На Хутары будзе школа будучыні

У 96-м мікрараёне Гомеля, які вядомы жыхарам як Хутар, будзе ўзведзена ўстанова адукацыі на 845 месцаў. Пад яе будаўніцтва выдзелена тры гектары зямлі. Размесціцца новая школа ў раёне вуліц Алмазнай, Беліцкай, Жамчужнай.

— Пры выбары пляцоўкі для будаўніцтва школы ўлічвалася колькасць дзіцячага насельніцтва ў мікрараёне, а таксама перспектыва ўводу ў эксплуатацыю жылых дамоў у найбліжэйшыя гады, — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама Алена Парошына.

Па плане на ўчастку ўзвядуць будынак зменнай паверхавасці з чатырох блакіраваных карпусоў. Кожны з іх будзе мець сваё функцыянальнае прызначэнне. У двух з іх будзе ажыццяўляцца адукацыйны працэс для пачатковых і старшых класаў, у меншых блоках размесцяцца спартыўны цэнтр з двума басейнамі, харчаблок, адміністрацыя будучай школы. На тэрыторыі — паўнавартаснае футбольнае поле, баскетбольная і валейбольная пляцоўкі, тэнісныя корты.

— Самым складаным было ўпісаць шматфункцыянальны па сваёй сутнасці аб’ект у выдзелены зямельны ўчастак, — прызналася галоўны інжынер ААТ “Гіпражыўмаш” Кацярына Шапавалава. — Але нашы спецыялісты справіліся з гэтай задачай і стварылі інавацыйную пляцоўку для школьнікаў.

— На сённяшні дзень галоўным упраўленнем адукацыі Гомельскага абл­выканкама сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Навабеліцкага раёна ўзгоднены ўсе чарцяжы і спецыфікацыі планіроўкі і тэхналогіі напаўняльнасці памяшканняў. Перадпраектная дакументацыя яшчэ знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, у кастрычніку праект будзе накіраваны на дзяржаўную экспертызу. Для яго рэалізацыі будаўнікам спатрэбіцца 15 нарматыўных месяцаў, — гаворыць галоўны архітэктар Гомельскай вобласці Святлана Кухацкаволец.

— Гэта будзе сучасная, камфортная і прыгожая школа з арыгінальным рашэннем самога будынка і тэрыторыі побач. Праектам прадугледжаны ўнутраны двор, дзе можна праводзіць разнастайныя тэматычныя заняткі, мерапрыемствы, лінейкі. Гэта функцыянальны аб’ект для атрымання ведаў і фізічнага развіцця дзяцей, нетыпавое рашэнне з сучасным тэхналагічным абсталяваннем — сапраўдная школа будучыні, — адзначае Святлана Кухацкаволец.

Без перабольшання, гэта адзін з самых важных і чаканых аб’ектаў інфраструктуры ў мікрараёне, дзе пабудавана многа шматпавярховікаў. Будаўніцтва ўстановы адукацыі было запланавана яшчэ на стадыі праектавання мікрараёна, аднак з-за адсутнасці фінансавання будоўлю не пачыналі. Будаўніцтва гэтай школы, актуальнае для маладых сем’яў з дзецьмі, цяпер на кантролі старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя.

Дарэчы, на фінішную прамую выйшла будаўніцтва школы на 746 месцаў у 21-м мікрараёне Гомеля. У пачатку навучальнага года тут прагучыць першы званок.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.