На карысць харчовай прамысловасці

Універсітэцкая навука ў апошні час дынамічна развіваецца. Вучоныя маюць значныя вынікі па розных напрамках навуковых даследаванняў, многія з якіх актыўна ўкараняюцца ў вытворчасць. Свой важкі ўклад у агульныя дасягненні ўносіць і Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання.

За саракагадовую гісторыю ў гэтай навучальнай установе назапашаны багаты вопыт як у падрыхтоўцы спецыялістаў высокай кваліфікацыі, так і ў ажыццяўленні навукова-даследчай дзейнасці. Вучоныя ўніверсітэта плённа працуюць у розных кірунках, а іх даследаванні арыентаваны на інтэграцыю адукацыі, навукі і вытворчасці.
Сёння ва ўніверсітэце дзейнічаюць навуковыя школы па розных напрамках: тэхналогія перапрацоўкі харчовай сыравіны, тэхналогія перапрацоўкі жывёльнай сыравіны, тэорыя і тэхніка закручаных патокаў і распрацоўка высокаэфектыўных апаратаў з актыўнай гідрадынамікай, тэхніка і тэхналогія перапрацоўкі збожжавай сыравіны, цеплафізічныя ўласцівасці рэчываў і матэрыялаў, фізічная хімія валокнаўтваральных палімераў, хімічная тэрмадынаміка арганічных злучэнняў, хімія і тэрмадынаміка галагенідаў металаў і іх каардынацыйных злучэнняў, сельскагаспадарчае машынабудаванне. І пра кожную з гэтых школ ёсць што расказаць. Узяць, напрыклад, школу тэхнікі і тэхналогіі перапрацоўкі расліннай сыравіны, заснавальнікам і кіраўніком якой з’яўляецца доктар тэхнічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Зоя Васіленка.

Прафесійны шлях Зоі Васільеўны складае ўжо больш за паўвека, і ўвесь гэты час яна нястомна працуе над вырашэннем праблем харчовай галiны. Пад яе кiраўнiцтвам распрацавана і перададзена для ўкаранення ў вытворчасць больш за 80 тэхналогiй і рэцэптур харчовых вырабаў. Толькі за апошнія пяць гадоў з лабараторыі Зоі Васільеўны выйшлі 27 новых вiдаў прадуктаў функцыянальнага прызначэння, якiя асвоены на айчынных прадпрыемствах.
Вынаходніцтвы заключаюцца пераважна ў тэхналогіях харчовых прадуктаў на аснове беларускай натуральнай расліннай сыравіны, якая змяшчае біялагічна актыўныя рэчывы і валодае высокімі паказчыкамі якасці. Гэта нiзкакаларыйныя маянэзы, маянэзы з кан’югіраванай ліналенавай кіслатой, соусы, кетчупы, мучныя кандытарскiя вырабы, дэсертныя i аздабленчыя крэмы, марожанае, тварожныя сыркі і цукеркі з натуральнымі дабаўкамі. На СП “Камака плюс” укаранёны тэхналогіі вытворчасці і рэцэптуры Зоі Васіленка ў выглядзе разнастайных маянэзаў, кетчупаў і таматных соусаў з агульным эканамічным эфектам 120 млн рублёў. Такі ж прыбытак прыносяць распрацоўкі Зоі Васільеўны Магiлёўскай на фабрыцы марожанага, кандытарскай фабрыцы “Іўкон”, ААТ “Мажэліт”.

Не менш дасягненняў і ў прадстаўніцы навуковай школы ў галіне перапрацоўкі харчовай расліннай сыравіны Валянціны Цімафеевай. Яна кіруе навуковым напрамкам па стварэнні новых відаў кансерваў прафілактычнага і функцыянальнага прызначэння, у тым ліку дзіцячага харчавання на аснове мясцовай сыравіны. Варта адзначыць, што гэтае кіраўніцтва ў яе атрымліваецца проста выдатна.
Мяркуйце самі, Валянціна Мікалаеўна з’яўляецца аўтарам больш як 200 навуковых і метадычных работ. Большасць яе распрацовак асвоена на Быхаўскім кансервава-агароднінасушыльным заводзе, Маларыцкім кансервава-агароднінасушыльным камбінаце, Барысаўскім кансервавым заводзе, Віцебскім плодаагароднінным камбінаце, Глыбоцкім кансервавым заводзе. Гэта дазволіла прадпрыемствам часткова вырашыць пытанні імпартазамяшчэння. Распрацоўкі Валянціны Цімафеевай адзначаны залатым медалём і дыпломам “Лепшы інавацыйны праект і навукова-тэхнічная распрацоўка года” на Міжнародным конкурсе “Залаты слоік — 2009”.
— Адна з найважнейшых нашых распрацовак — тэхналогія вытворчасці соказмяшчальнай прадукцыі, якая валодае павышанымі паказчыкамі якасці і бяспекі, — распавядае Валянціна Мікалаеўна. — Гэтая распрацоўка вельмі актуальная, бо яна дае магчымасць вырабляць напоі з утрыманнем соку з айчыннай сыравіны і такім чынам спрыяе выцясненню з нашага рынку падобнай замежнай прадукцыі, часцяком невысокай якасці і шкоднай для здароўя.
Дарэчы, распрацоўка Валянціны Цімафеевай — “Морс чарнаплоднарабінавы”, які ўкаранёны ў вытворчасць на Быхаўскім кансервава-агароднінасушыльным заводзе, прайшоў клінічныя выпрабаванні, у выніку якіх даказана эфектыўнасць яго выкарыстання ў лячэнні артэрыяльнай гіпертэнзіі. Уключэнне морсу ў рацыён гіпертонікаў дазволіла знізіць дозы прызначаных ім дарагіх прэпаратаў у два разы.

