28 студзеня ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” ва ўстановах сярэдняй адукацыі Беларусі прайшоў адзіны дзень інфармавання вучняў. Ён быў прысвечаны актуальнай тэме “Беларуская навука: у нагу з часам”.
Напярэдадні Дня беларускай навукі, які па традыцыі адзначаецца ў нашай краіне ў апошнюю нядзелю студзеня, ва ўстановах адукацыі прайшлі сустрэчы з аўтарытэтнымі людзьмі. Напрыклад, у Дунілавіцкі яслі-сад — сярэднюю школу Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці прыехаў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. У сярэднюю школу № 1 Мінска завіталі дырэктар Інстытута інфармацыйных тэхналогій (ІІТ) БДУІР кандыдат тэхнічных навук Аляксей Ахрыменка і вядучы спецыяліст факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ІІТ БДУІР намеснік дырэктара Акадэміі інфарматыкі для школьнікаў пры БДУІР Марына Ахрыменка. А ў сталічнай гімназіі № 6 пабываў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ад Мінска, галоўны навуковы сакратар НАН Беларусі, доктар хімічных навук Андрэй Іванец.
Як адзначыла дырэктар гімназіі № 6 Вольга Яўгенаўна Смірнова, з госцем установе адукацыі моцна пашанцавала. Вучням заўсёды цікава сустрэцца з прафесіяналамі з розных галін, а тут выпаў выдатны шанс з першых вуснаў даведацца аб апошніх дасягненнях, сучасных тэндэнцыях і планах беларускай навукі. На сустрэчы сабраліся гімназісты, якім у наступным годзе неабходна будзе зрабіць свой першы ў жыцці сур’ёзны выбар — вызначыцца з профілем навучання. Таксама ўдзел у мерапрыемстве прынялі юнакі і дзяўчаты з класа хіміка-біялагічнага профілю.
У фармаце круглага стала адбылася цікавая гутарка гімназістаў з прадстаўніком Нацыянальнай акадэміі навук. Юнакі і дзяўчаты сур’ёзна падрыхтаваліся да сустрэчы і спачатку самі расказалі аб вядомых ім важных айчынных навуковых дасягненнях. Госць быў прыемна ўражаны ведамі вучняў і з задавальненнем працягнуў іх аповед. Разам з Андрэем Іванавічам удзельнікі мерапрыемства адправіліся ў завочнае падарожжа ў Нацыянальную акадэмію навук, падрабязна пазнаёміўшыся з кірункамі дзейнасці і напрацоўкамі ўсіх яе аддзяленняў. Прысутныя паглыбіліся ў акіян розных навук, цікавых адкрыццяў і перспектыўных планаў.
Навука ў Беларусі стала магутнай інтэлектуальнай індустрыяй. Штогод айчынныя навукоўцы ўносяць значны ўклад у развіццё эканомікі краіны, спрыяюць тэхнічнаму прагрэсу. Так, у мінулым годзе ў топ галоўных увайшлі такія распрацоўкі навукоўцаў НАН, як ідэнтыфікацыя метадамі камп’ютарнага скрынінгу і малекулярнага мадэлявання патэнцыяльных інгібітараў каранавіруса; распрацоўка і прымяненне механахімічнага нанамадыфікавання шматфункцыянальных кампазіцыйных пакрыццяў кампанентаў мікратэхнікі; стварэнне лічбавых двайнікоў гідра- і электрамеханічных прывадаў для праектавання і маніторынгу транспартных машын новага пакалення і інш.
Беларускія навукоўцы прымаюць удзел у буйных сістэмных праектах, якія тычацца і атамнай энергетыкі, і аэракасмічнай, біятэхналагічнай галін, фармацэўтыкі, ІТ-сферы, электратранспарту і г.д. Толькі за мінулы год па выніках выканання праектаў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця на базе НАН было створана дзевяць новых вытворчасцей, якія выпускаюць запатрабаваную прадукцыю.
— Сёння мы жывём у велізарным аб’ёме інфармацыйных патокаў, — заўважыў Андрэй Іванец. — Штодня перад вачамі кожнага з нас праносяцца мноства малюнкаў і пастоў у інтэрнэце, мемаў, відэарадоў у “TikTok”… Аднак калі чалавек будзе акцэнтаваць сваю ўвагу толькі на падобных крыніцах інфармацыі, рэдка будзе звяртацца да кніг, яго мысленне непазбежна стане вузкім. І гэта нясе ў сабе вялікую бяспеку. Тады ў будучыні можна згубіць думаючага, творчага маладога чалавека, які здольны генерыраваць інфармацыю, а значыць, асобу з развітым навуковым і творчым мысленнем. Таму так важна атрымліваць глыбокія веды, развівацца.
Падчас гутаркі былі ўзняты і такія тэмы, як нацыянальная бяспека, значнасць навуковых адкрыццяў для штодзённага жыцця, важнасць пачуцця гордасці за гістарычную спадчыну і навуковыя дасягненні сваёй краіны і інш.
Гімназісты скарысталіся магчымасцю задаць навукоўцу пытанні. У прыватнасці, ім было цікава даведацца, які шлях неабходна прайсці, каб стаць доктарам навук, таксама яны захацелі атрымаць больш шырокае ўяўленне аб фундаментальных навуковых даследаваннях, якія вядуцца зараз.
Размова аб навуцы атрымалася цікавай, насычанай і прадукцыйнай. Магчыма, круглы стол з Андрэем Іванцом стане не адзіным мерапрыемствам, а важным крокам да супрацоўніцтва. Напрыканцы сустрэчы з такой ініцыятывай выступіла дырэктар гімназіі № 6.
— Нам бы вельмі хацелася не ставіць кропку на сённяшняй сустрэчы, а пачаць супрацоўніцтва, каб разам з навукоўцамі ў нашай установе арганізаваць Школу пачынаючага вучонага, — адзначыла Вольга Яўгенаўна. — У нас шмат кемлівых, зацікаўленых, дапытлівых гімназістаў, якія, упэўнена, знайшлі б сваю нішу для сумесных даследаванняў і эксперыментаў сёння і, магчыма, шлях у навуку заўтра дзякуючы падтрымцы Нацыянальнай акадэміі навук.
Андрэй Іванец адобрыў ініцыятыву і запрасіў гімназістаў у Нацыянальную акадэмію навук, каб яны на свае вочы пабачылі многае з таго, аб чым ішла гаворка.
Таццяна ШЫМКО.
Фота аўтара.