На інклюзіўнай пляцоўцы “Аднолькавыя”

На базе сярэдняй школы № 177 Мінска знаходзіцца рэсурсны цэнтр па спецыяльнай адукацыі, функцыянуе інклюзіўная пляцоўка “Аднолькавыя”, што дазваляе ажыццяўляць работу з навучэнцамі, педагогамі і бацькамі.

“Умайстэрні “Юны мастак” і ў творчай майстэрні навучэнцы з АПФР і звычайныя дзеці займаюцца з настаўнікамі-дэфектолагамі, — расказала Вольга Валер’еўна Сідарэнка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце школы. — На занятках выкарыстоўваюцца нетрадыцыйныя тэхнікі малявання, цестапластыка і цестатэрапія. Тэатральную дзейнасць мы разглядаем як адзін са сродкаў развіцця эмацыянальнай і валявой сферы дзяцей, перш за ўсё дзяцей з аўтыстычнымі парушэннямі (іх у школе 12)”.

Кіраўнік школьнага інклюзіўнага тэатра “Аднолькавыя” — настаўнік-дэфектолаг Алена Ула­дзіміраўна Аляшкевіч. Дапамагае ёй настаўнік-дэфектолаг Святлана Фёдараўна Цімафеева — пераможца сёлетняга Рэспубліканскага завочнага дыстанцыйнага конкурсу “Педагагічная майстэрня. Форум ідэй” у намінацыі “Лепшы сцэнарый”. Яна рыхтуе навучэнцаў да тэатральнай дзейнасці падчас карэкцыйных заняткаў. Выкарыстоўвае з гэтай мэтай традыцыйныя (гульні-драматызацыі, псіхагімнастыку, камунікатыўныя практыкаванні, мімічныя і пантамімічныя эцюды, элементы трэнінгу і інш.) і нетрадыцыйныя прыёмы (музыкатэрапія, маляванне пад музыку, казкатэрапія, медытацыя).

У самым пачатку спецыяліст вывучае, як дзіця разумее тыя ці іншыя эмацыянальныя станы. З гэтай мэтай выкарыстоўвае наглядныя і дыдактычныя дапаможнікі (сюжэтныя і прадметныя карцінкі, развіццёвыя карткі, гульні), а таксама драматызацыі, сацыяльныя гісторыі, канструяванне (малюнак) эмоцый рознымі спосабамі, у тым ліку з дапамогай лепкі, аплікацыі, калажу. Дзеці на такіх занятках выконваюць кінезіялагічныя практыкаванні, а таксама практыкаванні (гульні, эцюды) на развіццё эмацыянальна-валявой сферы, вестыбюлярна-маторных каардынацый, дыхальныя, вокарухальныя, языкарухальныя практыкаванні, практыкаванні, накіраваныя на развіццё саматагнозісу (успрымання цела), сенсорных сістэм, на распазнаванне і праяўленне эмацыянальных станаў.

Сярод асноўных прыёмаў, якія спецыялісты выкарыстоўваюць у непасрэднай тэатральнай дзейнасці, чытанне твора з акцэнтаваннем увагі навучэнцаў на тых рысах характару героя, з якімі трэба пазнаёміцца; выкананне вучнямі заданняў па перадачы маўлення, рухаў, эмацыянальнага стану герояў; прайграванне эцюдаў з нявызначаным канцом; інсцэніраванне літаратурнага твора. Выкарыстоўваюцца разнастайныя формы тэатралізаванай дзейнасці, у тым ліку лялечны тэатр.

Калектыў установы, вучні і педагогі адзначаюцца вялікай колькасцю дыпломаў на конкурсах і фестывалях. Толькі ў 2020 годзе ўзнагароды атрыманы на ІХ Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай і юнацкай творчасці “Шаўковы шлях” у намінацыі “Вакал” (Ула­дзімір Гота, арт-каманда “Разам”), “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” (Андрэй Сянько), “Тэатральная творчасць” (школьны інклюзіўны тэатр “Аднолькавыя”), на Міжнародным разнажанравым конкурсе LETO STAR, Міжнародным конкурсе творчасці “Млечны шлях”. Атрыманы два дыпломы на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Маладзечна City Art”, Міжнародным фестывальным праекце ART-PLANETA, Міжнародным конкурсе дзіцячай тэатральнай творчасці “Пятрушка”. 

На базе рэсурснага цэнтра па спецыяльнай адукацыі функцыянуе развіццёва-пазнавальны клуб Amazing English, які быў створаны з мэтай ліквідаваць недахопы ў ведах паміж навучэнцамі, якія займаюцца па праграмах з цяжкасцямі ў навучанні (вывучаюць замежную мову з 4 класа), і звычайнымі дзецьмі, якія вывучаюць замежную мову з 3 класа. У склад клуба ўваходзяць студыя Simple English (праграма вывучэння англійскай мовы), студыя Inclusive Globus (тэатралізаваная дзейнасць) і студыя Clever Hands (выяўленчая дзейнасць).

На пачатковым этапе навучання дзяцей замежнай мове закладваюцца асновы для фарміравання ўменняў і навыкаў, якія забяспечваюць маўленчую дзейнасць, дзе, у асноўным, фарміруюцца вымаўленчыя навыкі і навык чытання на ўзроўні пазнавання. Вядучым напрамкам у авалоданні дзецьмі моўным матэрыялам з’яўляецца фарміраванне прадукцыйных навыкаў для выкарыстання ў вуснай мове. Навучэнцы знаёмяцца з асновамі мовы, з культурай, традыцыямі і звычаямі краіны, мову якой вывучаюць, набываюц­ь элементарныя навыкі размоўнай мовы, назапашваюць асноўны запас слоў па розных тэмах, прадугледжаных праграмай навучання, знаёмяцца з найпрасцейшымі асновамі граматыкі англійскай мовы. Заняткі праводзяцца два разы на тыдзень з настаўнікам замежнай мовы сумесна з настаўнікам-дэфектолагам і выхавальнікам суправаджэння.

Выкарыстанне тэатральнай дзейнасці ў адукацыйным працэсе дазваляе рэалізаваць атрыманыя веды, замацаваць вымаўленчыя навыкі, фарміруе камунікатыўныя і сацыяльныя кампетэнцыі навучэнцаў. Творчы працэс выяўленчай студыі цесна звязаны з тэатральнай дзейнасцю. Навучэнцы самастойна канструююць касцюмы, дэкарацыі, падбіраюць грым да пастановак. Дзейнасны падыход дасць магчымасць стымуляваць творчае мысленне, развіваць уяўленне навучэнцаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.