падрыхтоўка да ўсвядомленага выбару прафесіі, выхаванне працаўніка, грама­дзяніна, адказнага за свой лёс і лёс сваёй краіны. Такія задачы былі пастаўлены кіраўніком дзяржавы на VII Усебеларускім народным сходзе, Рэс­публіканскім пе­­дагагічным савеце. Сістэма адукацыі вобласці аператыўна рэагуе на патрабаванні, якія прад’яўляе да яе грамадства і дзяржава, — паведаміў начальнік упраўлення адукацыі Гро­дзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык.

Ён звярнуў увагу, што развіццё сістэмы дашкольнай адукацыі ў 2024 годзе ажыццяўлялася ва ўмовах рэалізацыі абноўленай нарматыўна-прававой базы. На Гродзеншчыне захавана шматфункцыянальная сетка дашкольных устаноў, а абласны паказчык ахопу дзяцей ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў застаецца стабільна высокім — больш за 81%.

Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай у сваю чаргу адзначыў, што на працягу шэрага гадоў у вобласці захоўваецца высокі ўзровень аснашчэння адукацыйнага працэсу ў дзіцячых садах сродкамі навучання. Сёння гэты паказчык складае 94,6% і з’яўляецца лепшым у краіне. Застаецца высокай забяспеча­насць педагогаў з кваліфікацыйнай катэго­рыяй “настаўнік-метадыст”, праводзіцца вялікая работа па адкрыцці профільных класаў.

У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі на Гродзеншчыне прадоўжана работа па цэнтралізаваным аснашчэнні сучасным абсталяваннем і сродкамі навучання, развіваецца сетка профільнага навучання, дапрофільнай пад­рыхтоўкі. Так, ахоп навучэнцаў 10—11 класаў профільным навучаннем складае 70%.

— Разам з тым у 2025 годзе неабходна сканцэнтраваць намаганні на павышэнні эфектыўнасці работы класаў прафесійнай накіраванасці, асабліва калі мы вя­дзём гаворку пра падрыхтоўку сабе змены — класы педагагічнай накіраванасці, — звярнуў увагу Руслан Юр’евіч.

Летась свой шлях у прафесіі педагога ў вобласці пачалі 703 маладыя спецыялісты, а працэнт іх замацавання вырас і складае амаль 76%.

Павялічылася і колькасць заключаных мэтавых дагавораў на навучанне па педагагічных спецыяльнасцях. У мінулым го­дзе такіх было 284.

Адной з задач для сістэмы адукацыі на бягучы год стане ўдзел у стварэнні адзінага рэспубліканскага інфармацыйна-­адукацыйнага асяроддзя.

— Нам трэба правесці вялікую работу па ўнясенні ў базу даных інфармацыі аб кожнай установе, навучэнцу, педагагічным работніку. Фарміраванне гэтай платформы дазволіць у 2026-м вывесці інфармацыйна-аналітычную работу на іншы ўзровень, — сказаў Руслан Юр’евіч.

Што тычыцца спецыяльнай адукацыі, то сярод прыярытэтных задач на 2025 год — увядзенне дадатковых ставак памочніка выхавальніка для суправаджэння дзяцей з сіндромам дэфіцыту ўвагі і аўтызмам, забеспячэнне бесперапыннага метадычнага суправаджэння педагагічных работнікаў у пытаннях работы з імі.

На ўзроўні прафесійнай адукацыі было падрыхтавана больш за 5 тысяч выпускнікоў з прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Адкрыта падрыхтоўка па пяці новых спецыяльнасцях, вырасла колькасць навучэнцаў, прынятых на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

— У пяці цэнтрах кампетэнцый на базе каледжаў Гродзеншчыны ў 2024 го­дзе прайшлі навучанне больш за 3 тысячы чалавек. І гэтая лічба працягне расці, паколькі завершана работа па мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтра кампетэнцый у сферы энергетыкі і аўтасэрвісу Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага. Толькі на гэтыя мэты было затрачана каля 2 мільёнаў рублёў, — дадаў Руслан Юр’евіч.

Кіраўнік сістэмы адукацыі вобласці акцэнтаваў увагу і на тым, што з пачатку рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2021—2025 гады ў рэгіёне пабудаваны 7 дзіцячых садоў і школа. Яшчэ адна сёлета з’явіцца ў Астраўцы. Для ўводу яе ў эксплуатацыю Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай накіравана 17 мільёнаў руб­лёў.

Па традыцыі адным з эпізодаў пасяджэння выніковай калегіі стала заахвоч­ванне лепшых. Так, па выніках абласных конкурсаў на лепшую арганізацыю работы ў лідары выйшлі ўпраўленне адукацыі Лідскага і аддзел адукацыі Свіслацкага райвыканкама, Слонімскі дзяржаўны каледж і Гро­дзенскі дзяржаўны каледж галіновых тэхналогій, дзіцячы сад аграгарадка Тур’я і дзіцячы сад № 6 Ашмян, Путрышкаўская сярэдняя школа імя Ф.Л.Крайніка, Ваўкавыскі раённы ЦКРНіР і Ваўкавыскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара