На І Нацыянальным форуме асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням лічбавізацыі эканомікі і трансфармацыі энергетычнай сістэмы

У Мінску 24 студзеня пройдзе І Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці. Плануецца, што ўдзел у ім прымуць амаль 400 чалавек. Падрыхтоўка да форуму абмяркоўвалася на сустрэчы намесніка старшыні Савета Рэспублікі нацыянальнага каардынатара па МУР Марыяны Шчоткінай з пастаянным каардынатарам ААН у Беларусі Іаанай Казана-Вішнявецкі, паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента.

У І Нацыянальным форуме па ўстойлівым развіцці прымуць удзел прадстаўнікі МЗС, Мінэканомікі, Мінпрацы і сацабароны, Мінэнерга, Мінпрыроды, Нацыянальнага статыстычнага камітэта, Нацыянальнай акадэміі навук, ПВТ, прамысловых прадпрыемстваў, вядучых УВА, а таксама грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў. Акрамя таго, удзельнікамі мерапрыемства стануць прадстаўнікі агенцтваў ААН і міжнародныя эксперты. Усяго форум збярэ амаль 400 чалавек.

Марыяна Шчоткіна ў час сустрэчы прапанавала абмеркаваць пытанні па арганізацыі і правядзенні форуму, у тым ліку ва ўзаемадзеянні са структурамі ААН. “У нас сфарміравана добрая база, у лютым 2018 года ў Мінску прайшоў Рэгіянальны форум нацыянальных каардынатараў па Мэтах устойлівага развіцця, але наперадзе яшчэ шмат работы, у тым ліку па новых праектах па МУР”, — сказала віцэ-спікер. У сваю чаргу Іаана Казана-Вішнявецкі адзначыла высокі ўзровень работы, якая праводзіцца ў Беларусі па дасягненні Мэт устойлівага развіцця і важнасць маючага адбыцца форуму для развіцця гэтай дзейнасці. Яна таксама праінфармавала, што свой удзел у форуме пацвердзіў дырэктар рэгіянальнага бюро ПРААН па краінах Еўропы і СНД. Яго візіт у Беларусь стане першым візітам па краінах на гэтай пасадзе.

“На форуме будзе прадстаўлены нацыянальны вопыт Беларусі па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Панэльныя дыскусіі пройдуць па некалькіх тэматычных напрамках: устойлівы эканамічны рост як умова забеспячэння высокага ўзроўню жыцця беларускага народа, экалагічная бяспека, захаванне і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, паляпшэнне якасці жыцця праз здароўе, запатрабаваную адукацыю, дастойную работу”, — растлумачылі ў прэс-службе Савета Рэспублікі.

Удзельнікі абмяркуюць магчымасці больш эфектыўнага выкарыстання патэнцыялу ўзаемадзеяння грамадства, бізнесу і ўлады для ўстойлівага развіцця, ролю прадпрымальніцтва ва ўстойлівым развіцці рэгіёнаў, перспектывы глабальнага партнёрства ў Мэтах устойлівага развіцця. Размова пойдзе аб мерах па барацьбе са змяненнем клімату, рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў, эфектыўнай занятасці, пашырэнні правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, гендарнай роўнасці і іншых пытаннях. “Асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням лічбавізацыі як драйвера эканамічнага росту. Асобна ўдзельнікі форуму абмяркуюць трансфармацыю энергетычнай сістэмы ў Мэтах устойлівага развіцця. Будзе прадстаўлена нацыянальная платформа справаздачнасці па Мэтах устойлівага развіцця і паказчыкі МУР. Акрамя таго, адбудзецца прэзентацыя праекта “Садзейнічанне Рэспублікі Беларусь нацыяналізацыі і лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця”, — расказалі ў прэс-службе.