На хвалі ідэй

Педагог дадатковай адукацыі Ганна Клопат з Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці — надзвычай цікавая і неардынарная асоба з крэатыўным мысленнем і ўласным поглядам на навакольны свет, вельмі камунікабельная і пазітыўная. Такім, напэўна, і павінен быць сучасны педагог, асабліва калі ён яшчэ і мастак.

З ранняга дзяцінства Ганна вельмі любіла маляваць, прычым малявала паўсюль: на шпалерах, пяску, паперы… Заўважыўшы творчыя здольнасці дачкі, маці запісала яе ў мастацкую школу Брэста. Маленькую дзяўчынку адразу захапіў дзіўны свет фарбаў, алоўкаў і васковай крэйды. Ганна магла гадзінамі разглядаць мастацкія прылады і ўяўляць, як будзе імі маляваць.

— Я з радасцю малявала ўсё, што мяне акружала: людзей, прыроду, неба… Атрымлівала вялікае задавальненне не столькі ад выніку работы, колькі ад працэсу. Амаль штодзень цягнула маму ў магазін за новымі фарбамі, якія вельмі хутка заканчваліся, — з усмешкай успамінае педагог.

У мастацкай школе здольная дзяўчынка атрымала базавыя веды па маляванні. Гэтага ёй было мала, таму пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла на псіхолага-педагагічны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Педагог-мастак”. Летась малады спецыяліст была накіравана на работу ў Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці. Тут яна стварыла аб’яднанне па інтарэсах “Хваля ідэй” для дзяцей ва ўзросце ад 4 да 16 гадоў.

— Я вельмі рада, што апынулася ў невялікім, надзвычай ціхім і ўтульным палескім гарадку. Дзякуючы падтрымцы калег, даволі хутка справілася з першымі цяжкасцямі ў прафесійным станаўленні і сёння ў дружным калектыве аднадумцаў адчуваю сябе даволі ўпэўнена, — гаворыць Ганна Клопат.

Асаблівых праблем у арганізацыі адукацыйнага працэсу ў педагога не ўзнікала. Яна атрымала добрую тэарэтычную і практычную падрыхтоўку ва ўніверсітэце. Ганна Клопат да сённяшняга часу з хваляваннем успамінае першыя заняткі ў школах і дзіцячых садках. Ужо тады будучы педагог зразумела, што галоўнае ў рабоце — захапіць дзяцей. Тады і вынікі будуць добрыя.

У Ганцавіцкім раённым цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці Ганна Клопат хутка знайшла агульную мову з выхаванцамі. Педагог ахвотна дзеліцца з імі ведамі і навыкамі, з задавальненнем назірае за творчым ростам цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак.

— Заўсёды падтрымліваю дзіцячыя ідэі. Імкнуся стварыць на занятках творчую атмасферу, дзе ўсе давяраюць адно аднаму. Многія выхаванцы, захопленыя творчасцю, застаюцца ў кабінеце і пасля заняткаў, — расказвае Ганна Клопат.

Усе заняткі педагога цікавыя, захапляльныя і пазнавальныя. На іх дзеці не толькі малююць, але і займаюцца папяровай пластыкай, вырабляюць аплікацыі. Выхаванцы Ганны Клопат актыўна ўдзельнічаюць у раённых і абласных конкурсах, дзе даволі часта становяцца пераможцамі.

Педагог умее слухаць і разумець кожнае дзіця, таму ў яе аб’яднанне прыходзіць усё больш здольных хлопчыкаў і дзяўчынак.

— Мы з задавальненнем наведваем заняткі Ганны Іванаўны, бо яна вельмі таленавіты педагог, у якога ёсць чаму павучыцца, — гавораць юныя мастакі. — Кожныя заняткі надзвычай цікавыя і праходзяць на адным дыханні. Ганна Іванаўна вельмі добрая і любіць дзяцей.

— Я люблю працаваць з дзецьмі, бо яны цікаўныя і імкнуцца ва ўсім стаць лепшымі, — адзначае педагог. — Маляванне для іх — гэта знаёмства з навакольным светам, яркім, дзіўным і пакуль не спазнаным. Радуе, што многія дзеці, якія прыходзяць на заняткі, ужо ведаюць, чаго хочуць. За невялікі час я пазнаёмілася з не адным таленавітым навучэнцам. Сярод іх — Аляксей Бянькоўскі. Малодшы школьнік малюе так, як можа далёка не кожны дарослы.

У “Школе ранняга развіцця” Ганна Клопат займаецца з дзецьмі ва ўзросце ад 4 да 7 гадоў. У кожнага з іх свой характар і сваё бачанне свету. Педагог шукае падыход да ўсіх і імкнецца зацікавіць рознымі справамі. З дашкольнікамі працаваць больш складана, але маладога педагога цяжкасці не пужаюць. Кожныя яе заняткі яркія і незабыўныя.

— Некаторыя дзеці не ведаюць, як карыстацца пэндзлікам, — гаворыць Ганна Клопат. — Да кожнага трэба падысці і растлумачыць, што і як рабіць. Усе дзеці вельмі рухавыя і актыўныя, не паспяваеш сачыць за імі.

Ганна Іванаўна — педагог з добрым сэрцам і пачуццём гумару, лёгка спраўляецца з жыццёвымі цяжкасцямі і лічыць, што яны толькі загартоўваюць характар. Пра сваю работу гаворыць без амбіцый, што рэдка бывае ў творчых людзей. На пытанне “Як навучыцца маляваць?” з усмешкай адказвае: “Паверыць у сябе, пастаянна
самаўдасканальвацца і прыслухоўвацца да парад педагога”.

Карціны адлюстроўваюць душэўны стан мастакоў. Ганна Клопат аддае перавагу абстракцыянізму, бо лічыць, што гэты напрамак добра развівае мысленне і ўяўленне, натхняе на стварэнне ўласных работ. “Калі я бачу такія карціны, адразу ўзнікае жаданне ствараць”, — прызнаецца педагог.

Ганна Клопат — актыўная і ініцыятыўная дзяўчына, якая знаходзіцца ў нястомным творчым пошуку. Яна не толькі дапамагае дзецям раскрыць творчы патэнцыял, але і развіваецца сама. Захапіўшыся ў студэнцкія гады габеленам, педагог і сёння актыўна займаецца гэтым відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вольны час імкнецца праводзіць з карысцю, захапляецца спортам.

Нягледзячы на невялікі працоўны стаж, у творчай скарбонцы Ганны Клопат ужо ёсць узнагароды, атрыманыя па выніках раённых і абласных конкурсаў. І гэта невыпадкова. Назіраючы за тым, з якім энтузіязмам педагог тлумачыць матэрыял і малюе на дошцы, а дзеці затаіўшы дыханне слухаюць, разумееш, што Ганна Іванаўна знай-шла сябе ў любімай прафесіі.

Ганна ПЛЯХАНАВА,
выхаванка аб’яднання па інтарэсах “Юны рэпарцёр”
Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *