На карысць рэгіёна

- 14:56Навіны рэгіёнаў

Каля 2000 студэнтаў займаюцца ў навуковых таварыствах і гуртках гродзенскіх універсітэтаў. Гэта заўтрашні дзень беларускай навукі. З яе сённяшнімі прадстаўнікамі, якія ў мінулым годзе атрымалі вучоную ступень доктара навук, званне прафесара, былі адзначаны грантамі для выканання даследаванняў, сустрэўся старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.

Як адзначыў У.В.Краўцоў, аснова навукі на Гродзеншчыне — гэта ўніверсітэцкая навука. Менавіта тут адбываюцца самыя значныя даследаванні, пра што сведчыць прысваенне ў мінулым годзе двум навукоўцам ступені доктара навук, сямі — вучонага звання прафесара. Вучонай ступені доктара навук удастоены прафесар кафедры агульнай і славянскай гісторыі ГрДУ імя Янкі Купалы Тадэвуш Кручкоўскі і загадчык кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Руслан Якубцэвіч.

Важкія дасягненні ў інавацыйным развіцці, якое заснавана на навуковых распрацоўках, ёсць ва ўсіх УВА Гродна. У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы актыўна вядзецца работа ў навукова-тэхналагічным парку, які адкрыты пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама. Медыцынскі ўніверсітэт будзе ажыццяўляць пілотны праект па стварэнні на базе абласной бальніцы ўніверсітэцкай клінікі. У аграрным універсітэце актыўна дзейнічае сетка лабараторый, у прыватнасці, ДНК-лабараторыя, вынікамі даследаванняў якой карыстаюцца ў нашай краіне і за яе межамі.

— У нашых навукоўцаў шмат цікавых ідэй і распрацовак, і хацелася б, каб яны яшчэ больш актыўна рэалізоўваліся ў жыццё, укараняліся ў эканоміку. Каб мы развівалі інавацыйную дзейнасць і тым самым развівалі рэгіён, — падкрэсліў Уладзімір Васільевіч.

Група навукоўцаў была адзначана граматамі і падзякамі аблвыканкама. Ганаровыя граматы атрымалі загадчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі ГрДМУ, прафесар, доктар медыцынскіх навук Сяргей Кулеш; загадчык кафедры механізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ГДАУ, дацэнт, кандыдат тэхнічных навук Эдуард Заяц; прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы, прафесар, доктар гістарычных навук Эдмунд Ярмусік.

Восем навукоўцаў Гродзеншчыны, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё адпаведнай галіны і якія ўдзельнічаюць у навуковых даследаваннях, інавацыйных праектах, што маюць прыярытэтнае значэнне для рэалізацыі дзяржаўных праграм і найважнейшых напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, атрымалі ў мінулым годзе гранты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і адукацыі. Пяці маладым вучоным у адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаны на 2019 год стыпендыі.

Ад імя навуковай грамадскасці выступіў першы прарэктар ГрДУ Алег Раманаў, які падзякаваў за падтрымку вучоных і ўвагу да іх дзейнасці з боку дзяржаўнай улады, адзначыў, што такая падтрымка дапамагае навукоўцам рэалізоўваць свой патэнцыял. Дарэчы, Алег Аляксандравіч у мінулым годзе атрымаў вучонае званне прафесара.

На сустрэчы прысутнічалі таксама старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў доктар медыцынскіх навук Ігар Жук, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама кандыдат медыцынскіх навук Віктар Лісковіч, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.