На карысць школы

У канферэнц-зале “Настаўніцкай газеты” адбылося чарговае пасяджэнне прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, навучальных устаноў, дэпутатаў Нацыянальнага сходу, профільных СМІ, прысвечанае абмеркаванню праекта закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі”.

— Сёння мы абмяркоўваем тыя нормы, якія будуць унесены ў наш кодэкс на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, — звярнуўся да ўдзельнікаў пасяджэння кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галіновага міністэрства У.М.Паддубскі. — Усе змяненні і дапаўненні, якія плануецца ўнесці ў наш асноўны закон, былі выяўлены ў ходзе маніторынгу, праведзенага ў сістэме адукацыі і сярод грамадскасці нашай краіны. Практыкапрымяненне любога законапраекта патрабуе далейшай карэкціроўкі той ці іншай заканадаўчай нормы. І наколькі слушна мы паставімся да гэтай задачы, настолькі дасканалым будзе наш кодэкс.
Карпатлівую і вельмі грунтоўную работу ў гэтым кірунку на працягу апошніх некалькіх гадоў праводзяць Міністэрства адукацыі, органы кіравання, непасрэдна ўстановы адукацыі, педагагічныя калектывы. Вельмі актыўна прымаюць у гэтым удзел дэпутаты Нацыянальнага сходу і непасрэдна члены Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы.

У час пасяджэння ў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка прадставіла асноўныя змяненні і дапаўненні на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, якія плануецца ўнесці ў кодэкс і якія ў свой час былі падставай для дыскусій і па-ранейшаму выклікаюць павышаны інтарэс у нашай грамадскасці.
Раіса Станіславаўна вынесла на абмеркаванне тэму, якая тычыцца вывучэння прадметаў на павышаным узроўні. Гэтая норма будзе ўнесена ў артыкул 158 законапраекта і гучыць такім чынам: “Арганізацыя адукацыйнага працэсу пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі можа быць заснавана на дыферэнцыяцыі іх зместу з улікам адукацыйных патрэбнасцей, інтарэсаў вучняў, якія забяспечваюць вывучэнне на павышаным узроўні прадметных абласцей, асобных вучэбных прадметаў адпаведных адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі”.
— Такой фармулёўкай, гэта відавочна, мы пашыраем межы дзейнасці ўстаноў адукацыі, іх заснавальнікаў, якія будуць прымаць рашэнне аб тым, ці будзе на павышаным узроўні вывучацца асобны прадмет, як, напрыклад, замежная мова ці матэматыка, альбо гэта некалькі прадметаў, якія будуць складаць вызначаную прадметную галіну, — паведаміла Раіса Сідарэнка.
Пры гэтым Наталля Піліпаўна Гаравая, метадыст інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення НІА, удакладніла, што на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі рэалізуюцца адукацыйныя праграмы пачатковай, базавай і сярэдняй адукацыі, і таму гэтая норма мае на ўвазе тыя вучэбныя прадметы, якія ўваходзяць у склад гэтых адукацыйных праграм.
— Такім чынам, мы гаворым не аб прадметных вучэбных праграмах, а аб адукацыйных праграмах, — адзначыла Наталля Піліпаўна. — У новай норме адзначана, што профільнае навучанне праходзіць на трэцяй ступені навучання, калі рэалізуецца адукацыйная праграма сярэдняй адукацыі. І тут можна ісці двума кірункамі. Адны навучэнцы пойдуць вывучаць прадметы на павышаным узроўні альбо на трэцяй ступені выберуць профільнае навучанне, калі будуць вывучаць на павышаным узроўні ўсе прадметы, якія ўваходзяць у адукацыйную галіну, і змогуць спалучаць, напрыклад, фізіку з хіміяй, фізіку з біялогіяй і г.д.
Раіса Станіславаўна адзначыла, што галіновае міністэрства запускае эксперымент па мультыпрофільным навучанні, у якім будуць задзейнічаны ўсе рэгіёны краіны, і сёння ад іх паступаюць некаторыя прапановы і меркаванні наконт таго, як можна будзе камбінаваць паміж сабой тыя вучэбныя прадметы, якія прапаноўваюцца на павышаным узроўні. Ёсць і другая мадэль: навучэнцы змогуць вывучаць на павышаным узроўні тыя вучэбныя прадметы, якія ім неабходны для паступлення ў ВНУ.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы Міхаіл Мікалаевіч Волкаў узняў тэму аб недапушчэнні масавага пераходу навучэнцаў з 9-х у 10-я класы, каб на ўзроўні сярэдняй школы маглі вучыцца тыя, хто матэваваны паступаць у ВНУ.
— Сёння разглядаецца пытанне аб пераходзе да адносна завершанага зместу вучэбных праграм другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі, — паведаміла Раіса Станіславаўна. — Гэта будзе садзейнічаць больш эфектыўнаму размеркаванню патокаў выпускнікоў 9-х класаў па далейшым жыццеўладкаванні. Важна тое, наколькі кожны наш выпускнік, улічваючы свае здольнасці і магчымасці, знойдзе сваё месца ў жыцці, створыць сваю прафесійную кар’еру. Адны навучэнцы пасля 9 класа накіруюцца ва ўстановы прафесійнай адукацыі, іншыя — у 10 клас, каб працягваць навучанне і потым паступаць у ВНУ.
Раіса Сідарэнка звярнула ўвагу і на дапаўненне, унесенае ў артыкул 19 законапраекта, якое прадугледжвае, што за інстытутам кантролю ведаў замацоўваюцца паўнамоцтвы правядзення не толькі ўступных іспытаў у тыя навучальныя ўстановы, дзе існуе конкурсны прыём, але і правядзення атэстацыі навучэнцаў. Гэтая норма гучыць наступным чынам:
“У Рэспубліцы Беларусь могуць стварацца інстытуты кантролю ведаў. Інстытут кантролю ведаў — установа адукацыі, якая можа ажыццяў-ляць метадычнае і (або) арганізацыйнае забеспячэнне правядзення ўступных выпрабаванняў, атэстацыі навучэнцаў, арганізацыю распрацоўкі кантрольна-вымяральных матэрыялаў, крытэрыяў ацэнкі (ацэньвання) іх выканання, цэнтралізаваную праверку работ абітурыентаў пры правядзенні ўступных выпрабаванняў, навучэнцаў пры праходжанні атэстацыі, фарміраванне, улік і суправаджэнне банкаў кантрольна-вымяральных матэрыялаў для правядзення ўступных выпрабаванняў, атэстацыі навучэнцаў, баз даных абітурыентаў, навучэнцаў, якія праходзяць атэстацыю, іншыя функцыі, накіраваныя на ўдасканаленне кантролю вучэбнай дзейнасці навучэнцаў і ацэнкі якасці вынікаў навучання і выхавання”. Такія змены даюць магчымасць правядзення незалежнай атэстацыі, у тым ліку — выніковай.

