На крок бліжэй да “Разумнага горада”

Дзевяць новых камп’ютарных класаў на суму 137 тысяч рублёў перадаў ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі Аршаншчыны галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Праграмай развіцця Аршанскага раёна на 2019—2023 гады, зацверджанай указам кіраўніка дзяржавы № 506 ад 31.12.2018, прадугледжана рэалізацыя ў рэгіёне да 2023 года інавацыйнай канцэпцыі “Разумны горад”. У выніку маштабнай лічбавай трансфармацыі Аршаншчына стане высокатэхналагічным рэгіёнам, што аб’ядноўвае ў адзіную жывую сістэму людзей, інфармацыю, элементы інфраструктуры і знаходзіцца ў бесперапынным працэсе паляпшэння ўмоў жыцця, стану навакольнага асяроддзя на аснове ўліку інтарэсаў і ініцыятыў насельніцтва. Інфармацыйныя інавацыі закрануць усе сферы жыццядзейнасці. Напрыклад, плануецца працягнуць рэалізацыю шэрага галіновых праектаў, ажыццявіць запуск геаінфармацыйнай сістэмы, прызначанай для комплекснага планавання і кіравання тэрыторыяй, уключаючы сістэму маніторынгу грамадскага транспарту, шматфункцыянальны гарадскі інтэрнэт-партал з поўнай інфармацыяй аб інфраструктуры і паслугах, “Экалагічную карту” Оршы, аўтаматызаваную сістэму “Дыспетчарская служба”, дадатак “Мабільны майстар” і адзіную інфармацыйную сістэму разлікаў за жыллёва-камунальныя і іншыя паслугі, тэставую зону 5G як базавую інфраструктуру для развіцця тэхналогій “інтэрнэту рэчаў”. Прыклад Оршы паслужыць мадэллю для трансляцыі вопыту ў іншых раёнах у ходзе рэалізацыі стратэгіі стварэння IT-краіны. Канцэпцыя ўключае праект “Электронная школа” па стварэнні інфармацыйна-адукацыйнай прасторы для фарміравання асобы, адаптаванай да жыцця ў інфармацыйным грамадстве.

Як паведаміў начальнік упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі, на рэалізацыю праекта ва ўстановах адукацыі раёна, у адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016—2020 гады, у мінулым годзе было прадугледжана 138 тысяч рублёў. У снежні ў рамках выканання мерапрыемстваў праграмы галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Мінадукацыі паставіў у 39 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Аршаншчыны 94 персанальныя камп’ютары, на якія ў студзені ўстанавілі неабходнае для эфектыўнай арганізацыі адміністрацыйнай работы праграмнае забеспячэнне. У прыватнасці, азначаныя праграмы дазваляюць працаваць у сістэме міжведамаснага дакументаабароту дзяржаўных органаў, ажыццяўляць аналітычную дзейнасць, планаванне і кантроль за арганізацыяй адукацыйнага працэсу, весці розныя віды ўліку. Ва ўстановах адукацыі раёна апрабуецца фармат дыстанцыйнага навучання, укараняюцца элементы мабільнай адукацыі на базе воблачных тэхналогій, сеткавага ўзаемадзеяння педагогаў, навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў з прымяненнем магчымасцей адукацыйных платформ, а таксама працягваецца работа па стварэнні віртуальных прадметных кабінетаў, якія на сёння ёсць больш як у 92 працэнтах гарадскіх і 60 працэнтах сельскіх школ.

— Усе нашы ўстановы адукацыі набылі вэб-камеры і ўстанавілі праграмнае забеспячэнне для работы ў рэжыме відэа-канферэнц-сувязі, — адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. — З сакавіка пасяджэнні савета ўпраўлення па адукацыі, нарады пры начальніку ўпраўлення, вытворчыя нарады з кіраўнікамі падведамасных устаноў праводзім дыстанцыйна. Акрамя таго, у лютым — сакавіку ад Міністэрства адукацыі мы атрымалі 21 інтэрактыўную па­нэль (мультыборд). Такім чынам, на сёння ўсе школы і гімназіі раёна забяспечаны інтэрактыўнымі дошкамі і (або) мультыбордамі, у сакавіку — красавіку было арганізавана навучанне педагогаў рабоце з новым абсталяваннем для яго эфектыўнага выкарыстання ў адукацыйным працэсе. Для выніковай работы настаўнікаў-прадметнікаў ва ўсіх установах забяспечваецца анлайн-доступ да электронных адукацыйных рэсурсаў Міністэрства адукацыі. Новыя камп’ютарныя класы (у кожным камплекце — 12 навучэнскіх камп’ютараў і адзін настаўніцкі) паступілі 21 мая ў сярэднія школы №№ 2, 5 і 21, гімназіі №№ 1 і 2 Оршы, сярэднія школы №№ 15, 18 і гімназію Барані, Арэхаўскую сярэднюю школу імя Ю.В.Смірнова Аршанскага раёна. Карыстаючыся выпадкам, хочацца пера­даць шчырую падзяку міністэрству і асабіста кіраўніку ведамства Ігару Карпенку за падтрымку рэгіёна. З навучальнага года гэтыя камп’ютары будуць інтэнсіўна працаваць на адукацыю і выхаванне нашых дзяцей.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена ўпраўленнем па адукацыі Аршанскага райвыканкама.