На краязнаўчым матэрыяле і прыкладах з гісторыі сям’і: як тэма генацыду беларускага народа вывучаецца ў пазаўрочны час

- 12:21Образование

Тэма генацыду беларускага народа трывала ўвайшла ў практыку правядзення класных і інфармацыйных гадзін у школах краіны. Адметным з’яўляецца тое, што гістарычнаму матэрыялу надаецца асобасна значны характар і ён знаходзіць эмацыянальны водгук у навучэнцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На мясцовым матэрыяле

— Асвятленне тэмы генацыду беларускага народа з’яўляецца адным з асноўных кампанентаў нацыянальнай канцэпцыі гістарычнага мінулага і беларускай мадэлі гістарычнай памяці, — адзначае настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 1 Ліды Наталля Ліханава. — Падчас класных і інфармацыйных гадзін педагогі нашай школы звяртаюць увагу на розныя формы разбуральнай палітыкі, якая праводзілася нацыстамі і іх памочнікамі. Дапамогу ў гэтым аказваюць вучэбныя выданні “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. З выкарыстаннем іх матэрыялу школьнікі вывучаюць асноўныя падзеі, формы праяўлення, месцы і існуючыя помнікі, звязаныя з генацыдам мірнага насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. На класных і інфармацыйных гадзінах ажыццяўляецца прагляд відэаролікаў з цыкла “Генацыд. Справа №”, знятых АНТ на аснове паказанняў сведкаў і відавочцаў злачынстваў фашыстаў і іх памагатых у гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама відэафрагментаў краязнаўчага характару, як, напрыклад, фільма “Слёзы Лідскага гета”, знятага лідскім тэлебачаннем у 2017 годзе. Падчас заняткаў педагогі выкарыстоўваюць матэрыялы расследавання злачынстваў, учыненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі, зафіксаванымі ў актах гарадскіх камісій, успаміны відавочцаў, фотаздымкі разбураных гарадоў, сельскіх населеных пунктаў, матэрыялы, прадстаўленыя Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь.

Выкарыстанне рэсурсаў школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Спадчына”, якім кіруе Наталля Ліханава, таксама адкрывае дадатковыя магчымасці па асвятленні палітыкі генацыду беларускага народа, фарміраванні каштоўнасных адносін да гісторыі сваёй краіны, калектыўнай гістарычнай памяці.

—  Правядзенне музейных заняткаў арганізуецца з выкарыстаннем разнастайных форм, як, напрыклад, урок памяці, пасяджэнне юных даследчыкаў, гістарычны альманах, вусная газета, круглы стол. Напрыклад, пры арганізацыі музейных заняткаў па тэме “Генацыд на Лідчыне: трагедыя народа” выкарыстаны інтэрактыўныя метады і прыёмы навучання, з дапамогай якіх ажыццяўляецца работа па авалоданні навыкамі работы з гістарычнымі паняццямі, вывучэнне і аналіз дакументальных матэрыялаў, статыстычных даных, картаграфічных матэрыялаў, сістэматызацыя і абагульненне факталагічнага матэрыялу, прэзентацыя вынікаў асабістага даследавання. На занятках дэманструюцца дакументальныя пацвярджэнні, успаміны мясцовага насельніцтва. Так, напрыклад, адно з заданняў звязана з вывучэннем музейнага прадмета — легітымацыі на імя Марыі Лявошка, выдадзенай у 1943 го­дзе лідскім гебітскамісарыятам (арыгінал). Навучэнцы вывучаюць і ўспаміны В.Ф.Гузоўскага, жыхара вёскі Дакудава-1 Лідскага раёна, 1922 г.н., вывезенага на прымусовыя работы. У хо­дзе работы з такімі дакументамі, сабранымі падчас краязнаўчай экспедыцыі, навучэнцы робяць высновы аб праяўленні палітыкі генацыду, — тлумачыць Наталля Анатольеўна.

Адной з найбольш трагічных форм праяўлення нацысцкай палітыкі ў дачыненні да насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляюцца масавыя злачынствы супраць дзяцінства. Навучэнцы прадстаўляюць вынікі міні-даследавання аб месцах знаходжання дзіцячых канцлагераў у перыяд акупацыі, якія размяшчаліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а ўстаноўленыя скульптурныя кампазіцыі ў памяць аб загубленых дзіцячых жыццях паказва­юць на выразныя сродкі, якія выкарыстаны аўтарамі, каб перадаць боль і трагедыю. У ходзе заняткаў Н.А.Ліханава прапануе схематычна адлюстраваць сваё бачанне скульптурнай кампазіцыі на месцы дзіцячых канцлагераў, дзе яшчэ не ўстаноўлены памятныя знакі. Выкананне гэтага задання дае магчымасць навучэнцам выказаць свой эмацыянальны стан і негатыўнае стаўленне да нацысцкай палітыкі генацыду.

— Выкарыстанне ў рабоце класнага кіраўніка фактычных матэрыялаў, якія сведчаць аб генацыдзе беларускага народа, садзейнічае фарміраванню каштоўнасных адносін вучняў да гістарычнага мінулага свайго народа. Наданне гістарычнаму матэрыялу асобасна значнага характару дазваляе ўздзейнічаць на ўнутраны свет дзіцяці, на выхаванне гуманізму, далучэнне да сістэмы агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей, — лічыць Наталля Ліханава.