Астатнім навуковым школам таксама ёсць чым ганарыцца. Напрыклад, вынікам дзейнасці школы сельскагаспадарчага машынабудавання, кіруе якой рэктар універсітэта Вячаслаў Шаршуноў, сталі распрацоўкі новых рэсурсазберагальных тэхналогій і сродкаў перапрацоўкі расліннай, у тым ліку збожжавай сыравіны на корм жывёлам, абсталявання для даення і першаснай апрацоўкі малака, а таксама навуковыя асновы ўкаранення ў сельскагаспадарчую вытворчасць новых энерга- і рэсурсазберагальных безадходных тэхналогій і машынных камплектаў для ўборкі, перапрацоўкі і выкарыстання ўраджаю сельскагаспадарчых культур на насенныя, кармавыя і харчовыя мэты. Стараннямі навукоўцаў створаны таксама новыя мадэлі абсталявання: здрабняльнікі кармоў, ачышчальнікі караняплодаў, агрэгаты і абсталяванне для ўнясення кансервантаў, драбілка кармоў, дазатары, кормараздатчыкі і іншыя.
Нельга не адзначыць тое, што ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання праяўляюць актыўную дзейнасць і маладыя вучоныя. Напрыклад, нядаўняя студэнтка, а зараз аспірантка Таццяна Самуйленка, якая ўваходзіць у склад навуковай школы тэхнікі і тэхналогіі перапрацоўкі збожжавай сыравіны, таксама ўжо мае шэраг навуковых укаранёных распрацовак. На прадпрыемствах “Віцебскхлебпрам”, “Мінскхлебпрам” і “Гроднахлебпрам” укаранёны спосаб аптымізацыі падрыхтоўкі ацукрованай, заквашанай заварак, вадкай закваскі і спосаб падрыхтоўкі жытняга і жытна-пшанічнага хлеба з іх выкарыстаннем, што дазволіла павысіць якасць прадукцыі, якая выпускаецца. А на ААТ “Кратол” уведзены тэхналогіі вытворчасці харчовых комплексных дабавак, якія далі прыватнай вытворчасці нядрэнны гадавы эканамічны эфект. Значная частка тэхналогій распрацавана Таццянай Дзмітрыеўнай у суаўтарстве з яе больш старэйшай калегай, кандыдатам тэхнічных навук, дацэнтам кафедры тэхналогіі хлебапрадуктаў Таццянай Гурынай. І, як кажа сама дзяўчына, галоўныя даследаванні яшчэ наперадзе.

Распавядаць пра навуковыя дасягненні ўніверсітэта можна доўга, бо тут ёсць шмат цікавых вынаходніцтваў. Гэта тэхналогія нізкалактозных ферментаваных малочных прадуктаў, што дазволіць палепшыць харчаванне людзей з харчовай алергіяй; спецыялізаваных прадуктаў новага пакалення на аснове інгрэдыентаў з суцэльнага збожжа ячменю, што можа павысіць біялагічную каштоўнасць дзіцячага, дыетычна-прафілактычнага і масавага харчавання. Актуальным з’яўляецца таксама даследаванне біяхімічных і фізіка-тэхналагічных уласцівасцей збожжа цвёрдай пшаніцы як сыравіны для мукамольнай і крупяной прамысловасці, распрацоўка страў, паўфабрыкатаў і прадуктаў для школьнага харчавання.
Увогуле слушных і патрэбных ідэй у навукоўцаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання мноства, і няма сумненняў, што кожнае новае даследаванне або распрацоўка, таксама як і папярэднія, зробяць уклад у развіццё харчовай прамысловасці краіны.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва ўніверсітэта.