На хвалі моды і дызайну

- 10:42Абітурыент

Дзе вучаць на мадэльераў? У БДУ на факультэце сацыякультурных камунікацый! Там сёлета пачнецца падрыхтоўка дызайнераў касцюма і тканін.

На факультэце сацыякультурных камунікацый БДУ ў межах спецыяльнасці “Дызайн” адкрываецца новы напрамак “Дызайн (касцюма і тканін)”. Падрыхтоўка спецыялістаў па ім пачнецца з 2022/2023 навучальнага года.

У нашай краіне зараз назіраецца актыўнае развіццё індустрыі моды і дызайнерскай практыкі. Адкрыццё новага напрамку дасць магчымасць забяспечыць лёгкую прамысловасць краіны прафесійнымі дызайнерамі адзення. У БДУ іх навучанне пройдзе па спецыя­лізацыях “Дызайн швейных вырабаў” і “Дызайн тэкстыльных вырабаў” на кафедры дызайну моды, якая існуе з 2017 года.

— На працягу пяці гадоў адбывалася станаўленне нашай кафедры. Хутка выпусцім студэнтаў другога набору, якіх вучылі па эксперыментальным вучэбным плане па прафілізацыі “Дызайн моды і аксэсуараў”. Атрымаўся даволі паспяховы эксперымент, таму што мы напрацавалі добрую вучэбна-метадычную базу і сабралі прафесійны калектыў. У яго склад уваходзяць і маладыя выкладчыкі, некаторыя з якіх нават паспелі заявіць пра сябе на міжнародным узроўні. Напрыклад, Валерыя Сяргееўна Крыса нядаўна атрымала запрашэнне на Міланскі тыдзень моды, — расказала кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, загадчыца кафедры дызайну моды А.І.Атраховіч.

Яна падкрэсліла, што сярод сталічных дзяржаўных УВА толькі БДУ будзе рыхтаваць дызайнераў касцюма і тканіны. 

— Мы зусім нядаўна аб’явілі пра новы напрамак, але адразу да яго праявілі цікавасць сёлетнія абітурыенты, — дадала Алена Ігараўна. — Нашы выпускнікі змогуць працаваць і стылістамі, і дызайнерамі-канструктарамі на вытворчасці, мадэльерамі, імідж-стылістамі — дыяпазон шырокі.

Падрыхтоўка навучэнцаў будзе мець практыка-арыентаваную накіраванасць і ўключаць вывучэнне дызайн-праектавання, мадэлявання, канструявання і тэхналогіі вырабу адзення і тканін. 

✓ Кваліфікацыя: “дызайнер”.

✓ Тэрмін навучання: 5 гадоў.

✓  Сертыфікаты ЦТ: гісторыя Беларусі, беларуская (руская) мова. Творчы іспыт: малюнак і кампазіцыя.

— Акрамя таго, нашы студэнты вывучаць брэндынг у індустрыі моды, фэшн-фатаграфію і фэшн-графіку, камп’ютарныя тэхналогіі ў дызайне моды, малюнак, жывапіс, лічбавы жывапіс і многае іншае, — паведаміла загадчыца кафедры.

Вучэбную і вытворчую практыку студэнты пройдуць у профільных беларускіх арганізацыях. Сярод іх Беларускі цэнтр моды, Нацыянальная школа прыгажосці, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, прадпрыемствы “Камволь”, “Марк Фармэль” і інш.

Каб паступіць у БДУ на новы напрамак “Дызайн (касцюма і тканін)”, давядзецца здаць два ЦТ (па гісторыі Беларусі і рускай альбо беларускай мове) і творчы экзамен па малюнку і кампазіцыі.

— Мастацкая падрыхтоўка неабходная і важная. Так, пасля заканчэння мастацкай школы абітурыент падрыхтаваны і канкурэнтаздольны і можа добра здаць нашы экзамены, — патлумачыла Алена Ігараўна. — Мы набіраем па 6 студэнтаў на бюджэтную і платную форму навучання. Для тых, хто паступіць на платную, ва ўніверсітэце прадугле­джана сістэма скідак. І калі студэнт добра вучыцца, актыўна ўдзельнічае ў жыцці ўніверсітэта і навуковай дзейнасці, то зможа прэтэндаваць на зніжэнне аплаты за навучанне.

Вучэбныя праграмы кафедры дызайну моды БДУ дапамагаюць кожнаму студэнту раскрыць сваю творчую індывідуальнасць. 

— Мы вельмі чакаем нераўна­душных і матываваных студэнтаў, у якіх гараць вочы. Бо калі студэнт захоплены сваёй будучай прафесіяй, ён зможа рэалізавацца ў ёй, — пераканана А.І.Атраховіч.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.