На капітальныя і бягучыя рамонты ўстаноў адукацыі Брэстчыны выдаткаваны больш за 33 млн рублёў

- 15:00Актуально, Образование

З рэспубліканскага бюджэту на Брэстчыне прафінансавана пастаўка 62 кабінетаў біялогіі і 77 — працоўнага навучання, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Сістэма адукацыі Брэст­чыны актыўна рыхтуецца да новага навучальнага года.

— 1 верасня ў вобласці расчыняць свае дзверы 449 устаноў дашколь­най, 472 установы агуль­най сярэдняй і 31 установа сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская. — Аптымізацыя закранула 5 дзіцячых садоў і 9 школ, рэарганізаваны 7 устаноў адукацыі. У сельскай мясцовасці будзе арганізаваны падвоз каля 13,2 тысячы вучняў на 313 школьных аўтобусах, у тым ліку на 20 новых.

Сёлета на капітальныя і бягучыя рамонты ўстаноў адукацыі Брэстчыны выдаткаваны больш за 33 млн рублёў. Капітальныя рамонты ажыццяўляюцца ў 42 установах, у тым ліку ў 25 школах і 8 дзіцячых садах, бягучыя — у 244 установах. У падрыхтоўцы да новага навучальнага года задзейнічаны, акрамя пад­радных арганізацый, педагогі, бацькі і шэфскія прадпрыемствы.

На набыццё вучэбнага абсталявання прадугле­джана звыш 11,4 млн рублёў. За кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў набыты 7 камп’ютарных класаў для школ Бярозаўскага, Іванаўскага, Пружанскага і Столінскага раёнаў. З рэспубліканскага бюджэту прафінансавана пастаўка 62 кабінетаў біялогіі і 77 кабінетаў працоўнага навучання.

Летам у Іванаве адкрыўся ўбудавана-прыбудаваны дзіцячы сад на 75 месцаў, а да Дня ведаў будзе ўведзены ў эксплуатацыю дзіцячы сад на 350 месцаў у Брэсце. Акрамя таго, з’явяцца 2 новыя і 5 мадэрнізаваных спартыўных аб’ектаў: спартыўная зала ў сярэдняй школе вёскі Знаменка Брэсцкага раёна, абноўленая шматфункцыянальная пляцоўка ў Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі і інш. Ужо працуе скейт-парк у Ганцавічах. У кастрычніку завершыцца рэканструкцыя Жамчужненскага дзіцячага сада ў Баранавіцкім раёне.

У новым навучальным годзе за школьныя парты сядуць 172,7 тысячы дзяцей, што на 1,1 тысячы больш, чым у мінулым. У 1 клас пойдуць 17,1 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзіцячыя сады прымуць амаль 54 тысячы дашкольнікаў.

У адукацыйным працэсе будуць задзейнічаны каля 16,3 тысячы настаўнікаў, звыш 7,1 тысячы выхавальнікаў і больш за 1,8 тысячы выкладчыкаў ССНУ. Шэрагі педагогаў Брэст­чыны папоўняць каля 570 маладых спецыялістаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара