На кантролі пытанні выплаты заработнай платы, пенсій, адраснай дапамогі

Пытанні ўдасканалення пенсіённага забеспячэння і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва разгледжаны ў час даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай.

Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся ўсімі пытаннямі, звязанымі з пенсіённым забеспячэннем: як растуць пенсіі, якія ёсць прапановы па іх павышэнні, які стан фонду сацабароны. Былі разгледжаны некаторыя аспекты занятасці насельніцтва: узровень беспрацоўя, колькасць вакансій, перанавучанне кадраў. Акрамя таго, абмяркоўвалася своечасовасць выплаты заработнай платы па канкрэтных праблемных прадпрыемствах. Прэзідэнт запатрабаваў, каб пытанням выплаты заработнай платы, а таксама пенсій, адраснай сацыяльнай дапамогі ўдзялялася павышаная ўвага.

Размова ішла таксама аб дзейнасці прадпрыемстваў, якія падведамныя Беларускаму таварыству інвалідаў, і аб тым, як у краіне праводзіцца аздараўленне пажылых грамадзян і інвалідаў.

Разглядалася і дэмаграфічная сітуацыя. Прэзідэнт праінфармаваны, як ажыццяўляецца выплата дапамог сем’ям, у якіх нараджаюцца дзеці. Так, за першае паўгоддзе ў краіне нарадзілася на 1718 дзяцей больш, чым за аналагічны перыяд 2015 года. Паводле слоў міністра, усе дапамогі выплачваюцца ў поўным аб’ёме і своечасова.

Таксама разгледжаны праект указа “Аб пенсіённым забеспячэнні асобных катэгорый ваеннаслужачых” і некаторыя пытанні вылічэння стажу дзяржслужачых.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў падыходзіць вельмі ўзважана і акуратна пры разглядзе розных выключэнняў і льгот для асобных катэгорый грамадзян. “Вы ведаеце мае патрабаванні: што тычыцца грашовых пытанняў, асабліва нейкіх выключэнняў, заахвочванняў, ільгот, тут трэба дзейнічаць акуратна, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — І справа не ў тым, што шкада дапамагчы людзям. Галоўнае, каб мы зноў не разбалансавалі сістэму: калі кагосьці падтрымалі, камусьці льготы прадаставілі — пакрыўдзіліся астатнія катэгорыі. Таму я вас запрасіў, каб вы далажылі мне аб гэтых дакументах, навошта яны патрэбны і ў што выльецца фінансава іх рэалізацыя”.

Як праінфармавала Марыяна Шчоткіна, праект указа “Аб пенсіённым забеспячэнні асобных катэгорый ваеннаслужачых” накіраваны на рэгуляванне пытанняў назначэння пенсій тым, хто быў звольнены з ваеннай службы ў сувязі са скарачэннем колькасці Узброеных Сіл у 1992—1994 гадах. Тады пенсія была назначана ў няпоўным памеры. Пры дасягненні агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, улічваючы невысокі памер ваеннай пенсіі, большасць са згаданых грамадзян разлічвалі перайсці на працоўную пенсію па ўзросце, але ў сувязі з істотнымі змяненнямі ў пенсіённым заканадаўстве ўзніклі некаторыя складанасці. Прэзідэнт пагадзіўся з тым, што павінна быць асобнае рашэнне па гэтым пытанні, якое тычыцца такой катэгорыі грамадзян.

Разгледжаны таксама некаторыя пытанні вылічэння стажу дзяржаўнай службы. Прэзідэнт падтрымаў прапанову аб тым, каб выключыць з кампетэнцыі Мінфіна паўнамоцтвы па дачы тлумачэнняў па пытаннях вылічэння стажу дзяржслужбы, а пакінуць гэтыя паўнамоцтвы за Мінпрацы і сацабароны, каб не было дубліравання функцый у названых двух ведамстваў.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *