На карысць дзецям

- 11:56Спецыяльная адукацыя

Актуальныя пытанні арганізацыі работы з дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, на ўзроўні дашкольнай адукацыі былі разгледжаны на пасяджэнні Савета кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь у Віцебску.

У сустрэчы прынялі ўдзел начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Антаніна Змушко, спецыяліст аддзела Алена Муліца, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Леанід Сцяпанаў, прадстаўнікі органаў кіравання адукацыяй абласнога цэнтра і яго раёнаў.
Першай удзельнікаў пасяджэння прымала Віцебская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху. Госці азнаёміліся з гісторыяй, традыцыямі і дасягненнямі ўстановы адукацыі, вопытам работы дашкольнага аддзялення па навучанні і выхаванні дзяцей з парушэннем слыху.
— Наш калектыў мэтанакіравана імкнецца да павышэння якасці вучэбнага працэсу, пашырэння прасторы і інтэнсіўнасці ўзаемадзеяння са спецыялістамі, якія працуюць з гэтай катэгорыяй дзяцей, — адзначыла дырэктар школы-інтэрната Святлана Алексяевіч. — Так, мы з’яўляемся адной з пляцовак рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Апрабацыя мадэлі рэсурснага цэнтра ва ўстановах спецыяльнай адукацыі”. Пры стварэнні цэнтра асноўнай яго мэтай ставілася арганізацыя адзінай карэкцыйнай прасторы ў рэгіёне ў дачыненні да навучэнцаў з парушэннем слыху. Мы абапіраліся на два ўзаемазвязаныя кампаненты: тэарэтычныя асновы работы з дзецьмі з парушэннем слыху і практычны вопыт нашых педагогаў, якія стараюцца перадаць свае веды, унесці змяненні ў карэкцыйную работу. Такім чынам, рэсурсны цэнтр уяўляе сабой комплекс, які валодае кадравымі, інфармацыйнымі, навукова-метадычнымі сродкамі і аказвае кансультацыйную і метадычную дапамогу педагогам і бацькам.
Як паведаміла Святлана Валер’еўна, цэнтр вядзе практычную, метадычную і арганізацыйную работу. Пры ім пастаянна дзейнічае семінар-практыкум, арганізаваны разам з Віцебскім абласным цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Немалаважнае значэнне, упэўнена дырэктар, мае стварэнне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння з установамі, зацікаўленымі ў супрацоўніцтве для рэалізацыі педагагічных інавацый, адукацыйных праектаў і праграм для дзяцей з парушэннем слыху. Складзены электронныя каталогі метадычных матэрыялаў для спецыялістаў, інфармацыйных матэрыялаў для бацькоў навучэнцаў; цеснае і плённае супрацоўніцтва з Віцебскім абласным цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання дапамагае стварыць умовы для абмену станоўчым вопытам з калегамі, прычым не толькі з Віцебска і вобласці, але і з усёй рэспублікі. На думку кіраўніка, такая арганізацыя дзейнасці цэнтра бачыцца найбольш эфектыўнай, паколькі дазваляе пашыраць межы супрацоўніцтва з улікам спецыфікі партнёраў.
Аб стане, праблемах і перспектывах арганізацыі работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на ўзроўні дашкольнай адукацыі ў рэгіёне расказала дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра карэкцыйна- развіццёвага навучання і рэабілітацыі Марынэ Фёдарава. Па яе словах, на Віцебшчыне пражывае больш за 16,3 тысячы дзяцей з АПФР (з іх дзяцей-інвалідаў каля 1,2 тысячы), што складае амаль 8 працэнтаў ад колькасці дзіцячага і падлеткавага насельніцтва вобласці. На сёння ў рэгіёне дзейнічае эфектыўная сетка адукацыйных устаноў на ўзроўні дашкольнай і агульнай сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На ўзроўні дашкольнай адукацыі ў Віцебску функцыянуюць 4 спецыяльныя ўстановы, у якіх створаны групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення (у тым ліку з заіканнем), парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, інтэлектуальнай недастатковасцю, парушэннямі псіхічнага развіцця (цяжкасцямі ў навучанні), і дашкольнае аддзяленне школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху. Акрамя таго, у вобласці адкрыта 98 спецыяльных груп, 158 груп інтэграванага навучання і выхавання, 197 пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі; 19 дзяцей дашкольнага ўзросту вучацца дома.