Аляксандр Іванавіч Сягоднік, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, звярнуў увагу на тое, якая норма па напаўняльнасці класаў будзе замацавана ў кодэксе.
— Безумоўна, у першую чаргу мы не павінны забываць, што кантрольныя лічбы прыёму ўстанаўліваюцца з улікам санітарных норм, — заўважыў Аляксандр Іванавіч. — Санітарныя патрабаванні для напаўняльнасці класаў прадугледжваюць 2 м2 плошчы на кожнага вучня. Гэта першая і вельмі важная ўмова. Але трэба ўлічваць і тое, наколькі камфортна пры той ці іншай напаўняльнасці працаваць педагогу, вучыцца школьнікам, наколькі яны могуць засвойваць вучэбны матэрыял, праявіць сваю актыўнасць альбо быць абыякавым на ўроку.
З улікам інтарэсаў і настаўнікаў, і іх выхаванцаў, а таксама бацькоў мяркуецца ўнесці ў кодэкс норму аб тым, што “Напаўняльнасць класаў (акрамя класаў інтэграванага навучання і выхавання) ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, не павінна перавышаць 30 вучняў”. Пры гэтым ва ўстанове адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі і якая размешчана ў сельскім населеным пункце, ва ўмовах, калі колькасць навучэнцаў у 1—4 класах 5 і менш вучняў, дапускаецца вывучэнне часткі вучэбных прадметаў адначасова з навучэнцамі розных класаў.
— Мы вельмі доўга дыскутавалі наконт таго, якая норма напаўняльнасці класаў павінна быць замацавана ў кодэксе, — паведаміў У.М.Паддубскі. — Мы ўказалі верхнюю мяжу напаўняльнасці большую, чым меркавалі раней. Але для гэтага былі свае прычыны. Справа ў тым, што ў новых мікрараёнах буйных гарадоў пакуль нехапае месцаў у навучальных установах, і такая норма можа быць цалкам апраўдана. Пры гэтым ніжняя мяжа напаўняльнасці не ўдакладняецца.

