На хвалі творчасці і ведаў: як школьнікі праводзяць адпачынак у аздараўленчых лагерах Асіповіцкага раёна

- 12:15Новости

Лета для школьнікаў — час актыўнага і пазнавальнага адпачынку, лічаць арганізатары аздараўленчых лагераў Асіповіцкага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Кожны дзень — асаблівы

У лагерах Асіповіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прыемныя клопаты пачынаюцца задоўга да адкрыцця змены:

— Старанна прадумваем праграму. Трэба ж кожны дзень напоўніць новымі ўражаннямі і стварыць умовы, у якіх дзеці змогуць адчуваць сябе камфортна, актыўна спазнаваць новае і быць самастойнымі, — расказвае Алена Жук, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Асіповіцкага раённага ЦТДіМ.

Лагер “Атлантыда”, што на базе сярэдняй школы № 4 Асіповіч, ва­біць аматараў мастацкай творчасці.
Навучэнцы развіваюць здольнас­ці ў вакальным, тэатральным, харэаграфічным, музычным, дэкаратыў­на-прыкладным і выяўленчым мас­тацтве. З імі працуюць сапраўдныя прафесіяналы, шчыра захопленыя сваёй справай, — Г.М.Бабчанок, Р.Л.Смірнова, Р.Н.Паламарчук, С.В.Пацкевіч, Л.А.Трыбуць, А.С.Саканцава, Т.У.Трусава, Ж.Ж.Доўгаль, Н.А.Дрозд. Асаблівай папуляр­насцю ў дзяцей карыстаюцца тэат­ралізаваныя паказы, гульнявыя
і забаўляльныя праграмы, казачныя квест-гульні. Не прапуска­юць яны навінкі кінапракату і з за­давальненнем пераглядаюць любімыя мультфільмы ў раённым цэнтры культуры.

А вось аздараўленчыя лагеры “Пціч” і “Крыніца” — гэта адпачынак на ўлонні прыроды. Усяго ж за лета гэтыя лагеры, працуючы ў пяцізменным рэжыме, прымуць 830 дзяцей. Дарэчы, у дзевяцідзённым лагеры “Інтэлектуал” (на базе “Крыніцы”) карысным адпачынкам будуць заняты 20 высокаматываваных навучэнцаў. Для іх гэта магчымасць не толькі выдатна адпачыць і весела правесці вольны час, але і ўзбагаціць веды па розных ву­чэбных прадметах. Месцазнахо­джанне гэтых лагераў ля Пцічы і Свіслачы дазваляе выхаванцам з’яднацца з прыродай, дакрануцца да таямніц роднага краю. Удзельнічаючы ў спартыўных спабор­ніцтвах, цікавых мерапрыемствах, гульнявых праектах, віктарынах, творчых конкурсах, падлеткі набываюць новыя веды і ўменні, праяўляюць свае здольнасці і таленты.

Профільны ваенна-патрыятычны лагер “Юнацтва” будзе размяшчацца на тэрыторыі лагера “Пціч”. На працягу змены, з 13 па 28 жніўня, з карысцю тут правядуць час 25 вучняў з розных школ горада і раёна. Лагер пад кіраўніцтвам Р.А.Клоніна ствараецца з ліку выхаванцаў ваенна-патрыятычных клубаў “Волат” і “Гарнізон” і падлеткаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, на розных відах уліку, і дзяцей з мнагадзетных і апякунскіх сем’яў. Да таго ж “Юнацтва” — гэта не толькі новыя сябры і цікавыя падзеі, тут загартоўваецца характар, выхоўваецца патрыятызм.

Профільны краязнаўчы перасовачны палатачны лагер “Радзімічы” ўжо 14 гадоў збірае юных краязнаўцаў-даследчыкаў, археолагаў, пошукавікаў.

— Акрамя навукова-даследчай работы, падлеткі з задавальненнем удзельнічаюць у спартыўна-гульнявых спаборніцтвах, вызначаюць лепшых разумнікаў і разумніц у інтэлектуальных гульнях. Надоўга застаюцца ў памяці і песні пад гітару ля вогнішча, міфы і легенды, расказаныя жыхарамі навакольных вёсак, — адзначае дырэктар лагера Вікторыя Маісеева.

