На канікулы — з мячом!

- 11:56Актуально, Апошнія запісы

30 мая тысячы беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак ранкам спяшаліся ў школы. Але не на заняткі, а на свята. З сабой яны неслі не прывычныя падручнікі і сшыткі, а пышныя букеты. У краіне прайшлі ўрачыстыя лінейкі, якія завяршылі навучальны год. У Азярцоўскай сярэдняй школе Мінскага раёна ў гэты дзень панавала асаблівае хваляванне — сюды завіталі шматлікія ганаровыя госці, у тым ліку і міністр адукацыі. Ігар Васільевіч Карпенка ўзяў удзел у свяце апошняга званка і рэспубліканскай акцыі “Падары дзіцяці футбольны мяч”.

У Азярцоўскай сярэдняй школе апошні званок празвінеў для 642 навучэнцаў. 16 з іх — выпускнікі. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты былі першымі першакласнікамі ў гісторыі школы. Яны селі за парты ў 2007 годзе, калі школа адкрывалася. 11 гадоў назад з Днём ведаў іх віншаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. А на апошняй лінейцы з віншаваннямі да іх, а таксама ўсіх навучэнцаў, бацькоў і педагогаў звярнуўся міністр адукацыі:

— Якім быў гэты навучальны год? Для першакласнікаў, верагодна, няпростым, бо яны рабілі першыя крокі і ўступалі ў новае школьнае жыццё. Для адзінаццацікласнікаў ён быў апошнім, яны ўжо гатовы выходзіць у самастойнае жыццё, — адзначыў І.В.Карпенка. — Я жадаю выпускнікам у першую чаргу зрабіць правільны і ўсвядомлены выбар прафесіі. Жадаю вам стаць сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны, стварыць моцныя сем’і. І, магчыма, аднойчы вы 1 верасня прыведзяце сваіх дзетак у гэтую школу, каб яны прадоўжылі вашы слаўныя традыцыі. Жадаю ўсім правесці канікулы з карысцю — не толькі адпачыць, але і пачытаць цікавыя кнігі, заняцца спортам.

Працягам урачыстай лінейкі стала акцыя “Падары дзіцяці футбольны мяч”, якая праводзіцца асацыяцыяй “Беларуская федэрацыя футбола” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і з’яўляецца адным з шэрага мерапрыемстваў па папулярызацыі і развіцці дзіцяча-юнацкага і масавага футбола ў Рэспубліцы Беларусь. Штогод на ўрачыстых лінейках, прысвечаных заканчэнню навучальнага года, спартыўныя падарункі атрымліваюць навучэнцы першых класаў устаноў адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці. Акцыя стартавала сем гадоў назад, і за гэты час больш за 100 тысяч беларускіх школьнікаў адправіліся на летнія канікулы з мячом у руках.

У гэтым годзе акцыя праходзіць напярэдадні чэмпіянату свету па футболе. Сёлета больш за 19 000 першакласнікаў у 1641 установе агульнай сярэдняй адукацыі атрымалі ў падарунак футбольныя мячы. Сярод іх і 89 самых юных навучэнцаў Азярцоўскай сярэдняй школы, якім мячы ўручылі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка, старшыня асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Сяргей Мікалаевіч Румас, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Валянцінаўна Апраніч, намеснік старшыні Мінскага райвыканкама Аляксандр Пятровіч Мякіннік, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мінскага райвыканкама Валянціна Васільеўна Астапенка і іншыя ганаровыя госці.

Сяргей Мікалаевіч Румас павіншаваў навучэнцаў школы з заканчэннем навучальнага года і звярнуўся да першакласнікаў:

— Наперадзе ў вас тры месяцы цудоўнага часу. І каб вашы канікулы былі яшчэ больш незабыўнымі, мы падрыхтавалі для вас гэтыя падарункі. Хто ведае, магчыма, пасля таго, як гэтым летам вы будзеце бавіць час з галоўным футбольным атрыбутам, вы вернецеся ў школу з жаданнем займацца менавіта футболам. Магчыма, хтосьці з вас у будучыні апране майку вядучых футбольных клубаў Беларусі і папоўніць рады нашай зборнай.

Для навучэнцаў Азярцоўскай сярэдняй школы такі падарунак надзвычай актуальны. Спорт ва ўстанове любяць. 11 гадоў назад школа адкрывалася менавіта як установа з фізкультурна-эстэтычным ухілам. І сёння яе навучэнцы з задавальненнем займаюцца рознымі відамі спорту. Работа спартыўнай залы распісана з ранку да вечара, у школе дзейнічаюць 16 спартыўных секцый: па баскетболе, валейболе, біятлоне, футболе, ушу, каратэ і інш. Вучні школы не раз дэманстравалі высокія вынікі на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Вельмі любяць тут і футбол, гуляюць у яго з першага класа.

— Я займаюся самба і гімнастыкай, але вельмі люблю гуляць і ў футбол, — дзеліцца ўражаннямі першакласнік Станіслаў Сашко. — Настаўніца нам не расказвала, што нам падораць мячы. Гэта было сапраўдным сюрпрызам. На канікулах я паеду да бабулі ў Вілейку і абавязкова вазьму мяч з сабой. Буду гуляць разам са сваімі сябрамі.

Такі падарунак дапаможа зрабіць лета не толькі яркім і цікавым, але і спартыўным.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.