Раіса Сідарэнка адзначыла, што выканаўчыя ўлады не маюць права перавысіць устаноўленую норму напаўняльнасці класа ў памеры 30 чалавек, нават калі існуе неабходнасць. Пры гэтым застаецца толькі адзін варыянт — уладкоўваць дзіця ў іншую школу.
Яшчэ адна норма законапраекта была вынесена на абмеркаванне. Яна тычыцца дыстанцыйнай формы атрымання адукацыі і замацоўваецца для вячэрніх класаў.
Напачатку было ўдакладнена, што азначае паняцце “дыстанцыйная форма атрымання адукацыі”. У праекце закона адзначаецца, што “дыстанцыйная форма атрымання адукацыі — навучанне і выхаванне, якое прадугледжвае пераважна самастойнае засваенне зместу адукацыйнай праграмы навучэнцамі на аснове выкарыстання дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій, якія забяспечваюць правядзенне вучэбных заняткаў, кансультацыйных і кантрольных мерапрыемстваў, бягучай і прамежкавай атэстацыі, пры дыстанцыйным узаемадзеянні навучэнца і педагагічнага работніка. Віды вучэбных заняткаў, правядзенне якіх ажыццяўляецца з выкарыстаннем дыстанцыйнага ўзаемадзеяння навучэнца і педагагічнага работніка, і аб’ём яго выкарыстання вызначаюцца вучэбна-праграмнай дакументацыяй адукацыйнай праграмы, якая вызначаецца асаблівай часткай кодэкса”.
Згодна з гэтым, “вячэрнія класы — класы, створаныя на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў сярэдняй школе, у якіх адукацыйная праграма сярэдняй адукацыі рэалізуецца ў вячэрняй і (або) завочнай, і (або) дыстанцыйных формах атрымання адукацыі”.

Наталля Піліпаўна Гаравая ўдакладніла, што маецца на ўвазе дыстанцыйная форма атрымання адукацыі, якую нельга блытаць з дыстанцыйнымі формамі навучання, якія сёння вельмі актыўна прымяняюцца (асабліва з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій). Вельмі развітыя такія формы ў РасійскайФедэрацыі. Гэтаму паспрыяла ўвядзенне ў расійскі Закон “Аб адукацыі” паняцця “сямейнае выхаванне”, якое прадугледжвае атрыманне адукацыі без удзелу навучальнай установы. У нашай краіне такой нормы не існуе, і, нягледзячы на тое, па якім індывідуальным плане дзеці могуць засвойваць адукацыйную праграму самастойна, гэта не здымае іх прыналежнасць да канкрэтнай навучальнай установы, вучнямі якой яны абавязкова павінны з’яўляцца.
Аляксандр Іванавіч Сягоднік заўважыў, што пры стварэнні заканадаўчай базы для айчыннай сістэмы адукацыі неабходна ўлічваць яе ўніфікаванасць з адукацыйнымі галінамі іншых краін. Асабліва гэта актуальна пры стварэнні адзінай адукацыйнай прасторы паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй. Пры гэтым важна захоўваць нацыянальныя рысы, уласцівыя для айчыннай сістэмы адукацыі.
— Сапраўды, развіццё нашай сістэмы адукацыі павінна быць сугучным тэндэнцыям сусветнай адукацыйнай прасторы, — падкрэсліла Раіса Станіславаўна. — Больш за тое, развіццё нашай айчыннай адукацыі залежыць ад эканамічнага развіцця нашай краіны. І, безумоўна, усе тыя змяненні, якія адбываюцца ў сацыяльна-эканамічным комплексе, павінны знаходзіць адлюстраванне і ў сістэме адукацыі.