— Віцебшчына мае найменшую колькасць спецыяльных школ: акрамя ўзгаданай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху, дзейнічаюць 3 дапаможныя школы (школы-інтэрнаты)— Бягомльская Докшыцкага раёна, № 24 Оршы і № 26 Віцебска. Дрэнна гэта ці добра? Калі разглядаць у рамках сённяшніх тэндэнцый, напэўна, гэта першыя крокі на шляху да інклюзіі, — лічыць Марынэ Фёдарава. — На цяперашні час 70 працэнтаў дзяцей, якія маюць патрэбу ў атрыманні спецыяльнай адукацыі, вучацца ў структурах інтэграванага тыпу. У адпаведнасці з запытамі бацькоў павялічваецца колькасць спецыяльных і інтэграваных груп, класаў ва ўстановах адукацыі. Сярод устаноў дашкольнай адукацыі ў галіне 37 вызначаны як апорныя для арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання.
Аналіз кадравага патэнцыялу дае падставу канстатаваць ва ўстановах спецыяльнай адукацыі стабільны кадравы склад, што дазваляе граматна ажыццяўляць адукацыйны працэс. Пераважная большасць настаўнікаў-дэфектолагаў у спецыяльных дашкольных установах і ўстановах дашкольнай адукацыі Віцебскай вобласці маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Аддзеламі адукацыі, спорту і турызму праводзіцца значная работа па абнаўленні і ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, для чаго прыцягваюцца як бюджэтныя, так і пазабюджэтныя і спонсарскія сродкі. Многія дапаможнікі зроблены рукамі педагогаў. Створанае ў спецыяльных установах дашкольнай адукацыі прадметнае асяроддзе ўключае ў сябе аптымальныя ўмовы для паўнацэннага ўсебаковага развіцця дзяцей. Педагогі сістэмы спецыяльнай адукацыі вобласці актыўна выкарыстоўваюць здароўезберагальнае, дыферэнцыраванае і гульнявое навучанне, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, метад нагляднага мадэлявання, элементы лагарытмікі. Вядзецца планамерная работа з бацькамі, якія з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Штогод павялічваюцца колькасныя паказчыкі выкарыстання стандартнага і спецыяльнага абсталявання; 9 устаноў адукацыі забяспечана камплектамі абсталявання для арганізацыі дыстанцыйнага навучання асоб з АПФР.
— З мэтай павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у рэгіёнах вобласці праводзіцца сістэмная метадычная работа. Віцебскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі выкарыстоўвае ў сваёй практыцы розныя метадычныя формы, — акцэнтавала ўвагу дырэктар установы. — Сярод найбольш цікавых хачу адзначыць педагагічны фестываль “На шляху пазнання дзіцяці”. Таксама праводзяцца семінары, семінары-практыкумы, інструктыўна-метадычныя нарады, круглыя сталы. Вынікі праведзеных мерапрыемстваў аналізуюцца цэнтрам, распрацоўваюцца метадычныя рэкамендацыі, рэкамендуецца да ўкаранення і распаўсюджваецца перадавы педагагічны вопыт. У практыцы работы настаўнікаў-дэфектолагаў актыўна выкарыстоўваецца вопыт, назапашаны ў горадзе, вобласці, рэспубліцы. Якасць адукацыйнага працэсу ў спецыяльных дашкольных установах вызначаецца самым галоўным — выніковасцю работы з дзецьмі. Па выніках маніторынгу за 2013/2014 навучальны год выпушчана 138 дзяцей, з іх працягнулі навучанне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі (і выправілі парушэнні) — 12,3%, у пунктах карэкцыйна-педагагічнай дапамогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі — 66,7, спецыяльных агульнаадукацыйных і дапаможных школах — 6,5, спецыяльных класах — 7,3, класах інтэграванага навучання і выхавання — 6,5; спецыяльных класах ЦКРНіР — 0,7%.
У рамках пасяджэння адбыўся дыялог “Арганізацыя работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на ўзроўні дашкольнай адукацыі”. Як расказала намеснік старшыні Савета кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь Таццяна Жук, на абмеркаванне ў групах былі вынесены: пытанне мэтазгоднасці змяненняў у вучэбных планах спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі; вопыт работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту розных назалагічных груп па складанні вучэбных планаў, вядзенні дакументацыі, варыянтах планавання; стварэнне дапаможнікаў для карэкцыйна-педагагічнай работы з дзецьмі з мэтай рэалізацыі спецыяльных праграм на ўзроўні дашкольнай адукацыі; стварэнне адаптацыйнага адукацыйнага асяроддзя для дзяцей з рознымі парушэннямі ў развіцці; выкарыстанне ІКТ-тэхналогій ва ўстановах дадатковай адукацыі.
