На грыбной хвалі. Майстар-клас па зборы дароў лесу правядзе Алена Хваль

- 13:15Увлечения

На восеньскія канікулы часта прыпадае разгар грыбнога сезона. Гэты перыяд з нецярпеннем чакаюць аматары ціхага палявання, сярод якіх нямала і настаўнікаў, прычым не толькі мужчын. Майстар-­клас па зборы дароў лесу правядзе для нас Алена Хваль. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Добры дзень, баравік!

Маслякі, апенькі, зялёнкі, сыраежкі і іх шматлікія суродзічы гэтымі днямі выглядваюць рознакаляровымі капялюшыкамі з-пад ігліцы, апалага лісця, травы, быццам чакаючы, што чалавек падыдзе, павітаецца з імі і акуратна пакладзе ў кошык.

Алена Сяргееўна Хваль, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы Міра імя Г.І.Сташэўскай Карэліцкага раёна, так і робіць. Калі, напрыклад, сустрэне баравік, спачатку абавязкова скажа яму: “Добры дзень, баравік!”, палюбуецца прыгажуном і толькі потым акуратна зрэжа. У такіх паводзінах жанчыны няма нічога дзіўнага. Для яе кожны грыб нібы жывая істота са сваім характарам, нярэдка капрызным.

— Бывае, рэгулярна ідзе цёплы дождж, а грыбоў няма. Куды яны схаваліся, чаму не хочуць расці? А здараецца наадварот. Дажджы рэдкія, а грыбоў — збі­раць не назбіраць, — заўважае суразмоўніца.

Па словах настаўніцы, на ўра­джай уплываюць розныя фактары. Тут і тэмпература, вільгот­насць паветра, і кіслотнасць глебы, яе хімічны склад, і асаб­лівасці ляснога масіву. Напрыклад, маслякі любяць расці сярод маладой сасновай пасадкі, лісічкі могуць выбраць для жыхарства і бярозавы гай, і сасновы бор, і нават пасяліцца дружнай сямейкай у дуброве.

Смачна і карысна

Як і ў кожнага аматара ціхага палявання, сярод агромністага грыбнога царства (у Беларусі расце каля 7 тысяч відаў грыбоў, з якіх ядомых каля 300) у настаўніцы ёсць любімыя грыбы. І самыя-самыя, сустрэча з якімі заўсёды радасць, — гэта лісічкі.

— Знайсці лісічкі — сапраўдны поспех, бо яны часта растуць вялікімі сем’ямі, і калі заўважылі адну, то, хутчэй за ўсё, побач ёсць яшчэ. Лісічка — выдатны варыянт для грыбнікоў-пачаткоўцаў. Яе цяжка пераблытаць з іншымі грыбамі. Да таго ж у лісічках рэдка бываюць чарвякі! У адрозненне ад іншых грыбоў, яны не надта падабаюцца лічынкам насякомых, бо ў складзе гэтых грыбоў ёсць рэчывы, якія адштурхоўваюць шкоднікаў.

Пах у лісічак таксама асаб­лівы — далікатны, саладкавы і нагадвае спелыя абрыкосы. Лісічкі можна ўжываць у любым выгля­дзе: смажанымі, варанымі, салёнымі ці марынаванымі. Гэта не толькі смачны ласунак, але і сапраўдная скарбніца вітамінаў і мінералаў. Нездарма старажытныя грэкі гаварылі, што лісічкі — ежа багоў, — паведаміла Алена Сяргееўна.

Колькі ні збіраў лісічкі, ніколі не задумваўся аб тым, што жоўтыя лясныя прыгажуні рэдка быва­юць чарвівымі. Па дарозе ў Мінск вырашыў высветліць прычыну такой цікавай прыроднай з’явы. І вось які адказ даў інтэрнэт: у скла­дзе лісічак — рэчыва хінаманоза, якое смяротна дзейнічае на розныя лічынкі. Больш за ўсё хінаманозы ў маладых грыбах, іх і рэкамендуецца збіраць у першую чаргу.