Гісторыя сям’і ў гісторыі вайны

На класных і інфармацыйных гадзінах актыўна прымяняюць дапаможнікі “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” педагогі гімназіі № 146 Мінска.

— Гэтыя даможнікі ёсць як у бібліятэцы, так і ў кожным вучэбным кабінеце. Імі можа скарыстацца любы класны кіраўнік, настаўнік-прадметнік, бо напісаны кнігі даступнай мовай, — адзначае настаўніца гісторыі і  грамадазнаўства Святлана Шавель. — Інфармацыйнае насычэнне кожнага раздзела ўліч­вае ўзроставыя пазнавальныя асаблівасці навучэнцаў. Змястоўныя лініі ў дапаможніках агульныя, у іх адлюстраваны намеры нацысцкай Германіі ў дачыненні да беларусаў, апісаны лагеры смерці, карныя аперацыі акупантаў на беларускай зямлі, гвалтоўная адпраўка людзей на прымусовыя работы ў Германію, дзеянні калабарацыяністаў і інш. У кожным дапаможніку асобнай главой прадстаўлены подзвіг беларускага народа, які, нягледзячы на ўсю жорст­касць акупацыйнага рэжыму, не быў зламаны і выстаяў у той страшэннай вайне.  

Акрамя дапаможнікаў, настаўніца выкарыстоўвае матэ­рыялы, якія збіраюцца падчас правядзення экскурсій (напрыклад, наведванне вучнямі Чырвонага Берага), даследчай дзейнасці навучэнцаў.

— Мы займаемся гісторыяй сям’і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і ў нас назапашана цэлая серыя матэрыялаў, прысвечаных генацыду. Вельмі папулярныя матэрыялы нашай выпускніцы Евы Саснавік, якая пісала работу пра генацыд яўрэйскага народа. Яе прабабуля была вязнем Мінскага гета, а потым была вывезена ў Германію, дзякуючы чаму засталася жывой. Зараз у нас таксама ёсць дзве цікавыя работы пра беларускіх остарбайтараў. Аўтарамі работ сталі Паліна Быкоўская і Дар’я Гарохавік. Работа дзевяцікласніцы Дар’і Гарохавік, дарэчы, прадстаўлена на Рэспубліканскі конкурс даследчых работ. Дзяўчына правяла даследаванне пра дзяцей, якія былі ў гады вайны вывезены ў Германію, апісала работы, да якіх яны прыцягваліся, умовы іх жыцця. Навучэнцы ставяць перад сабой мэту — даказаць, што людзі, якіх вывозілі ў Германію, — ахвяры вайны, а не здраднікі, прыстасаванцы, як часам даводзіцца чуць. І вось гэтымі матэрыяламі мы актыўна карыстаемся.

Дзеці суадносяць тое, што яны бачаць у дапаможніку, з жывой гісторыяй сваёй сям’і, сем’яў аднакласнікаў і знаёмых, якая больш эмацыянальна афарбавана і, адпаведна, аказвае яшчэ большае ўздзеянне.

Святлана Шавель з’яўляецца класным кіраўніком 7 класа. Паколькі ў яе кабінеце гісторыі створаны музейны куток “Гісторыя маёй сям’і ў гісторыі маёй краіны”, то ў рабоце актыўна задзейнічаны яго экспанаты, сабраныя вучнямі і педагогамі. Сёлета, дарэчы, на базе гімназіі плануецца адкрыць музей “Мінск гераічны”, а матэрыялы музейнага кутка, у тым ліку і тыя, што прысвечаны генацыду беларускага народа, стануць часткай яго экспазіцыі.

— Незабыўныя ўражанні ў вучняў пакінула студзеньская класная гадзіна, якая была прысвечана остарбайтарам. У дапаможніку “Генацыд беларускага народа” ёсць цэлы раз­дзел, прысвечаны гвалтоўнаму вывазу на прымусовыя работы. Мы не проста аналізавалі лічбы, прадстаўленыя факты, знаёміліся з вытрымкамі з дакументаў, а праз выкарыстанне групавой работы суадносілі ўспаміны сваіх блізкіх, родных і абсалютна незнаёмых людзей (з дапаможніка), якія былі загнаны ў нямецкае рабства. Дарэчы, на інфармацыйных гадзінах перавага аддаецца групавым і парным формам работы, прымяненню інтэрактыўных метадаў навучання, — заўважае педагог. — Такія інфармацыйныя гадзіны садзейнічаюць фарміраванню калектыўнай гістарычнай памяці. Новыя факты, сухія лічбы статыстыкі загінуўшых, узятых у палон, зняволеных у канцлагеры даказваюць поўную нялюдс­касць і варварскую жорст­касць, з якой фашысты праводзілі палітыку генацыду беларускага народа. Заняткі са школьнікамі дазваляюць данесці да іх гэтую інфармацыю і захаваць гістарычную праўду, супрацьстаяць фактам фальсіфікацыі тагачасных падзей. 

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара і з асабістага архіва Н.ЛІХАНАВАЙ