На кампетэнтнаснай аснове

Пытанні ўнутрыкласнага, унутрышкольнага і крытэрыяльнага ацэньвання, фарміравання “мяккіх навыкаў” школьнікаў, ацэнкі якасці адукацыі ў кантэксце падрыхтоўкі педагагічных кадраў і многія іншыя былі ў цэнтры абмеркавання ўдзельнікаў VIII Міжнароднай канферэнцыі Еўразійскай асацыяцыі ацэнкі якасці адукацыі, арганізаванай сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі нашай краіны. З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава, кіраўнік офіса Сусветнага банка ў Рэспубліцы Беларусь Алекс Крэмер, прэзідэнт асацыяцыі Віктар Болатаў, кіраўнік праграмы READ у Расіі Тыгран Шміс.

У сучасных умовах ацэнка якасці адукацыі аформілася ў самастойны шматаспектны кірунак педагагічных даследаванняў і адукацыйнай практыкі. Яна ажыццяўляецца на розных узроўнях адукацыйнай сістэмы ў мэтах атрымання разнапланавай інфармацыі, якая выкарыстоўваецца не толькі для ацэнкі адукацыйных дасягненняў навучэнцаў, але і для выяўлення асаблівасцей функцыянавання сістэмы адукацыі з мэтай вырашэння задач яе далейшага развіцця. Акрамя таго, усё большую папулярнасць у сучасным свеце набываюць розныя міжнародныя праграмы ацэнкі якасці адукацыі. Ва ўмовах шырокай міжнароднай кааперацыі і фарміравання адзінага рынку працы яна становіцца важным інструментам ацэнкі якасці чалавечага капіталу.

Па словах першага намесніка міністра адукацыі Ірыны Старавойтавай, сёння ў Беларусі паслядоўна ўдасканальваюцца механізмы ацэнкі якасці адукацыі на ўсіх узроўнях. Асноўныя напрамкі і прыярытэты дзяржаўнай палітыкі ў гэтай галіне замацаваны ў Канцэптуальных падыходах да развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2020 года і на перспектыву да 2030 года.

— Якасць адукацыі — гэта ў першую чаргу паспяхова ўладкаваны ў жыцці чалавек, яго светапоглядны стрыжань, актыўная грамадзянская пазіцыя, — лічыць Ірына Старавойтава. — Для характарыстыкі адукацыйных дасягненняў вучняў мы выкарыстоўваем не толькі ўзровень прадметных ведаў, але і такія паказчыкі, як сфарміраванасць асобасных якасцей, ключавых кампетэнцый, неабходных чалавеку XXI стагоддзя: уменне крытычна мысліць, здольнасць да ўзаемадзеяння і камунікацыі, творчы падыход да справы, матывацыя да далейшай адукацыі і інш.

У Беларусі сфарміравана комплексная сістэма ацэнкі якасці адукацыі, якая ўключае ацэньванне ў класе, выпускныя і ўступныя экзамены, сістэмныя даследаванні якасці адукацыі (рэспубліканскі маніторынг), атэстацыйныя экспертныя працэдуры (ліцэнзаванне, акрэдытацыю і атэстацыю ўстаноў адукацыі), экспертызу і доследную праверку вучэбных выданняў і інш.

Якасць адукацыі забяспечваецца праз абнаўленне зместу адукацыйных праграм, навукова-метадычнага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, укараненне сучасных інфармацыйных тэхналогій, цесную ўзаемасувязь выхавання і навучання, падрыхтоўку высокакваліфікаваных педагагічных кадраў. У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” ажыццяўляецца комплекснае аснашчэнне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі інтэрактыўнымі панэлямі, вучэбным абсталяваннем і сродкамі навучання для кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі. На ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі накіраваны праект “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Адной з задач у сферы агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца стварэнне сістэмы незалежнай ацэнкі якасці адукацыі. Яе вырашэнне звязваецца з рэалізацыяй цэлага комплексу мер, якія ўключаюць у тым ліку абнаўленне зместу механізмаў выніковай атэстацыі выпускнікоў базавай і сярэдняй школы, пашырэнне напрамкаў маніторынгавых даследаванняў якасці агульнай сярэдняй адукацыі, правядзенне рэспубліканскіх кантрольных работ па вучэбных прадметах, стварэнне агенцтва па кантролі якасці адукацыі, якое стане цэнтрам, які забяспечвае фарміраванне сістэмы незалежнай ацэнкі якасці адукацыі.