У кругласутачным турыстычным перасовачным палатачным лагеры “Азімут” юных турыстаў чакаюць пешаходныя паходы па раё­не і за яго межы, з наведваннем гістарычных месцаў. Прыбыўшы ў пункт дыслакацыі, школьнікі самастойна ставяць палаткі, уладкоўваюць тэрыторыю, распальваюць вогнішча. Частку прадуктаў дзеці прыносяць з сабой, а тое, што патрабуе асаблівых правіл захоўвання, рэгулярна дастаўляецца ў лагер групай цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Па словах Аксаны Усені, дырэктара лагера, гатаваць на вогнішчы — асаблівая рамантыка для дзяцей. Адпачынак яны ўдала сумяшчаюць з трэніроўкамі: для юных турыстаў ствараецца паласа перашкод, яны рэгулярна замацоўваюць навыкі спартыўнага арыентавання на мясцовасці.

Дарэчы, за дзве змены навучэнцы лагера здзейснілі два пешаходныя турыстычныя паходы. Забяспечылі дзецям актыўны адпачынак з яркімі ўражаннямі і незабыўнымі ўспамінамі апантаныя турызмам педагогі дадатковай адукацыі сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы А.Ю.Трыфанава, А.В.Карпекін, С.А.Кутузаў, Н.С.Клоніна.

Папрацаваць і зарабіць

Вучні старшых класаў ужо задумваюцца аб тым, як можна сумясціць прыемнае з карысным: і адпачыць, і зарабіць. Менавіта так бачаць сваё лета 145 выхаванцаў лагераў працы і адпачынку (з дзённым знаходжаннем) у 15 установах адукацыі. Кожны дзень у лагеры пачынаецца з хвілінкі бяспекі, і пасля зарадкі і снедання хлопцы і дзяўчаты прыступаюць да працы. Працягласць працоўнага дня 4,5 гадзіны з невялікімі перапынкамі на адпачынак. Школьнікі ўдзельнічаюць у азеляненні прышкольных тэрыторый, шыюць мяккі інвентар, рамантуюць кнігі і школьную мэблю.

У лагеры арганізавана трох­разовае харчаванне, прадуманы спартыўна-забаўляльныя і культурна-пазнавальныя праграмы.

На базе аздараўленчага лагера “Крыніца” ў жніўні будзе дзейнічаць лагер працы і адпачынку з кругласутачным знаходжаннем для старшакласнікаў, якія дапамогуць у сельгасработах ААТ “Авангард-Ніва”.

— Выхаванцы не толькі атрымліва­юць працоўны вопыт, але і ўзаемадзейнічаюць з новымі людзьмі, адкрываюць для сябе свет прафесій, забаўляюцца, адпачываюць і, вядома ж, у дадатак да ўсіх уражанняў атрымлі­ва­юць першы заробак. Ім важна адчуць сваю карыснасць і знач­насць, — падкрэслівае дырэктар аздараўленчага лагера “Крыніца” Алена Хадакоўская.

На пляцоўкі і стадыёны

Пошук і апрабацыя новых, цікавых для падлеткаў форм занятасці працягваюцца. Так, мяркуючы, што дзецям падабаецца гульнявая пляцоўка “Летні калейдаскоп”, педагогі ЦТДіМ арганізавалі работу творчай майстэрні па нанясенні аквагрыму і мехендзі. Такая ідэя зацікавіла юных асіпаўчан. А яшчэ падлеткі наведва­юць спартыўныя пляцоўкі на тэрыторыі ўстаноў адукацыі. Больш за тое, ім прадастаўляецца неабходны спортінвентар. На “Лакаматыве” адкрыта пляцоўка для гульнявых відаў спорту з наліўным пакрыццём, на “Юнацтве” можна свабодна наведваць натуральнае футбольнае поле са стацыянарнымі варотамі (насупраць баскетбольнай пляцоўкі) і пляцоўку для пляжнага валейбола.

 Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота прадастаўлены ўстановай