На канікулах — у бібліятэку

Юбілеі Мікалая Носава і Эдзі Агняцвет адзначылі ў бібліятэцы гімназіі № 2 Ваўкавыска дзеці, якія наведвалі школьны лагер. Бібліятэкар нагадала біяграфію Мікалая Носава, пазнаёміла з кніжнай выстаўкай “Пісьменнік, які прыдумаў Нязнайку”. Усім спадабалася выступленне Алёны Марчук, якая ў падрабязнасцях расказала працяг іх любімых кніг “Нязнайка на Месяцы”.

У конкурснай праграме самымі ўважлівымі чытачамі і пераможцамі сталі вучні 2 “Б” класа Марыя Імашава, Ганна Міхута, Арцём Аніська. Пераможцы атрымалі салодкія прызы.

Дзецям вельмі спадабаліся гумарыстычныя вершы Эдзі Агняцвет: “Параска і падказка”, “Бедны Саўка”, “Зося на кухні”. Рассмяшылі адказы Параскі, якая нічога не ведала, а толькі слухала, што кажуць у класе, адказвала недарэчы. Доўга смяяліся з лянівага хлопчыка, які нічога не жадаў рабіць, калі што-небудзь прасілі. А верш “Зося на кухні” дзеці захацелі паслухаць двойчы. Літаратурная гульня “Паэтэса дзяцінства” скончылася шчаслівым смехам дзятвы.

Для навучэнцаў 2—4 класаў у бібліятэцы арганізавалі мерапрыемства “Выратуем гэтых жывёл”. Дзякуючы бібліятэкару Наталлі Міхайлаўне Рачок навучэнцы даведаліся, навошта трэба ратаваць жывёл. Яны вельмі здзівіліся, даведаўшыся, што іх любімыя хатнія гадаванцы — каты — таксама, аказваецца, часам маюць патрэбу ў дапамозе, калі застаюцца кінутымі на вуліцы зімой.

Для дзяўчынак 7—9 класаў — адкрыты прагляд “Любімыя кнігі дзяўчынак”. А скончыліся канікулы для наведвальнікаў лагера лабараторыяй кнігі “Рознакаляровыя старонкі”, дзе самыя маленькія чытачы з вялікай стараннасцю размалёўвалі старыя кнігі Льва Талстога і Валянціны Асеевай.

Тэрэза КАВАЛЬЧУК,
загадчыца бібліятэкі гімназіі № 2 Ваўкавыска.