На карысць айчыннай малочнай прамысловасці

У Інстытуце мяса-малочнай прамысловасці прайшоў III Рэспубліканскі конкурс на лепшую навукова-даследчую работу сярод студэнтаў і навучэнцаў. Першае месца і дыплом I ступені атрымаў калектыў аўтараў Слуцкага дзяржаўнага каледжа ў складзе навучэнца Дзяніса Курылы і педагогаў установы. Перамога тым больш важкая, што ўсе сапернікі ў конкурсе былі знакамітымі. У конкурсе прынялі ўдзел Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, Мінскі дзяржаўны абласны каледж, Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж, Слуцкі дзяржаўны каледж.

Як паведаміў дырэктар Слуцкага дзяржаўнага каледжа Барыс Браніслававіч Блахін, ва ўстанове створаны ўсе ўмовы для паспяховай навукова-даследчай работы педагогаў і навучэнцаў. Матэрыяльна-тэхнічная база каледжа пастаянна ўмацоўваецца сучасным абсталяваннем, змест навучання скіраваны на развіццё творчасці навучэнскай моладзі, рэалізацыю яе даследчых схільнасцей. У каледжы выпусцілі не аднаго маладога спецыяліста, які ў далейшай працоўнай дзейнасці выкарыстоўвае свае даследчыя веды і навыкі і ўжо на вытворчасці развівае сваю навукова-даследчую работу. Педагогі і навучэнцы Слуцкага дзяржаўнага каледжа штогод прымаюць удзел у конкурсах навукова-даследчых работ, міжнародных навукова-практычных семінарах па тэме інавацыйных тэхналогій і абсталявання для малочнай прамысловасці. Набыты вопыт выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе.

Па ­словах дырэктара Б.Б.Блахіна, для адкрыцця перспектыў у даследаванні і навуковай дзейнасці каледж наладзіў цеснае супрацоўніцтва з Інстытутам мяса-малочнай прамысловасці. Для правядзення даследаванняў у гэтай галіне інстытут прадастаўляе каледжу неабходную сыравіну, у прыватнасці, канцэнтраваныя закваскі для вырабу малочных прадуктаў. Яны атрыманы на аснове камбінацыі прадуктаў з Рэспубліканскай калекцыі прамысловых штамаў заквасачных культур, вырабленых інстытутам.

Намеснік дырэктара каледжа А.М.Матусевіч расказала, што даследчая работа вялася педагогамі і навучэнцамі ў лабараторыі навучальнай установы. У працэсе даследавання вывучаўся ўплыў віду закваскі на атрыманне згустку, яго кіслотнасць, выхад тварагу, ­якасць гатовага прадукту.

— Даследчая работа дазваляе развіваць творчы падыход у навучэнцаў, выхоўвае ў іх захопле­насць справай і тым самым вя­дзе да высокай выніковасці работы маладых спецыялістаў у далейшай дзейнасці на вытворчасці, — адзначыла Ала Мікалаеўна. — Удзел нашых выхаванцаў у конкурсах па навукова-даследчай рабоце дазваляе актывізаваць даследчую дзейнасць навучэнцаў, павысіць ­якасць практычнай падрыхтоўкі, выявіць і падтрымаць таленавітую моладзь.

Для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе была выбрана тэма “Вывучэнне ўплыву асобных фактараў на выхад і якасць гатовага прадукту пры вырабе тварагу кіслотным спосабам”. Над гэтай тэмай працаваў калектыў педагогаў і навучэнцаў каледжа. У выніку праведзенай работы права прадстаў­ляць каледж на конкурсе было даверана навучэнцу 2 курса Дзянісу Курылу і педагогам А.М.Матусевіч, Л.У.Абрацін­скай, Л.А.Марозавай, А.М.Багдашыч.

Як расказала навуковы кіраўнік навучэнца Л.А.Марозава, у працэсе даследавання Дзяніс праявіў актыўнасць і ціка­васць да прадстаўленай тэмы, вывучаў уплыў віду закваскі, актыўнай кіслотнасці згустку і бялковых дабавак на тэхналогію вырабу абястлушчанага тварагу, выхад і якасць гатовага прадукту. У ходзе даследчай работы навучэнец вызначаў фізіка-хімічныя і мікрабіялагічныя паказчыкі вырабленага тварагу ў пачатку і ў канцы тэрміну захоўвання. Таксама вызначаўся сабекошт тварагу з выкарыстаннем заквасак, вырабленых у Інстытуце мяса-малочнай прамысловасці. Па выніках даследаванняў было вызначана, што выкарыстанне заквасак, прапанаваных інстытутам, дазваляе атрымаць малочныя прадукты высокай якасці з доўгім тэрмінам захоўвання і ўстойлівым смакам. Іх бяспека адпавядае патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза “Аб бяспецы малака і малочнай прадукцыі”. Улічваючы іх павышаную біялагічную каштоўнасць і адпаведныя паказчыкі, такія малочныя прадукты будуць карыстацца попытам у спажыўцоў, асабліва ў тых, хто прытрымліваецца здаровага ладу жыцця.

Дзяніс Курыла ў ходзе даследчай работы праявіў актыўнасць, самастой­насць, цікавасць да прадстаўленай тэмы, прадэманстраваў свае ўласныя меркаванні ў даследаванні, праявіў уменні рабіць высновы і прапановы ў працэсе выканання заданняў па навукова-даследчай рабоце.

Экспертная камісія дасканала вывучыла прадстаўленыя работы канкурсантаў і кожнай з іх дала адпаведную ацэнку. Самую высокую атрымаў Дзяніс Курыла. Пры ўручэнні навучэнцу дыплома I ступені дырэктар Інстытута мяса-малочнай прамысловасці А.У.Меляшчэня падзякаваў юнаму даследчыку і педагогам Слуцкага дзяржаўнага каледжа за высокі ўзровень прадстаўленай работы і выказаў спадзяванне, што даследаванні каледжа па гэтай тэме прынясуць карысць айчыннай малочнай прамысловасці.

Ала КЛЮЙКО.