— Мы разглядаем раннюю дапамогу ў сістэме спецыяльнай адукацыі і якасную дашкольную адукацыю як вельмі важную частку спецыяльнай адукацыі, — адзначыла Антаніна Змушко. — Своечасовая дапамога дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў многіх выпадках вядзе да таго, што такое дзіця выключаецца з нашага банка даных — хлопчык ці дзяўчынка выходзяць на норму і вучацца ў звычайнай школе. Безумоўна, у гэтым адукацыйным сегменце складваецца пэўнае праблемнае поле, узнікаюць пытанні, якія патрабуюць узважанага вырашэння. Так, на цяперашні момант актуальнымі з’яўляюцца пытанні, звязаныя з карэкціроўкай вучэбных планаў. У нас ёсць розныя віды спецыяльных дашкольных устаноў, і для кожнага напрамку работы вучэбныя планы крыху адрозніваюцца. Разам з тым маюць месца асобныя моманты па адукацыйных галінах, колькасці гадзін, карэкцыйных занятках, у якія, магчыма, варта ўнесці некаторыя змяненні — яны будуць спрыяць больш якаснай арганізацыі адукацыі на гэтым узроўні. Таксама мы наведаем установы дашкольнай адукацыі Віцебска і паглядзім адукацыйнае асяроддзе, створанае для розных катэгорый дзяцей з асаблівасцямі. Гэта не менш важна, каб для асаблівага дзіцяці былі створаны спецыяльныя спрыяльныя ўмовы.
— У сістэме спецыяльнай адукацыі няма выпадковых людзей — гэта тычыцца работнікаў, а ў большай ступені — кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі, — звяртаючыся да дырэктараў, падкрэсліў Леанід Сцяпанаў. — Сёння менавіта кадры — наш самы галоўны рэсурс. Дзейнасць сучаснага кіраўніка грунтуецца на такіх прыярытэтах, як канкурэнтаздольнасць, кампетэнтнасць, самаарганізацыя, самакіраванне, карпаратыўная культура, рынак адукацыйных паслуг, сацыяльнае партнёрства. Яна патрабуе поўнай самааддачы, найвышэйшага прафесіяналізму і кампетэнтнасці. Вялікі вам дзякуй за вашу працу. Спадзяюся, што прапановы, выказаныя падчас пасяджэння ў Віцебску, паспрыяюць развіццю і павышэнню якасці спецыяльнай адукацыі і, галоўнае, паслужаць на карысць нашым дзецям.
Прадстаўнікі дырэктарскага корпуса наведалі спецыяльны дзіцячы сад № 18 для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, спецыяльны дзіцячы сад № 25 “Крынічка” і сярэднюю школу № 46 Віцебска, Віцебскі гарадскі цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
Па выніках сустрэчы вырашана абагульніць прапановы па вядзенні дакументацыі ў спецыяльных дашкольных групах і групах інтэграванага навучання і выхавання з наступным прадастаўленнем у аддзел спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Прынята рашэнне прадставіць у міністэрства і прапановы па карэкціроўцы вучэбных планаў спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі. Таксама будзе падрыхтавана інфармацыя аб наяўнасці дапаможнікаў для карэкцыйна- педагагічнай работы з дзецьмі з АПФР з мэтай рэалізацыі спецыяльных праграм на ўзроўні дашкольнай адукацыі, распрацаваны рэкамендацыі па стварэнні адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для дзяцей з рознымі парушэннямі развіцця, актывізавана работа па стварэнні электронных сродкаў навучання для работы з дзецьмі з АПФР ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Удзельнікі пасяджэння адобрылі прапанову хадайнічаць аб унясенні змяненняў у дзеючыя тыпавыя штаты дашкольных устаноў у частцы ўвядзення пасады музычнага кіраўніка і кіраўніка фізічнага выхавання з улікам спецыфікі спецыяльнай дашкольнай установы. На стадыі абмеркавання застаецца пытанне аб мэтазгоднасці замены вучэбнага прадмета “Фізічная культура і здароўе” на прадмет “Адаптыўная фізічная культура” ў спецыяльных агульнаадукацыйных і дапаможных школах (школах-інтэрнатах) з наступнай падрыхтоўкай інфармацыі для разгляду ў Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.