Па меркаванні Ірыны Старавойтавай, асноўным акцэнтам ўдасканалення існуючай сістэмы выпускных і ўступных экзаменаў павінен стаць адыход ад двайной нагрузкі на навучэнцаў, які непазбежны ва ўмовах розных форм выпускных і ўступных выпрабаванняў. “Выпускнікоў 11 класаў можна разгрузіць, сумясціўшы выпускныя экзамены ў школе і ЦТ, увёўшы так званы нацыянальны экзамен. Асноўныя прынцыпы нацыянальнага экзамену будуць ідэнтычныя цэнтралізаванаму тэсціраванню”, — падкрэсліла першы намеснік міністра.

Ірына Старавойтава нагадала, што сёлета была прыменена новая методыка падліку балаў на ЦТ. Яна ўводзілася найперш для таго, каб супаставіць вынікі ЦТ з адзнакай у школе. “У будучыні, магчыма, нас чакаюць некаторыя навацыі ўступнай кампаніі. Вывучаецца пытанне аб увядзенні дадатковых выпрабаванняў, унутранага экзамену, субяседавання, якія дазволяць убачыць асобу абітурыента. Гэта будзе тычыцца ў першую чаргу прыёму на спецыяльнасці, якія патра­буюць наяўнасці кіраўніцкіх і практычных навыкаў. Пры ўвядзенні магчымых навінак абавязкова будзе вызначаны і пераходны перыяд, каб школьнікі змаглі падрыхтавацца да новай формы выніковай атэстацыі”, — адзначыла Ірына Старавойтава.

Праграма першага дня мерапрыем­ства прадугледжвала работу чатырох пленумаў: “Ацэнка якасці адукацыі на нацыянальным і міжнародным узроўні”, “Ацэнка якасці адукацыі ў рэгіёне, горадзе, муніцыпалітэце”, “Ацэнка навыкаў XXI стагоддзя”, “Ацэнка адукацыйнага асяроддзя”, сесій і майстар-класаў.

На першым пленарным пасяджэнні загадчык Цэнтра ацэнкі якасці адукацыі Інстытута стратэгіі развіцця адукацыі Расійскай акадэміі адукацыі Галіна Кавалёва расказала аб зменах у расійскай адукацыі, звязаных са змяненнем запыту на якасць агульнай адукацыі. Па яе словах, у Расіі пастаўлена амбіцыйная задача ўвайсці ў дзясятку краін, лідзіруючых у свеце па якасці адукацыі. Асноўнымі арыенцірамі вызначаны тры міжнародныя даследаванні, сярод якіх — TIMSS, PIRLS, PISA. Па ўсіх галінах, звязаных з прадметнымі вынікамі, Расія дэманструе вынікі вышэйшыя за сярэднія міжнародныя. Пазітыўная дынаміка назіраецца ў пачатковай школе ў сувязі з увядзеннем новых адукацыйных стандартаў. У даследаванні PISA вынікі расійскіх школьнікаў ніжэйшыя за сярэднія міжнародныя, але пры гэтым назіраецца пазітыўная дынаміка ў галіне чытацкай і матэматычнай дасведчанасці.

Сёння актуальнымі з’яўляюцца два асноўныя напрамкі: змяненне мэт адукацыі (фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці — здольнасці вучняў асвоіць усё, што даецца ў школе, па-за яе межамі, і навучыцца гэта свабодна выкарыстоўваць па-за вучэбнай сітуацыяй) і стварэнне падтрымліваю­чага пазітыўнага адукацыйнага асяроддзя за кошт змянення зместу адукацыйных праграм. Сярод механізмаў павышэння якасці адукацыі вылучаюцца: абнаўленне вучэбных метадычных матэрыялаў з улікам пераарыентацыі сістэмы адукацыі на новыя вынікі, звязаныя з навыкамі ХХІ стагоддзя, функцыянальнай дасведчанасцю, развіццём пазітыўных установак матывацыі навучання і стратэгіяй паводзін навучэнцаў у розных сітуацыях; мэтанакіраванае павышэнне якасці работы настаўнікаў (праз сістэму падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі), вядзенне комплекснага маніторынгу адукацыйных дасягненняў; шырокае інфармаванне прафесійнай супольнасці і грамадскасці аб выніках і інструментах даследаванняў.