Дружная сямейка

Захопленасць ціхім паляваннем для нашай гераіні — справа сямейная. Любоў да грыбоў ёй прывіў тата, які быў адзінадумцам у справе спазнання лясных таямніц. Сярод шматлікіх успамінаў дзяцінства самыя яркія ў Алены Сяргееўны звязаны з паходамі ў лес. Ледзь толькі зямлю асвятлялі промні сонца, яна ра­зам з баць­камі адпраўлялася ў знаёмыя грыбныя мясціны.

— Заязджаем у лес. Адчуваецца свежы подых ветрыку, ціха шумяць і загадкава калы­шуць высокія верхавіны сосны. Чыстае, гаючае паветра… Пахне мятай, лісцікамі, дзікімі парэчкамі, малінамі і суніцамі, — лірычна перанеслася ў дзіцячыя гады настаўніца. — Лес заўсёды поўны сюрпрызаў, але адным з самых прыемных для мяне з’яўляецца сустрэча з лісічкамі. Вельмі люб­лю збіраць іх, яны часта рас­туць дружнай сямейкай. Гэты грыб, быццам маленькі сонечны кавалачак, выглядае з-пад апалай лістоты ці ігліцы. Яго яркі, насычана-аранжавы капялю­шык можна беспамылкова вызна­чыць: ён нагадвае аб тым, чаму грыб назвалі лісічкай — з-за падабенства з мехам рыжай прыгажуні лесу.

Пасля заканчэння школы Алена Хваль паступіла ў Лідскае педвучылішча, потым скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і вярнулася на малую радзіму працаваць настаўніцай пачатковых класаў у роднай школе вёскі Трошчыцы. Тут знайшла сваю другую палавінку. Нарадзіла дзвюх дачок Кацярыну і Дар’ю. Пасля таго як вясковая школа закрылася, ра­зам з мужам перайшлі праца­ваць у сярэднюю школу Міра, дзе Алена Сяргееўна выкладае рускую мову і літаратуру, а Алег Аляксандравіч працаваў настаўнікам фізічнай культуры і здароўя.

— Кожнае лета з вучнямі ездзілі адпачываць у палатачны лагер на бераг Свіцязі. Гэта былі незабыўныя дзевяць дзён на прыродзе. Мы праводзілі розныя конкурсы, у тым ліку на лепшага грыбніка. Канечне, больш за ўсё грыбоў збірала я (усміхаецца). А пасля палатачнага лагера ў нас пачынаўся працяглы адпачынак. Мы ніколі не імкнуліся паехаць у экзатычныя краіны. Галоўным адпачынкам для нас заўсёды было ціхае паляванне ў лясах роднай Карэ­ліччыны. Першыя грыбы, якія мы пачыналі збіраць, — маслякі. А як толькі з’яўляліся лісічкі, мы ў лес наведваліся кожны дзень. Потым надыходзіла наступная грыбная хваля — баравікі, чыр­вонагаловікі. А ўвосень заўсёды едзем збіраць апенькі. Яшчэ ніколі такога не было, каб я вярталася з лесу з пустымі рукамі. Дома ўсе дружна сядаем чыс­ціць грыбы і дзелімся ўражаннямі. І канечне, па традыцыі я гатую смачны грыбны суп.

Час праляцеў хутка, дзеці выраслі, дочкі выйшлі замуж і паехалі жыць у горад. Улетку, калі яны прыязджаюць у бацькоўскі дом, мы заўсёды адпраўляемся ў лес. Палюбілі “грыбныя набегі” і нашы зяці. Хоць яны людзі і гарадскія, але ім таксама спадабалася ціхае паляванне. У нас ёсць сямейная традыцыя: на Дзень настаўніка дочкі абавязкова прыязджаюць, каб павінша­ваць маму з прафесійным святам і разам махнуць па апенькі. Нават мой пяцігадовы ўнук Максім з задавальненнем збірае грыбы і ўжо запомніў іх назвы.

