На каньках першакласнікі

- 15:37Выхаванне

Вучыцца гуляць у хакей ніколі не рана — можна пачынаць з дзіцячага сада. Галоўнае, каб з дзецьмі працавалі прафесіяналы, якія пакажуць, як трэба трымаць клюшку, і навучаць тэхніцы катання. Менавіта такія трэнеры рэалізуюць праект Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь “Хакей ідзе ў школу”.

З прадоўжанкі на каток

Ініцыятыва стартавала ў кастрычніку мінулага года. У якасці пляцовак былі выбраны тры гарады Брэсцкай вобласці, дзе ёсць лядовыя арэны і хакейныя школы, — Івацэвічы, Пружаны і Лунінец. Першым крокам па ўвасабленні праекта стала змяненне вучэбных планаў у дзіцячых садах і пачатковых класах устаноў адукацыі. Цяпер дашкаляты асвойваюць асновы хакея па-за лёдам, а першакласнікі, у дадатак да звыклых заняткаў фізкультурай, наведваюць і ўрокі катання на каньках у мясцовых лядовых палацах. Адной з першых ініцыятыву падтрымала сярэдняя школа № 1 Івацэвіч. Яе дырэктар Алена Віктараўна Церашчук упэўнена: “Хакей ідзе ў школу” дапаможа гарманічнаму фізічнаму развіццю дзяцей і ўмацаванню іх здароўя.

— З такой ідэяй да нас прыйшлі прадстаўнікі федэрацыі хакея Павел Уладзіміравіч Міхед і Антон Мікалаевіч Мартыненка, — расказала Алена Віктараўна. — Мы абмеркавалі дэталі і зацвердзілі план заняткаў. Першапачаткова трэніроўкі былі нацэлены на павышэнне ўзроўню агульнай фізічнай падрыхтоўкі і праводзіліся ў спартыўнай зале. Пасля таго як юныя хакеісты падужэлі, іх пачалі выводзіць на лёд і вучыць асновам катання.

У нашай навучальнай установе заняткі праекта “Хакей ідзе ў школу” наведваюць навучэнцы 1—2 класаў. У другой палове дня дзеці знаходзяцца ў групе прадоўжанага дня. Адтуль іх забірае трэнер і право­дзіць урок у спартыўнай зале. Калі трэніроўка на катку, то навучэнцаў дастаўляе аўтобус. Затым яны вяртаюцца ў прадоўжанку.

Трэба толькі жаданне

У івацэвіцкай сярэдняй школе № 1 сфарміравана група з 21 чалавека, прычым вучацца не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі. Юным хакеістам, якія прыйшлі ў групы пачатковай падрыхтоўкі, прадастаўлена неабходная экіпіроўка і інвентар.

— Дзеці вельмі матываваныя і з задавальненнем наведваюць заняткі, — дадала Алена Віктараўна. — Дарэчы, літаральна на мінулым тыдні прыходзілі трэнеры і мы абмяркоўвалі магчымасць залічэння ўсіх жадаючых малодшакласнікаў у любы час. Івацэвічы — горад невялікі, таму вынікі, якіх дзеці дасягаюць дзякуючы такім праектам, ва ўсіх на слыху. Бацькі хочуць, каб іх дзіця расло здаровым і моцным, таму адда­юць яго ў хакейную секцыю. З боку навучэнцаў водгукі таксама станоўчыя. Рухальная актыўнасць дапамагае ім накіраваць энергію ў патрэбнае рэчышча, а мы падтрымліваем усе ініцыятывы, якія звязаны з умацаваннем здароўя нашых дзяцей.

Яшчэ адзін несумненны плюс — спартыўная экіпіроўка прадастаўляецца на бясплатнай аснове. Акрамя таго, не трэба плаціць ні за падвоз, ні за трэніроўкі — усё гэта бярэ на сябе федэрацыя хакея. Ад дзяцей і іх бацькоў патрабуецца толькі вялікае жаданне навучыцца катацца і гуляць у хакей. Магчыма, менавіта гэтыя заняткі стануць першым крокам у вялікі спорт.

Развіваць праз гульню

У гэтым дапамогуць прафесійныя трэнеры, якія выкарыстоўваюць спецыяльны трэніровачны план, распрацаваны Федэрацыяй хакея Рэспубліка Беларусі. Ён улічвае ўзроставыя і псіхафізічныя асаблівасці дзяцей, а таксама падразумявае забаўляльны фармат, які не дасць засумаваць юным хакеістам. У івацэвіцкай сярэдняй школе № 1 яго рэалізуе Ге­надзь Генадзьевіч Малашчанка. Настаўнік упэўнены: найбольш эфектыўна дзеці развіваюцца праз гульню.

Асноўныя мэты праекта — рост колькасці аматараў хакея, прыцягненне прафесійных трэнерскіх кадраў у рэгіён і павелічэнне загрузкі лядовых арэн.

— Хакей — від спорту з ранняй спецыялізацыяй. Тым не менш важна не перашчыраваць. Некаторыя бацькі лічаць, што чым раней яны аддадуць дзіця ў хакей, тым больш шансаў у яго стаць паспяховым спартсменам. Прамой залежнасці тут мы не заўважаем. Важна, каб дзіця было гатова да заняткаў і фізічна (напрыклад, мела даволі моцныя галёнкаступнёвыя мышцы, здольнасць правільна выконваць практыкаванні), і ментальна (было здольна ўспрымаць інфармацыю, якую даводзіць трэнер). Калі перагрузіць раней часу, падапечны можа і зусім страціць цікавасць да заняткаў, а мы, магчыма, упусцім таленавітага спартсмена.

Таму насычаем заняткі гульнямі: на трэніроўках па агульнай фізічнай падрыхтоўцы часта бегаем у флорбол, праводзім эстафеты. Дзякуючы гэтаму, развіваюцца спрыт, каардынацыя, хуткасць рэакцыі, дысцыпліна, уменне мець зносіны і ўзаемадзейнічаць у калектыве. А заняткі на лёдзе прыносяць істотны аздараўленчы эфект за кошт загартоўвання арганізма.

Спорт як стыль жыцця

Генадзь Генадзьевіч стараецца знайсці падыход да кожнага дзіцяці. На занятках усім удзяляе ўвагу, падбадзёрвае, хваліць, падказвае. Усё робіцца для таго, каб юныя хакеісты ўключаліся ў гэты спорт, чакалі наступнага ўрока.

— Кожнаму дзіцяці мы завялі персанальны дзённічак, у якім ставім адзнакі аб наведванні. Але гэта робіцца хутчэй для матывацыі: кожная адзнака — гэта штамп з выявай хакеіста. Адзнакі ў іх класічным разуменні не выкарыстоўваем, на цяперашні момант наша задача — прыцягнуць да заняткаў як мага больш дзяцей, ства­рыць ім камфортнае асяроддзе для навучання. Магчыма, некаторыя з іх так загарацца хакеем, што вырастуць у прафесійных спартсменаў — статыстычна гэта цалкам верагодна. Але зараз галоўная задача — далучыць дзяцей да спорту як стылю жыцця, таму што тыя якасці, якія яны набудуць на нашых занятках, дапамогуць ім стаць паспяховымі у любой сферы.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.