Р.С.Сідарэнка заўважыла, што ў кодэксе рэгламентавана працягласць навучальнага года і будзе ўнесена норма, якая сведчыць, што навучальны год доўжыцца з 1 верасня па 31 жніўня, а вучэбныя заняткі праводзяцца з 1 верасня па 31 мая. У законапраект будзе ўнесена, што “адукацыйны працэс пры навучанні і выхаванні на I, II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі арганізуецца ў рэжыме шасцідзённага вучэбнага тыдня, які ўключае пяцідзённы вучэбны тыдзень і шосты школьны дзень. Вучэбныя заняткі, як правіла, праводзяцца ў рэжыме пяцідзённага вучэбнага тыдня. Правядзенне з навучэнцамі фізкультурна-аздараўленчых, спартыўна-масавых, іншых выхаваўчых мерапрыемстваў арганізуецца ў рэжыме шасцідзённага вучэбнага тыдня. Факультатыўныя заняткі, як правіла, праводзяцца да пачатку або пасля завяршэння вучэбных заняткаў. Факультатыўныя заняткі ў 5 (6) — 11 (12) класах могуць праводзіцца ў шосты школьны дзень. Выхаваўчая работа з вучнямi ў пазаўрочны час на працягу вучэбнага тыдня і ў шосты школьны дзень праводзіцца педагагічнымі работнікамі, у тым ліку тымі, якiя выконваюць функцыі класнага кіраўніка, у парадку, вызначаным Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Гэтая норма з’яўляецца вельмі актуальнай.
Раіса Станіславаўна адзначыла і тыя змяненні, якія ўнесены ў артыкул 159 законапраекта. Так, у прыватнасці, у дзяржаўныя пачатковыя школы, базавыя школы, сярэднія школы, дзяржаўныя гімназіі для атрымання пачатковай адукацыі ў 1—4 класах прымаюцца асобы, якія пражываюць, як правіла, на тэрыторыі, за якой замацавана адпаведная ўстанова адукацыі. У прыёме ва ўстанову адукацыі асоба, якая пражывае на тэрыторыі, за якой замацавана гэтая ўстанова адукацыі, можа быць адмоўлена толькі па прычыне адсутнасці ў ёй свабодных месцаў.
Асоба альбо яе законны прадстаўнік у выпадку адсутнасці свабодных месцаў ва ўстанове адукацыі, якая знаходзіцца на тэрыторыі пражывання гэтай асобы, можа звярнуцца ў iншую ўстанову адукацыі або ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, які ажыццяўляе кіраванне ў сферы адукацыі на тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі па месцы пражывання асобы.
На пытанне М.М.Волкава, як гэтая норма будзе дзейнічаць у дачыненні да гімназій, Раіса Станіславаўна адзначыла, што пры паступленні ў 5 клас гімназій прывязкі да месца жыхарства не будзе.
Дэпутата зацікавілі пытанні, ці можа навучэнец аспрэчыць адзнакі настаўнікаў, ці распрацавана гэтая працэдура?

Н.П.Гаравая патлумачыла, што норма аб абскарджанні ўнесена ў правілы атэстацыі, згодна з якімі можна абскардзіць адзнакі па тым ці іншым прадмеце па выніках года. Для гэтага ствараецца незалежная камісія з настаўнікаў іншых школ, работнікаў органаў кіравання адукацыяй, якія вырашаюць аб’ектыўнасць атрыманай адзнакі.
Па словах Раісы Станіславаўны, адзін з важных момантаў, які абмяркоўваўся пры ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у кодэкс, гэта адзнака “нуль”. У выніку замест слоў “у тым ліку нуль бала” прапанавана запісаць “альбо адзнакай не атэставана” — адзнака “0” адмяняецца.
— Як вядома, у нашай сістэме адукацыі дзейнічае 10-бальная сістэма ацэнкі ведаў ад 1 да 10. “Нуль” раней прапаноўвалася выстаўляць у тым ліку як за адмаўленне ад адказу альбо за адсутнасць выніку, — паведаміла Р.С.Сідарэнка. — Цяпер мы прапаноўваем ацэньваць веды нашых навучэнцаў без адзнакі “нуль”.
Упершыню ў бягучай атэстацыі мяркуецца выстаўляць адзнакі на вучэбных занятках у школе пры правядзенні кантролю вучэбнай дзейнасці навучэнцаў на аснове ацэнкі ведаў, уменняў, навыкаў і кампетэнцый.
— Што азначае паняцце “кампетэнцыя” на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі? Пакуль работа над гэтым вядзецца, і ў хуткім часе гэтаму паняццю будзе дадзена дакладнае вызначэнне ў законе. Папярэдне маецца на ўвазе, што кампетэнцыя — гэта ўменне навучэнцаў прымяняць на практыцы атрыманыя веды, уменні і навыкі, — заўважыла Н.П.Гаравая.

