На караблі любові

Сёння сучасная школа выступае ў якасці таго сацыяльнага інстытута, які непасрэдным чынам адказвае за якасць інтэлектуальнага развіцця дзіцяці. Таму адна з задач работы класнага кіраўніка — развіццё інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў.

Мяняецца час — мяняюцца крытэрыі ацэнкі інтэлектуальных здольнасцей падрастаючага пакалення. Напэўна, няма ні аднаго з бацькоў, хто б не жадаў добрых умоў для гарманічнага развіцця сваіх дзяцей. Бацькі выхоўваюць дзіця на аснове асабістага ўласнага вопыту, а настаўнік — на аснове ведаў педагогікі, псіхалогіі і фізіялогіі. Імклівы рост аб’ёмаў інфармацыі значна павышае патрабаванні да інтэлектуальнай дзейнасці і пазнавальных здольнасцей нашых дзяцей.

Крытычнае мысленне — гэта адзін з відаў інтэ­лектуальнай дзейнасці чалавека, які характарызуецца высокім узроўнем успрымання, разумення, аб’ектыўнасці падыходу да інфармацыі, якая яго акружае. Тэхналогію развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо ўжо шмат гадоў выкарыстоўваю не толькі на ўроках, але і на класных гадзінах. Крытычнае мысленне ёсць самастойнае мысленне чалавека, якое пачынаецца з пастаноўкі пытанняў, якія неабходна вырашыць. Гэта апорны пункт для мыслення дзіцяці, які забяспечвае натуральнае ўзаемадзеянне з інфармацыяй. Крытычнае мысленне з’яўляецца мысленнем ацэначным і рэфлексіўным. Яно развіваецца шляхам накладання новай інфармацыі на асабісты жыццёвы вопыт. У гэтым адрозненне крытычнага мыслення ад мыслення творчага, якое прадугледжвае прадуцыраванне новых ідэй. Але правесці дакладную мяжу паміж крытычным і творчым мысленнем складана, бо крытычнае і творчае мысленне развіваюцца ў сінтэзе.

Тэхналогія развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо (РКМЧП) уяўляе сабой цэласную сістэму, якая накіравана на тое, каб зацікавіць вучня, абудзіць у ім актыўнасць, дапамагчы яму творча пера­працаваць і абагульніць атрыманыя веды.

Гэтая тэхналогія накіравана на дасягненне адукацыйных вынікаў: задаваць пытанні, самастойна фармуляваць гіпотэзу; вырашаць праблемы; выпрацоўваць сваё меркаванне на аснове асэнсавання рознага вопыту, ідэй і ўяўленняў. Упэўнена, што гэтую тэхналогію эфектыўна выкарыстоўваць і ў выхаваўчых мэтах.

Вось адна з класных гадзін, якую, з’яўляючыся класным кіраўніком, праводзіла ўжо не ў адным класе. Кожны раз штосьці мяняю, але ў аснове работы на класнай гадзіне адзін і той жа тэкст, з якім працуюць навучэнцы.

Мэта класнай гадзіны: развіццё інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў сродкамі тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення.

Задачы класнай гадзіны:

— стварыць умовы для абмеркавання з навучэнцамі сямейных каштоўнасцей, станоўчых момантаў у жыцці і традыцыях сям’і; развіцця ўсвядомленага разумення сямейных каштоўнасцей; развіццё крытычнага мыслення;

— забяспечыць развіццё творчых здольнасцей, умення аналізаваць і прагназаваць падзеі;

— садзейнічаць развіццю ўменняў працаваць у групе; уменняў слухаць адно аднаго, аналізаваць тэкст;

— спрыяць развіццю якасцей асобы навучэнцаў: узаемадапамогі, уважлівасці, паважлівых адносін, талерант­насць; развіваць любоў да сям’і.

Перад пачаткам класнай гадзіны настаўнік прапануе навучэнцам вы­браць сабе жэтоны (скручаныя ў трубачку палоскі паперы, на якіх запісаны адзі­н з варыянтаў словазлучэнняў: “дзіця вучыцца”, бацькі прыклад, “карабель любові”, за справы свае ў адказнасці). У залежнасці ад зместу словазлучэння навучэнцы разыходзяцца ў групы, рассаджваюцца за парты. Пры вялікай колькасці навучэнцаў коль­касць груп павялічваецца. На дошцы напісана слова “Тэма”. На кожным стале ў групы навучэнцаў — карцінка алоўкам: — выява карабля. Настаўнік гаворыць, што гэтая карцінка мае дачыненне да класнай гадзіны. Навучэнцам неабходна за адну мінуту прыдумаць назву класнай гадзіны. Усе версіі навучэнцаў настаўнік запісвае на дошцы справа. А слова “Тэма” застаецца без працягу запісу. Настаўнік гаворыць, што ў канцы класнай гадзіны яны звераць прагноз назваў.