— Расійскі стандарт і сістэма якасці адукацыі накіраваны не на ацэнку асобных ведаў, уменняў і навыкаў, а на ацэнку стратэгіі паводзін навучэнцаў у пэўных сітуацыях, — заўважыла Галіна Кавалёва. —  Праз ацэнку якасці адукацыі нашы сістэмы пачалі настройвацца на новыя вынікі. Сур’ёзна мяняюцца расійскія вымяральныя інструменты. У адпаведнасці з даследаваннямі PISA зменены экзамены. Пры гэтым галоўнымі арыенцірамі з’яўляюцца прафесійная падрыхтоўка настаўніка і якасць вучэбных матэрыялаў.

Ацэнка якасці адукацыі ажыццяўляецца ў Расіі Федэральнай службай нагляду ў галіне адукацыі і навукі, якая сёлета праводзіць маніторынгавае даследаванне ўнутры краіны (нагадвае даследаванне PISA). Міністэр­ства асветы ініцыіруе праект па фарміраванні і ацэнцы функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў, задача якога — не кантроль і ацэнка, а менавіта падтрымка і забеспячэнне якасці, фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці як здольнасці прымяняць у жыцці атрыманыя веды (так званы фармірую­чы маніторынг). Задача каманды Інстытута стратэгіі развіцця адукацыі — распрацаваць сістэму заданняў для вучняў 5—9 класаў на аснове новых методык фарміравання функцыянальнай дасведчанасці.

— Гэтыя заданні распрацоўваюцца па шасці напрамках: матэматычная, чытацкая, прыродазнаўчанавуковая, фінансавая дасведчанасць, глабальныя кампетэнцыі і крэатыўнае мысленне. Яны маюць свае асаблівасці. Па-першае, заданні пастаўлены ў надпрадметныя галіны. Па-другое, у кожным з іх апісваюцца жыццёвыя сітуацыі. Кантэкст заданняў блізкі да праблемнай сітуацыі, якая ўзнікае ў штодзённым жыцці. Так, прыродазнаўчанавуковыя заданні накіраваны на даследчую дзейнасць, фінансавая дасведчанасць арыентавана на стратэгію паводзін у розных сітуацыях. Ад заданняў PISA іх адрознівае найперш накіраванасць на праблемы, на розныя маральна-этычныя сітуацыі, — расказала Галіна Кавалёва.

Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук прадставіла ў­дзельнікам канферэнцыі вопыт нашай краіны па ацэньванні навучэнцаў у класе. Паводле яе слоў, у 2018 годзе ў Беларусі былі прыняты новыя адукацыйныя стандарты агульнай сярэдняй адукацыі. У іх абазначаны чаканыя вынікі пачатковай, базавай і сярэдняй адукацыі і патрабаванні да вынікаў асваення зместу адукацыйных праграм на трох узроўнях. У 2015 годзе былі абноўлены вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах з 1 па 11 клас. У гэтых праграмах асноўны акцэнт быў зроблены на фарміраванне здольнасці навучэнцаў не столькі ўзнаўляць, колькі прымяняць засвоеныя веды, уменні і навыкі пры вырашэнні тых задач, што сустракаюцца ў штодзённым жыцці. “Мы прынялі рашэнне, што неабходна абнавіць і дзеючыя нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў па вучэбных прадметах. Абноўленыя нормы ў цяперашні час праходзяць эксперыментальную апрабацыю ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, базіруюцца на тых чаканых выніках да асваення зместу адукацыі, якія прапісаны ў адукацыйных стандартах, і на тых патрабаваннях да вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, якія абазначаны ў вучэбных праграмах па прадметах. Нормы ацэнкі сфармуляваны ў прадметна-дзейнаснай форме”, — адзначыла Валянціна Гінчук.

У чым асаблівасці абноўленых норм ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці? Па-першае, у іх рэалізаваны комплексны падыход да ацэнкі прадметных і метапрадметных вынікаў. Паколькі ў новых  адукацыйных стандартах агульнай сярэдняй адукацыі вынікі навучання вылучаны як сукупнасць прадметных, асобасных і метапрадметных вынікаў, пры абнаўленні норм ацэнкі быў зроблены акцэнт на тое, што павінны ацэньвацца не толькі прадметныя вынікі, але і метапрадметныя. Чаканыя вынікі адукацыі, якія прапісаны ў стандартах, выкарыстоўваюцца ў якасці змястоўнай і крытэрыяльнай асновы ацэнкі. Ацэнка паспяховасці засваення зместу вучэбных прадметаў рэалізавана на аснове сістэмна-дзейс­нага падыходу, гэта значыць, паспяховасць вучня пры засваенні зместу адукацыі вызначаецца тым, ці ўмее ён ажыццяўляць пэўныя дзеянні з вучэбным матэрыялам, які прадугледжаны праграмай.

