III Міжнародная творчая сустрэча-форум калектываў музычных школ і спецыяльных навучальных устаноў для дзяцей з парушэннямі зроку “Мы разам!” прайшла днямі ў Мінску. Арганізатарам мерапрыемства, якое аб’яднала многіх таленавітых дзяцей і маладых людзей, а таксама іх педагогаў, выступіў Міжнародны дабрачынны фонд “Зорная ліра” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
“У музычным форуме прынялі ўдзел творчыя калектывы і сольныя выканаўцы — лепшыя прадстаўнікі сваіх навучальных устаноў, лаўрэаты і дыпламанты розных конкурсаў, — паведаміла старшыня праўлення фонду “Зорная ліра” загадчык філіяла дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 19 Мінска для дзяцей з парушэннямі зроку Алена Іванаўна Маслава. — У сустрэчы ўдзельнічалі 150 чалавек з Санкт-Пецярбурга і Курска (Расія), з Рыгі (Латвія) і юныя беларускія артысты. Некаторым з іх споўнілася толькі 5 гадоў”.
Форум стартаваў канцэртнай праграмай “Дзень джаза”. Яго ўдзельнікі выступалі на вялікай сцэне ў Маладзёжным тэатры эстрады. Наступны дзень стаў святам класічнай музыкі. Юныя зорачкі дэманстравалі свае таленты на розных канцэртных пляцоўках Мінска. Яны адчувалі сябе сапраўднымі выканаўцамі класічных твораў падчас высту-пленняў у Малой зале Белдзяржфілармоніі, на сцэне Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і ў Чырвоным касцёле.
Свае майстар-класы прапанавалі навучэнцам прафесійныя артысты — спявачка Ірына Дарафеева, піяніст-віртуоз Канстанцін Гарачы, саксафаніст Аляксей Паршын. Кіраўнік ансамбля акардэаністаў “Фестываль” Уладзімір Бубен падрыхтаваў сумесны нумар з навучэнцамі з Мінска.
Юныя музыканты адчувалі сябе на вяршыні творчага майстэрства, былі ўпэўненымі і дасканалымі. У поўнай меры яны прадэманстравалі свае таленты падчас самай яркай падзеі форуму — гала-канцэрта ў канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Удзельнікаў мерапрыемства віталі начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Антаніна Міхайлаўна Змушко, галоўны спецыяліст аддзела ўстаноў адукацыі і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Беларусі Васіль Рыгоравіч Галаван, старшыня Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Алег Аляксандравіч Шэпель.
На заключным канцэрце з музычнымі і танцавальнымі кампазіцыямі выступілі навучэнцы школ-інтэрнатаў для дзяцей з парушэннямі зроку з Гродна, Васілевічаў, Жабінкі, Маладзечна, Шклова. Вельмі арыгінальным было выступленне навучэнцаў філіяла дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 19 Мінска, якія прадставілі кампазіцыю “Перуанскі вальс” Ланфіеста ў выкананні ансамбля гітарыстаў “Корда” і кампазіцыю “Лібертанга” А.П’яцолы — ад ансамбля акардэаністаў “Асарці”, што існуе ўжо 10 гадоў пад кіраўніцтвам Марыны Даросевай. На канцэрце выступалі таксама асобныя выканаўцы: Ульяна Калюжная з песняй “Смешныя канапушачкі”, Вікторыя Зуеўская і Вікторыя Лукашэвіч з песняй “Пагнала бабуленька куранятак пасвіць”. Лізавета Крывецкая і Віктар Анцыпаровіч выканалі танец маленькіх лебедзяў з балета “Лебядзінае возера”. Фартэпіянны дуэт “Грушаўскія іскрынкі” з сярэдняй школы № 3 Мінска ў складзе Валерыя Чубакова і Паліны Калачык выступіў з кампазіцыяй “Стары раяль”. Да дуэта далучыўся навучэнец філіяла дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 19 Мінска Георгій Дадзішкіліяні, які сыграў на ўдарных інструментах.
Юная і ўжо вядомая ў нашай краіне і за яе межамі спявачка Патрыцыя Курганава выканала кампазіцыю Эмі Фостэр “Stand up for love”.
Краіну-суседку Латвію прадстаўлялі навучэнцы музычнай школы Юглы (Рыга): Агнэсэ Арая праспявала народную песню з выкарыстаннем нацыянальнага інструмента куоклэ, а вальс прагучаў у выкананні Яніс-Іванс Мураўёва. У Мінск завіталі і падапечныя дабрачыннага фонду “Стань побач” (кіраўнік Сармэ Фрэйберг): вакальнае трыа ў складзе Маі Фогелэ, Аманды Ніцманэ і Лівы-Паолы Палэя праспявалі народную латышскую песню. Ліва-Паола Палэя таксама разам з Элізай Купрука выканалі на саксафонах кампазіцыю S.Joplin “The Entertainer”.
З Расіі прыехалі выхаванцы Курскага музычнага каледжа-інтэрната для невідушчых і навучэнцы музычных класаў для невідушчых і слабавідушчых дзяцей пры Охцін-скім цэнтры эстэтычнага выхавання (Санкт-Пецярбург). Яны прадстаўлялі сольныя нумары. Выступаў таксама харавы ансамбль “Пецярбургскія зорачкі” (кіраўнік Святлана Сцяпанаўна Галімава).
Охцінскі цэнтр эстэтычнага выхавання — установа, вопыт якой уяўляе асаблівую цікавасць. Загадчык аддзялення музычных класаў цэнтра для невідушчых і слабавідушчых дзяцей Вольга Геліеўна Навумава расказала: “Нашаму цэнтру — 23 гады. Першапачаткова гэтыя класы былі аддзяленнем звычайнай школы мастацтваў. Зараз жа ў цэнтры вучыцца каля 70 невідушчых і слабавідушчых дзяцей. Па кожным музычным кірунку, па кожным інструменце (фартэпіяна, баяне, акардэоне, домры, балалайцы) мы распрацавалі свае вучэбныя планы з улікам асаблівасцей дзяцей. Адметна, што ў нашай установе выкладаецца асобны прадмет “Нотная грамата па сістэме Брайля”, дзеці пачынаюць вывучаць яго з 2 класа. Гэта дапамагае і на іншых прадметах. Па нотах, пазначаных па сістэме Брайля, дзеці спяваюць у хоры і займаюцца на сальфеджыа, іграюць на ўсіх інструментах.
Заняткі ў цэнтры праходзяць па трох вучэбных планах. Найперш для дзяцей, якія маюць абцяжарвальныя захворванні (аўтызм, ДЦП). Для іх праводзіцца своеасаблівая музычная тэрапія і вучэбны план аблегчаны. Ёсць вучэбны план для дзяцей сярэдняга звяна са звычайным агульным развіццём, а таксама вучэбны план для прафесійна арыентаваных дзяцей. У 2 класе мы вырашаем, па якім вучэбным плане будуць займацца тыя ці іншыя навучэнцы. Для вельмі адказных і таленавітых дзяцей, якія старанна вучацца, прадугледжаны падоўжаны тэрмін навучання ў цэнтры — да 12 гадоў, іх рыхтуюць да паступлення ва УВА. Астатнія дзеці вучацца 9 гадоў”.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.