Потым настаўнік прапануе навучэнцам прыём “Чытанне са спыненнямі”. Настаўнік чытае тэкст, робіць перапынкі. Пытаецца ў навучэнцаў: пра што быў тэкст, як яны гэта разумеюць. Абмяркоўваюцца адказы навучэнцаў. Далей настаўнік прапануе зрабіць прагноз, што далей будзе ў тэксце, і просіць навучэнцаў сцісла запісаць гэта на лістку.

Настаўнік зноў чытае тэкст і робіць некалькі спыненняў і прапануе навучэнцам тыя ж заданні. У залежнасці ад узросту навучэнцаў, сацыяльнага складу настаўнік чытае ўвесь тэкст ці часткова. Потым прапануе навучэнцам ацаніць свой прагноз. Пытаецца, ці супалі іх здагадкі пра тое, што далей было ў тэксце. Потым кожны навучэнец атрымлівае копію тэксту.

Ребенок учится тому, Что видит у себя в дому: Родители пример ему. Кто при жене и детях груб, Кому язык распутства люб, Пусть помнит, что с лихвой получит От них все то, чему их учит. Теперь вести себя прилично Не в моде стало, и обычно И женский пол, себя позоря, Стал срамословить в разговоре. Мужья — пример для жен своих, А дети учатся у них: Там, где аббат не враг вина, Вся братия пьяным-пьяна! Что говорить, — спокон веков Полно на свете дураков!  Не волк воспитывал овец, Походку раку дал отец. Когда родители умны И добродетельно скромны, То благонравны и сыны. Попался как-то Диогену Какой-то пьяный совершенно, Впервые встреченный юнец “Сынок, — сказал ему мудрец, — Ты, вижу, весь в отца родного: Бьюсь об заклад —  он раб хмельного!” Коль видят нас и слышат дети, Мы за дела свои в ответе И за слова: легко толкнуть Детей на нехороший путь. Держи в приличии свой дом, Чтобы не каяться потом.  

Настаўнік просіць навучэнцаў прачытаць тэкст і падкрэсліць толькі два радкі, якія кожны з іх лі­чыць самымі важнымі ў гэтым тэксце. Просіць іх зачы­таць. Настаўнік пытаецца, у каго выбраныя радкі супалі з тэкстам жэтонаў, якія яны выбралі ў пачатку ўрока. Потым навучэнцы думаюць над пытаннямі “Што я цаню ў сваёй сям’і? За што я яе люблю?” і запіс­ваюць у сябе на лісце. Далей настаўнік прапануе на­зваць штосьці адно з напісанага. Навучэнцы выказваюць меркаванне, як даўно гэты твор быў напісаны. Паведамляе, што напісаны ў ХV стагоддзі Себасцьянам Брантам.

Далей настаўнік арганізоўвае работу навучэнцаў у групе, прапануе заданне. Навучэнцы павінны размеркаваць абавязкі: ”мастак” будзе размалёўваць у колеры карабель, “пісар” — запісваць каля малюнка каштоўнасці кожнага ў групе, якія запісаны ў навучэнцаў на лістках, “аратар” — выступаць перад класам, яму трэба будзе назваць пяць самых важных каштоўнасцей, якія выбрала група. У групе неабходна абмеркаваць запісы на лістках у кожнага, абагульніць, сцісла сфармуляваць і аформіць малюнак.

На наступным этапе навучэнцы перад класам афішыруюць свае работы.

Настаўнік просіць навучэнцаў падумаць і напісаць на лісце, якія каштоўнасці і традыцыі сваёй сям’і яны хацелі б захаваць для сваіх будучых сем’яў. Жадаючыя называюць класу, што запісалі. Настаўнік абагульняе сказанае навучэнцамі, звяртае ўвагу на тое, што іх бацькі ўсё самае лепшае ўзялі ад сваіх бацькоў. Звяртае ўвагу, якія прыгожыя караблі ў іх атрымаліся. Гэтыя караблі адпраўляюцца ў плаванне з цэнным грузам — сямейнымі каштоўнасцямі і традыцыямі.

А потым настаўнік прапануе навучэнцам пагля­дзець на правую частку дошкі, назваць свае прагнозы, пра што будзе класная гадзіна, як яна будзе называцца. Настаўнік яшчэ раз просіць паглядзець на словы ў жэтонах і пытаецца ў навучэнцаў: “Якога выразу не было ў тэксце?”. Навучэнцы адказваюць: “Карабель любові”. Настаўнік паведамляе, што гэта назва твора, з якім сёння працавалі.