— Звычайна вынікі ацэньвання ў класе выкарыстоўваюцца для ацэнкі паспяховасці вучняў, для інфармавання бацькоў, для дыяг­ностыкі праблем у навучанні, дыферэнцыя­цыі адукацыйнага працэсу і для карэкціроўкі працэсу навучання і выхавання, — падкрэсліла дырэктар НІА. — У першую чаргу педагогі рэалізоўваюць першыя два напрамкі. Хацелася б, каб тых настаўнікаў, якія ўмеюць выкарыстоўваць вынікі ацэньвання для пабудовы адукацыйнага працэсу з улікам індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў, а таксама для карэкціроўкі працэсу навучання, станавілася больш.

На думку В.Гінчук, адным з напрамкаў удасканалення сістэмы ацэньвання сёння бачыцца развіццё ацэначнай самастойнасці школьніка, уменне яго аргументавана ацэньваць свае вучэбна-пазнавальныя дзеянні і адэкватна ацэньваць свае магчымасці пры дасягненні пастаўленых мэт. Дасягненню гэтага ў многім садзейнічаюць параўнальна новыя для адукацыйнай практыкі ў Беларусі падыходы і інструменты, якія ляжаць у аснове так званага фарміруючага ацэньвання.

З унутрыкласным ацэньваннем у Кыргызстане ўдзельнікаў мерапрыем­ства азнаёміла эксперт Нацыянальнага інстытута стратэгічных даследаванняў Саўле Хамзіна. Яна расказала пра дасягненні і праблемы фарматыўнага ацэньвання. У 2014 годзе ў краіне з’явіўся новы адукацыйны стандарт асноўнай адукацыі, у якім афіцыйна былі замацаваны патрабаванні да ацэньвання. Ён задае кампетэнтнасную аснову адукацыйным вынікам. Да цяперашняга часу вядзецца распрацоўка прадметных стандартаў. Сярод патрабаванняў да распрацоўкі УМК новага пакалення — адлюстраванне ідэі не ведаў, а кампетэнтнасных навыкаў. Важным дакументам, які вызначае развіццё сістэмы адукацыі на наступнае дзесяцігоддзе, з’яўляецца Стратэгія развіцця сістэмы ацэньвання. Распрацоўваецца таксама канцэпцыя ацэнкі якасці адукацыі да 2030 года, праект якой знаходзіцца на зацвярджэнні. Ён замацоўвае крытэрыяльнае ацэньванне як аснову для ўсіх відаў ацэньвання. Мяркуецца выкарыстанне безадзнакавага навучання да сярэдзіны 3 класа з узмацненнем фарматыўнага ацэньвання і прадастаўленнем якаснай зваротнай сувязі. У канцы 4 класа ўключана выніковае ацэньванне. Канцэпцыя таксама прадугледжвае зніжэнне вагі бягучай адзнакі (выніковая — не сярэдняе арыфметычнае бягучых адзнак, а акцэнт робіцца на прамежкавыя суматыўныя ацэначныя работы (эсэ, праектныя работы, эксперыментальна-лабараторныя работы і інш.), змяненне шкалы адзнак у перспектыве, развіццё сістэмы маніторынгу, уключэнне развіцця навыкаў ХХІ стагоддзя ў сістэму ацэнкі. Зараз паступова пашыраецца праграма курсаў павышэння кваліфікацыі педагогаў, у тым ліку вагу набываюць дыстанцыйныя курсы.


У другі дзень работы канферэнцыі былі арганізаваны секцыі па тэмах: “Крытэ­рыяльныя і іншыя віды ацэньвання ў школе”, “Праекты і даследаванні ў галіне ацэньвання якасці адукацыі”, REID/CICED. Таксама ўдзельнікам і гасцям мерапрыем­ства прадастаўлялася магчымасць прыняць удзел у выязной сесіі ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і па­працаваць па наступных тэматычных напрамках: “Ацэнка якасці адукацыі і арганізацыі адукацыі”, “Педагог і ацэнка якасці адукацыі”, “Ацэнка якасці адукацыі студэнтаў”. Па выніках канферэнцыі былі выпрацаваны рэкамендацыі па развіцці сістэм ацэнкі якасці адукацыі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.