Важнай стала тэма аб безадзнакавым навучанні дзяцей у 1-2 класе, якая неаднаразова абмяркоўвалася нашымі педагогамі і бацькамі. Гэтая пазіцыя замацоўваецца ў кодэксе і азначае, што бягучая і прамежкавая атэстацыя навучэнцаў 1-2 класаў ажыццяўляецца на зместава-ацэначнай аснове, якая прадугледжвае славесную ацэнку вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў без выстаўлення адзнак і абазначаецца запісам “засвоіў” альбо “не засвоіў”. З 3-га класа вучні будуць ацэньвацца па ўсіх прадметах.
— Нельга абысці і пытанне, ці будуць існаваць класы эстэтычнага кірунку ў школе, — заўважыў Вадзім Аляксандравіч Кнышаў, галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты”. — Сёння ад нашых чытачоў паступае вельмі многа заўваг і прапаноў, якія тычацца Кодэкса аб адукацыі, у тым ліку і на гэтую тэму.
— Сапраўды, гэтае пытанне хвалюе многіх, — адзначыла Р.С.Сідарэнка. — Пакуль эстэтычны цыкл сёння рэалізуецца за кошт факультатыўных заняткаў. Хачу сказаць, што мясцовыя органы ўлады павінны выбудоўваць сістэму ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Калі навучэнец выказаў жаданне атрымліваць у далейшым спецыяльнасць па эстэтычным напрамку, то для гэтага ён можа паступіць у гімназію-каледж мастацтваў. Калі гэтыя заняткі патрэбны навучэнцам для агульнага развіцця, то для гэтага існуе сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Прычым мадэлі такога ўзаемадзеяння ўжо распрацаваны на практыцы і паспяхова ўкараняюцца ў многіх нашых рэгіёнах.
У артыкуле 157 (1) законапраекта распісаны напрамкі навукова-метадычнага і вучэбна-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу і вызначаны асноўныя функцыі вучэбна-метадычных аб’яднанняў у сферы агульнай сярэдняй адукацыі. Гэта ўдзел у распрацоўцы і ўдасканаленні адукацыйных стандартаў агульнай сярэдняй адукацыі; удзел у распрацоўцы і ўдасканаленні тыпавога вучэбнага плана агульнай сярэдняй адукацыі (вучэбнага плана ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі), вучэбных праграм; удзел у распрацоўцы метадычных рэкамендацый па ўдасканаленні адукацыйнага працэсу пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ў дачыненні да ўмоў установы адукацыі, павышэнні эфектыўнасці вучэбных заняткаў, самастойнай працы вучняў у вучэбны і пазавучэбны час для развіцця іх творчых здольнасцей, прыцягнення іх у розныя віды сацыяльна значнай дзейнасці; распрацоўка метадычных рэкамендацый па стымуляванні вучэбнай дзейнасці вучняў па авалоданні імі ведамі, уменнямі, навыкамі, асваенні кампетэнцый, развіцці іх творчых здольнасцей пры вывучэнні вучэбнага прадмета (прадметнай вобласці) у рамках засваення зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі.

Прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Юлія Аляксандраўна Ваніна засяродзіла ўвагу на тым, як будзе прадстаўлена ў законапраекце норма аб стварэнні ў агульнаадукацыйнай установе бацькоўскіх камітэтаў і папячыцельскіх саветаў.
Раіса Станіславаўна падкрэсліла, што дзейнасць гэтых камітэтаў і саветаў адрэгулявана настолькі, што карэкціровак не патрабуе. У час правядзення маніторынгу нейкіх заўваг на гэты конт не паступала ні ад педагагоў, ні ад бацькоў. Грамадскія фарміраванні могуць стварацца ў школе згодна з меркаваннямі кіраўніцтва і бацькоў. Безумоўна, гэта павінны быць не фармальныя аб’яднанні, а такія, якія здольныя прыносіць карысць навучальнай установе і яе калектыву.
Менавіта і наш галоўны закон — Кодэкс аб адукацыі — павінен быць скіраваны на развіццё нашай адукацыі, павышэнне якасці навучання і на стварэнне спрыяльных умоў для нашых педагогаў і навучэнцаў.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.