Настаўнік расказвае навучэнцам пра тое, што ёсць “закон пустаты”. Пустата заўсёды павінна быць запоўнена. А на дошцы засталося пустое месца. Настаўнік звяртае ўвагу навучэнцаў, што на дошцы ўвесь гэты час было напісана слова “Тэма”, але тэма класнай гадзіны не была названа. Навучэнцам прапануецца даць назву класнай гадзіне. Яны выказваюць свае прапановы. Часцей за ўсё гэта “Карабель любові”. Далей настаўнік прапануе навучэнцам падумаць, з усіх каштоўнасцей, што былі названы на ўроку, што для іх самае важнае ў сям’і. Напісаць гэта на другім баку жэтона, скруціць у трубачку. І па “законе пустаты” напоўніць гэтымі жэтонамі “залатую” скрыначку ў руках настаўніка. Настаўнік трымае ў руках скрыначку, а навучэнцы па адным падыходзяць, гавораць, што напісана на жэтоне, і кладуць яго ў скрыначку.

Гэтую ж класную гадзіну можна пачаць з назвы. Напісаць на дошцы “Карабель любові”. Папрасіць навучэнцаў выказаць іх здагадкі пра тэму класнай гадзіны. Прапанаваць намаляваць карабель. А пасля работы з тэкстам дапісаць каля малюнка каштоўнасці сям’і і потым афішыраваць.

Альтэрнатывай гэтаму пачатку можа быць заданне сабраць разрэзаныя 4 радкі па рыфме. Тым самым матываваць навучэнцаў на далейшае чытанне тэксту. Толькі ўжо змяніць прыём ТРКМ для работы з тэкстам. Прапаную прыём “Інсерт”, адаптаваны да гэтага тэксту. Навучэнцам прапануецца прачытаць тэкст, робячы паметкі на палях. (+) — з гэтым я згодны, (-) — з гэтым не згодны, (?) — гэта мяне здзівіла, (v) — пра гэта я хацеў бы пагаварыць. Пасля прачытання настаўнік прапануе паэтапна паметкі, навучэнцы называюць, дзе ў тэксце была зроблена паметка. Настаўнік арганізоўвае абмеркаванне. Рэфлексію можна правесці, выкарыстоўваючы прыём “Інсерт”. Думаю, тэхніка прыёму ўсім вядома, яе можна лёгка знайсці на прасторах інтэрнэту. А пацірадкоўе атрымліваецца прыгожае.

дзеці (юнак) вясёлыя, шчаслівыя бачаць, чуюць, бяруць прыклад Што бачаць у сябе дома? Каштоўнасцьбацькі сціплыя, добрапрыстойныя атрымае, вучаць, не каяцца Няхай памятае, што з лішкам атрымае (Мы за справы свае ў адказнасці) прыклад

Караблік можна не маляваць, а прапанаваць навучэнцам кожнаму зрабіць караблік з паперы ў канцы ўрока, напісаць на ім самую важную каштоўнасць у сям’і і паставіць на асобным стале. Зрабіць фотаздымак і адправіць бацькам.

Сем гадоў назад пасля класнай гадзіны вучань сказаў мне: “Вы для бацькоў такую гадзіну правядзіце”. Так нарадзіўся бацькоўскі сход з такой жа назвай. Пасля мама таго ж вучня папрасіла тэкст, каб прачытаць мужу. Значыць, “зачапіла”. Для бацькоў была прапанавана работа з тэкстам на выбар дзеясловаў, з якіх складаліся новыя тэксты. Цяпер у мяне новы клас. І бацькі ў мінулым годзе з задавальненнем працавалі над малюнкамі “Карабель любові”. Сход скончыўся позна. Не паспела вечарам прыняць малюнкі бацькоў з дошкі. А раніцай, калі ў клас прыйшлі дзеці, прыемна было чуць воклічы дзяцей: “Гэта мая мама малявала, гэта мой тата маляваў”. “А адкуль ведаеце?” — пытаюся. “Бацькі расказвалі”, — гавораць. Вось вам і галоўная каштоўнасць у сям’і — размаўляць адно з адным, мець зносіны, расказваць пра перажытае. І адзін з законаў жыцця — “закон пустаты” — пустата заўсёды павінна быць запоўнена. У пустым доме павінны з’явіцца дзеці, у дзіцячым сэрцы — любоў, а ў душы — вера, што цябе любяць.

Алена ГАРБАР,
класны кіраўнік 6 класа сярэдняй школы № 42 Мінска, член клуба “Крыштальны журавель”.