На карысць паспяховай сацыялізацыі асобы

Пошук актуальных інавацый, даследаванне іх эфектыўнасці і ўкараненне ў адукацыйны працэс дазваляюць сістэме адукацыі Мастоўшчыны паспяхова развівацца. Пра інавацыйныя праекты, што рэалізоўваюцца ва ўстановах адукацыі, поспехі навучэнцаў і педагогаў, а таксама задачы рэгіёна расказвае госць сённяшняй “Суботняй планёркі” начальнік упраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама Валянцін Сцяпанавіч ЦІХАНОВІЧ.

Фота да матэрыяла: На карысць паспяховай сацыялізацыі асобы.— 57% устаноў адукацыі нашага раёна ўключаны ў эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць. Гэта 2 эксперыментальныя і 10 інавацыйных праектаў, якія рэалізоўваюцца на базе 19 устаноў адукацыі: у 4 установах дашкольнай адукацыі, 13 установах агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама ва ўстанове дадатковай адукацыі і сацыяльна-педагагічным цэнтры.

На базе гімназіі № 1 Мастоў працягвае работу рэсурсны цэнтр сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці па тэме “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі на ўроках і факультатыўных занятках”.

У межах двух інавацыйных праектаў дзейнічаюць вучэбныя бізнес-кампаніі: бізнес-кампанія “Нітка і іголка” па пашыве дзіцячай пасцельнай бялізны, фартухоў для школьнай сталовай, кухонных ручнікоў, сталовых сурвэтак на базе сярэдняй школы № 5 Мастоў і бізнес-кампанія “Эрыда” па вырабе сувеніраў з прыроднага матэрыялу (паштовак, пано, фларыстычных кампазіцый, сашэ з лекавых раслін), мыла, збораў фітачаю, размнажэнні чаранкамі шматгадовых дэкаратыўна-ліставых раслін (спірэі, фарзіцыі, лаванды, вейгелы і інш.) на базе Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і юнацтва Мастоўскага раёна.

— Валянцін Сцяпанавіч, якія дасягненні навучэнцаў і педагогаў натхняюць на новыя перамогі?

— У мінулым навучальным годзе навучэнцамі раёна заваяваны тры дыпломы (дыплом I ступені і два дыпломы III ступені) у абласным конкурсе (канферэнцыі) даследчых работ па вучэбных прадметах навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Крыштальная Альфа”. Навучэнка Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Дзіяна Мелех, стаўшы пераможцай гэтага конкурсу, паспяхова прадставіла Мастоўскі раён і Гродзенскую вобласць на Рэспубліканскім конкурсе (канферэнцыі) даследчага характару ў секцыі “Гісторыя”. Па выніках конкурсу яна ўзнагароджана дыпломам I ступені і ўключана ў банк даных адоранай моладзі. Сёння Дзіяна — студэнтка факультэта гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Выхаванка Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і юнацтва Мастоўскага раёна Настасся Сцямплеўская стала пераможцай III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018 па кампетэнцыі “Фларыстыка”, узнагароджана дыпломам Міністэрства адукацыі і залатым медалём. У верасні бягучага навучальнага года Настасся прыняла ўдзел у Міжнароднай выставе Moskow Flower Expo ў складзе каманды беларускай фларыстычнай школы Minsk Flower School, якая стала абсалютным пераможцам конкурсу, заваяваўшы залаты медаль. Навучанне і падрыхтоўку да эфектыўнага ўдзелу ў конкурсах рэспубліканскага і міжнароднага маштабаў ажыццяўляе педагог дадатковай адукацыі Наталля Эдуардаўна Бортнік.

Па выніках III Міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый краін СНД “Майстэрства без межаў” намеснік загадчыцы па асноўнай дзейнасці Лунненскага дзіцячага сада А.К.Алізар узнагароджана дыпломам II ступені ў намінацыі “Лепшы намеснік загадчыка”.

— Як арганізавана ў раёне профільнае навучанне і прафесійная падрыхтоўка старшакласнікаў у межах прадмета “Працоўнае навучанне”?

— Да ліку ключавых умоў паспяховай сацыялізацыі асобы ў зменлівым свеце адносіцца ўключэнне навучэнцаў у шырокі спектр розных відаў дзейнасці шляхам увядзення профільнага навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Мэтанакіраваная і сістэмная прафарыентацыйная работа дазволіла сёлета павысіць працэнт ахопу навучэнцаў 10—11 класаў профільнай адукацыяй да 51,9%. Гэта 234 навучэнцы сямі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, ахопленых профільным навучаннем па дзевяці прадметах.

Пашыраецца сетка профільных груп прафесійнай накіраванасці. Профільныя групы педагагічнай накіраванасці дзейнічаюць на базе чатырох устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх займаюцца 32 навучэнцы 10—11 класаў. Дарэчы, навучэнцы профільнай групы педагагічнай накіраванасці сярэдняй школы № 3 Мастоў летась сталі пераможцамі абласнога злёту педагагічных класаў і ўзнагароджаны дыпломам I ступені. У 2018/2019 навучальным годзе на базе Пацэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы адкрыты профільны клас аграрнай накіраванасці.

Сёлета на базе 10 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі для 102 навучэнцаў 10 класаў рэалізоўваюцца адукацыйныя праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) у межах вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” па спецыяльнасцях “Аператар электронна-вылічальных машын”, “Швачка”, “Агент па турызме”, “Сталяр”, “Памочнік выхавальніка”, “Палявод”, “Рабочы зялёнага будаўніцтва”, “Агароднік”.
З мэтай павышэння якасці выкладання вучэбнага прадмета “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка” ў 10—11 класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мастоў з 1 верасня 2018 года на базе сярэдняй школы № 5 адкрыты міжшкольны цэнтр дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі.

— Якія новыя формы дашкольнай адукацыі развіваюцца ў раёне?

— Даступнасць дашкольнай адукацыі ў Мастоўскім раёне забяспечваецца на 100% праз укараненне яе новых форм, у тым ліку і на платнай аснове. Групы кароткачасовага знаходжання — адна з такіх форм. Практыка арганізацыі такіх груп ужо склалася ва ўсіх установах дашкольнай адукацыі раёна. У выніку з’явілася каля 350 дадатковых месцаў крокавай даступнасці, магчымасць задаволіць запыты законных прадстаўнікоў дзяцей.

Спектр адукацыйных паслуг, якія прадастаўляюцца нашымі ўстановамі, вельмі разнастайны. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца адаптацыйныя групы і мацярынская школа. У летні перыяд напярэдадні паступлення дзяцей ва ўстановы дашкольнай адукацыі выніковай і эфектыўнай з’яўляецца работа прагулачных, сезонных гульнявых пляцовак, якія функцыянуюць, як правіла, на аснове інтэграцыі ў групу аднагодкаў. У раёне набіраюць папулярнасць сярод бацькоў вячэрнія групы, а таксама групы навучання і выхавання дома, у тым ліку на платнай аснове.

— Валянцін Сцяпанавіч, якія праблемы хвалююць вас як кіраўніка сёння?

— Найбольш важнымі на сёння для раёна з’яўляюцца пытанні замацавання маладых спецыялістаў на рабочых месцах, арганізацыі здароўезберагальнага працэсу ва ўстановах адукацыі, а таксама ўдасканаленне работы з высокаматываванымі навучэнцамі. На гэта і будуць накіраваны намаганні педагагічных калектываў у найбліжэйшы час.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *