На карысць прафесіяналізму

Брэсцкі дзяржаўны каледж сувязі аператыўна адрэагаваў на павевы часу, звязаныя з павышанай патрэбай у ранняй прафарыентацыі сярод школьнікаў. Згодна з нарматыўным дакументам Міністэрства адукацыі, каледж уключыўся ў эксперыментальны праект, які прадугледжвае апрабацыю мадэлі сеткавага прафесійнага навучання школьнікаў на базе ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесiйна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Паводле праекта, на эксперыментальнай пляцоўцы каледжа ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка вучняў 10—11 класаў. Сёння мы пагаворым з дырэктарам каледжа М.М.Куішам аб мадэлі профільнай прафесійнай падрыхтоўкі, яе актуальнасці і значнасці для прафесійнага вызначэння моладзі.

— Міхаіл Міхайлавіч, перш чым мы пагаворым непасрэдна аб эксперыменце, хацелася б пачуць ваша меркаванне, якое месца займаюць профільныя класы прафесійнай накіраванасці ў прафесійнай арыентацыі нашай моладзі?

— Сёння профільныя класы прафесійнай накіраванасці набываюць актуальнасць і ўсё большую папулярнасць сярод падлеткаў. Практыка паказвае, што ў той моладзі, якая вучыцца ў профільных прафесійных класах, павышаецца паспяховасць, дысцыпліна і адказнасць за вынік вучобы. Гэта абумоўлена перш-наперш павышэннем цікавасці да навучання. Многіх з падлеткаў прыцягваюць заняткі, дзе можна засвоіць навыкі той ці іншай прафесіі. І ў выніку яны паступова вызначаюцца ў прафесійным выбары і знаходзяць сабе справу па душы. Усё гэта мае выхаваўчае значэнне, фарміруе ў навучэнца мэтанакіраванасць да прафесійнага росту.

Калі ў цэлым гаварыць пра перавагі такіх класаў, то яны дапамагаюць рэалізоўваць прафесійныя інтарэсы навучэнцаў, хутка адаптавацца ў соцыуме пры наяўнасці прафесіі, скараціць выдаткі і тэрміны на падрыхтоўку рабочых і спецыялістаў, замацаваць на рынку працы імідж прафесійных устаноў адукацыі як устаноў з найбольш якаснай прафесійнай падрыхтоўкай навучэнцаў у параўнанні з іншымі арганізацыямі. Акрамя таго, мы можам максімальна эфектыўна выкарыстоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў прафесійнай адукацыі, забяспечыць занятасць нашых падлеткаў і, безумоўна, з ранняга ўзросту сарыентаваць навучэнцаў у прафесійным асяроддзі і непасрэдна ў выбары прафесіі. Кожную з гэтых высноў мы можам пацвердзіць на працягу размовы.

З вопыту работы вынікае, што якаснай падрыхтоўкі кадраў можна дасягнуць, калі ланцужок бесперапыннай прафесійнай адукацыі будзе выглядаць так: профільная прафесійная падрыхтоўка — прафесійна-тэхнічная адукацыя — сярэдняя спецыяльная адукацыя — вышэйшая адукацыя. Прычым кожны гэты складнік для таго ці іншага навучэнца ў залежнасці ад яго жадання і здольнасцей можа быць дастатковым, і ў адпаведнасці з ўзроўнем сваёй падрыхтоўкі ён зможа пачаць працоўную дзейнасць. Такі падыход да арганізацыі прафесійнай адукацыі дазваляе стварыць сістэму бесперапыннай адукацыі з улікам прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў у профільных класах і адзінага вучэбнага плана рознаўзроўневай бесперапыннай прафесійнай адукацыі па сумежных спецыяльнасцях.

— Ці можаце вы адсачыць гэтую сістэму бесперапыннасці на адной з прафесій, падрыхтоўка па якой вядзецца ў вашым каледжы? Якія навучальныя ўстановы іншых узроўняў прафесійнай адукацыі ў гэтым задзейнічаны?

— Мы можам узяць для прыкладу прафесію “Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання” ў нашым каледжы.

Разгледзім этапы падрыхтоўкі: профільная прафесійная падрыхтоўка школьнікаў, якая прадугледжвае атрыманне 2 разраду; прафесійна-тэхнічная — атрыманне 4 разраду (з улікам прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў у профільных класах тэрміны навучання скарачаюцца на 70% і складаюць 3 месяцы).

На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ажыццяўляецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”, кваліфікацыя “тэхнік-электрык” (з улікам наяўнасці прафесійна-тэхнічнай адукацыі тэрмін навучання скарачаецца на 20% і складае 1 год 6 месяцаў).

Узровень вышэйшай адукацыі — спецыяльнасць “Прамысловая электроніка”, кваліфікацыя “інжынер-электронік” (з улікам сярэдняй спецыяльнай адукацыі тэрмін навучання скарачаецца на 40% і складае 2 гады 10 месяцаў).

Па гэтай прафесіі паслядоўнасць бесперапыннай адукацыі ажыццяўляецца на падставе дамоўленасцей паміж навучальнымі ўстановамі рознага ўзроўню. Так, у прыватнасці, наш каледж заключыў дагавор для падрыхтоўкі электраманцёраў 2 і 4 разрадаў з сярэдняй школай № 23 Брэста. Для падрыхтоўкі тэхніка-электрыка мы заключылі дагаворы з шасцю навучальнымі ўстановамі прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці. Сярод іх Пінскі і Баранавіцкі прафесійныя ліцэі машынабудавання, Лунінецкі ліцэй прыборабудавання, Івацэвіцкі і Столінскі прафесійна-тэхнічныя ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці, Пінскі прафесiйна-тэхнічны ліцэй аўтамабільнага транспарту.

А для падрыхтоўкі кадраў на вышэйшай ступені дамоўленасці заключаны з трыма ўніверсітэтамі — Беларускай дзяржаўнай акадэміяй сувязі, Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам, Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя П.В.Сухога. Прычым для працягу навучання выпускнікам каледжа па гэтай прафесіі ва ўніверсітэтах прапануюцца такія спецыяльнасці, як “Электразабеспячэнне (па галінах)”, “Тэхнічная эксплуатацыя энергаабсталявання арганізацый”, “Інфакамунікацыйныя тэхналогіі (сеткі інфакамунікацый)”, “Інфакамунікацыйныя сістэмы (тэхнічная эксплуатацыя)”, “Інфакамунікацыйныя сістэмы (суправаджэнне праграмнага забеспячэння)”. Для атрымання вышэйшай адукацыі па гэтых спецыяльнасцях прапануюцца дзённая, завочная, вячэрняя формы навучання. Акрамя таго, вядзецца распрацоўка вучэбных планаў і праграм дыстанцыйнага навучання.

Хачу адзначыць, што профільную прафесійную падрыхтоўку школьнікаў трэба разглядаць як закончаны працэс, які дае магчымасць выпускнікам альбо працаўладкоўвацца па пэўным узроўні атрыманай кваліфікацыі, альбо працягваць вучобу па скарочанай бесперапыннай праграме навучання.

На сённяшні дзень вучэбна-матэрыяльная база ўстаноў прафесійнай адукацыі дазваляе ахапіць профільнай прафесійнай падрыхтоўкай усіх навучэнцаў, якія ў ёй задзейнічаны. Больш за тое, за кошт увядзення гэтай формы мы можам скараціць тэрміны падрыхтоўкі і фінансавыя выдаткі, якія прадугледжваюцца на прафесійную адукацыю.

Напрыклад, на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі пры навучанні рабочага 2 разраду магчымае скарачэнне тэрмінаў і выдаткаў даходзіць да 100%. Пры навучанні рабочага 4 разраду можна дабіцца скарачэння тэрмінаў і выдаткаў да 50%. Пры навучанні спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй — ад 20 да 30%. Што тычыцца фінансавага боку арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў, то сёння дапрофільнае і профільнае прафесійнае навучанне фінансуецца цалкам за кошт сродкаў, прадугледжаных вучэбнымі планамі агульнай сярэдняй адукацыі.

Кіруючыся гэтым падыходам, можна арганізаваць дзейнасць профільных класаў прафесійнай накіраванасці, у якіх вывучаюцца агульнаадукацыйныя прадметы на базавым узроўні, і ў навучэнцаў ёсць магчымасць асвойваць прафесію рабочага (служачага) у адпаведнасці з адукацыйнай праграмай дадатковай адукацыі дарослых (прафесійная падрыхтоўка). Такая адукацыйная праграма ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі можа рэалізоўвацца ва ўстановах агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з фінансаваннем за кошт вучэбнага часу, прадугледжанага тыпавым вучэбным планам установы агульнай сярэдняй адукацыі.

— Раскажыце больш падрабязна аб рабоце эксперыментальнай пляцоўкі вашага каледжа, дзе ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў 10—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Якія асаблівасці яна мае?

— Навучанне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з вучэбным планам прафесійнай падрыхтоўкі каледжа, зацверджаным яго кіраўніком па ўзгадненні з рэгіянальнымі органамі кіравання адукацыяй. Для засваення адукацыйных праграм па прафесіях “Сакратар”, “Аператар ЭВМ”, “Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання” вучэбным планам агульнай сярэдняй адукацыі прадугледжаны 12 гадзін у тыдзень.

Профільныя прафесійныя класы арганізаваны на базе сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 23. Прафесійная падрыхтоўка школьнікаў праводзіцца ў адпаведнасці з вучэбнымі планамі профільнай прафесійнай падрыхтоўкі, распрацаванымі каледжам згодна з тыпавымі планамі прафесійнай падрыхтоўкі рабочых. Профільнае прафесійнае навучанне вучняў у школе праходзіць на падставе вучэбнага плана сярэдняй школы № 23 аб профільным навучанні. Вучэбныя гадзіны, неабходныя для правядзення прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў, перадаюцца школай каледжу згодна з дамоўленасцю. Прафесійная падрыхтоўка школьнікаў праходзіць 2 дні на тыдзень і ўзгадняецца з агульным раскладам каледжа. Падставай для фарміравання груп прафесійнай падрыхтоўкі з’яўляецца загад дырэктара “Аб залічэнні навучэнцаў”. Прафесійная падрыхтоўка арганізавана па семестрах, улік паспяховасці фіксуецца ў заліковай кніжцы, распрацаванай у каледжы.

Хачу заўважыць такі момант. Выкарыстанне для прафесійнай падрыхтоўкі вучняў вучэбных гадзін вучэбнага плана ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі абмяжоўвае ажыццяўленне гэтай падрыхтоўкі вучняў.

Асабліва гэта актуальна для школ, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, дзе няма размешчаных побач устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Акрамя гэтага, такі падыход не ўлічвае шматлікіх выпадкаў, калі прафесійная падрыхтоўка школьнікаў ажыццяўляецца па прафесіях, па якіх не рыхтуюць ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Над вырашэннем гэтых пытанняў трэба падумаць. У сваю чаргу пытанне аб дапрофільнай і профільнай падрыхтоўцы школьнікаў знаходзіцца пад асаблівай увагай кіруючых органаў адукацыі, Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, непасрэдна навучальных устаноў, сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі і ўсё з адной мэтай — зрабіць гэты напрамак найбольш выніковым і эфектыўным, каб ён служыў на карысць прафесіяналізму.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.