Поўны кошык шчасця

Як прызналася настаўніца, для яе лес — гэта куток раю на Зямлі. І ў гэты рай Алена Сяргееўна вяртаецца ў любую пару года, не толькі ў грыбны сезон. Проста прайсціся па знаёмых з дзяцінства сцежках, падыхаць свежым паветрам, паназіраць за жыццём лесу, палюбавацца яго колерамі прыемна заўсёды. А колераў гэтых, асабліва цяпер, восенню, вельмі многа — і жоўтыя, і чырвоныя, і зялёныя, і карычневыя. Справа ў тым, што ў Карэліцкім раёне лясы пераважна змешаныя, адсюль і такая разнастайная палітра.

Ды і колькасць сабраных грыбоў для Алены Сяргееўны не галоўнае. Хаця з гэтым у яе ніколі не было праблем. Напрыклад, сёлета яна толькі адзін раз з’ез­дзіла па любімыя лісічкі, а набрала столькі, што некалькі дзён смажыла, аддала частку дзецям і сяброўкам, а яшчэ запоўніла грыбамі ўсе маразільныя камеры халадзільніка. З радасцю жанчына прыходзіць і на дапамогу адна­думцам-грыбнікам.

— Збіраем, напрыклад, з калегамі грыбы. Бачу: у кагосьці менш, чым у мяне, тады гавару: “Ала Аркадзьеўна, зайдзі вунь за тую елачку, там абавязкова знойдзеш баравік”. Праз хвіліну чую радасныя ўскрыкі (усміхаецца). Або з дочкамі ідзём па лесе: у мяне поўны кошык, а ў іх толькі дно закрыта. Гавару: “Дзеці, каля таго дрэва трэба пакружыць”. Яны пакружаць некалькі хвілін — і вось палова кошыка назбірана, — падзялілася настаўніца.

Ёсць у Алены Сяргееўны сваё правіла: на ціхае паляванне адпраўляцца толькі з першымі промнямі сонца. Можа, таму яшчэ ніколі не вярталася з лесу з пустымі рукамі. Праўду кажуць: “Хто рана ўстае, таму Бог дае”. Гэтую спрадвечную народную муд­расць яна таксама пераняла ад бацькоў.

— Калі збіраюся ў лес, то чамусьці заўсёды здаецца, што мае грыбы нехта збярэ, таму еду вельмі рана, — з усмешкай тлумачыць настаўніца. — Акрамя лісічак, падабаецца збіраць апенькі, баравікі. Апенькі марынуем, дабаўляем у розныя салаты, смажым, асабліва любім есці са смятанай. Часта вару грыбны суп, а рэцэптаў грыбных салатаў у мяне з дзясятак. Ёсць вытанчаныя, напрыклад, з ананасамі, але смачнымі атрымліваюцца і з простых інгрэдыентаў.

Прыклад для кожнага

Смачнымі ў Алены Сяргееўны атрымліваюцца не толькі грыбныя стравы. Яна таксама любіць парадаваць родных і калег духмянай выпечкай — гэта яшчэ адно захапленне настаўніцы. ­Наогул, падчас размоў з грыбнікамі заўсёды адзначаю дзве галоўныя рысы характару такіх людзей — працавітасць і шчодрасць. А яшчэ любоў да лесу, неабыякавасць да захавання яго багаццяў. Тут у аматараў ціхага палявання нам ёсць чаму павучыцца.

Рэцэпт любімага грыбнога салата “Сланечнік” ад Алены Хваль

першы слой: адварное курынае філе, 300 г;

другі слой: грыбы смажаныя, 300 г;

трэці слой: бялок варанага яйка, 3 шт;

чацвёрты слой: 100 г цвёрдага
сыру;

пяты слой: жаўткі яйка, 3 шт.

Усе слаі прамазваем маянэзам; яйкі і сыр — на тарку; курынае філе наразаем кубікамі; па краі талеркі выкладваем у якасці пялёсткаў чыпсы; наразаем кружочкамі масліны, упрыгожваем імі верх салата.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара і з архіва гераіні