На крок наперадзе

- 13:02Сацыяльны ракурс

Такія вялікія канікулы, такі доўгі адпачынак!.. Цудоўна, канечне. Але ў той жа час і вельмі адказна для дарослых: бацькоў, педагогаў, іншых арганізатараў дзіцячага адпачынку, занятасці школьнікаў і навучэнцаў у летні перыяд. Як раней паведамляла “Настаўніцкая газета”, падчас бягучай аздараўленчай кампаніі плануецца аздаравіць каля 342 тысяч школьнікаў. Для дзяцей і падлеткаў мяркуецца арганізаваць яшчэ шмат чаго, акрамя адпачынку ў летніках, і, зразумела, зрабіць гэта максімальна бяспечна.

Адпачыць і не толькі

— Для сталічных школьнікаў арганізаваны адпачынак у кругласутачных лагерах і ў летніках з дзённым знахо­джаннем. Больш за 62 тысячы дзяцей змогуць актыўна і змястоўна ў іх адпачыць, — расказала начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна Віктараўна Рысявец. — Пры гэтым большасць дзяцей сталіцы адпачнуць менавіта ў загарадных аздараўленчых лагерах, што дазволіць ім лепш умацаваць здароўе, цікава правесці лета. Работа лагераў з дзённым знаходжаннем у гэтым сезоне арганізавана ў 3 змены: з 1 да 24 чэрвеня, з 28 чэрвеня да 21 ліпеня і з 26 ліпеня да 19 жніўня.

Кожны летнік падрыхтаваў сваю праграму для школьнікаў, але дзеці ўключаюцца і ў рэспубліканскія праекты: акцыі “Выбар лета. ЗдОрава! ЗдарОва! Карысна! Дружна!”, праект “Ваш выбар”, які ўжо шмат сезонаў рэалізоўваецца сумесна з установамі аховы здароўя і газетай “Пераходны ўзрост”, тычыцца адмаўлення ад шкодных звычак, іншыя.

Лета таксама — час працоўнай занятасці, таму, як расказала спецыяліст, бу­дуць дзейнічаць 83 лагеры працы і адпачынку. 80 з гэтых летнікаў дзённыя, 3 забяспе­чаць працоўную занятасць падлеткаў за горадам. Усяго ў такіх лагерах змогуць адпачыць і папрацаваць больш за 1100 непаўналетніх. Акрамя таго, сумесна са службамі занятасці сталіцы ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі распрацавалі шэраг праектаў, якія дазво­ляць працаўладкаваць больш за 4 тысячы навучэнцаў.

Традыцыйна летам дзейнічаюць профільныя лагеры сумесна з МНС, ГУУС, у тым ліку лагер “Патрыёт” для дзяцей, у адносінах да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — на базе загараднага летніка “Аптыміст” ва ўзаемадзеянні з адной з вайсковых часцей.

Гарадскія ўстановы, без­умоўна, падтрымаюць і спартыўныя акцыі рознага кшталту. Напрыклад, плануецца правядзенне Малых Алімпійскіх гульняў. А сумесна з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка будзе працаваць праект “Дзеці сталіцы”, які даўно стаў неад’емнай часткай сталічнага лета. Студэнты-валанцёры на базе ўстаноў адукацыі арганізоўваюць занятасць дзяцей, якія не адпачыва­юць у ­аздараўленчых лагерах. Сёлета праект рэалізоўваецца на базе 5 раёнаў Мінска у 7 установах адукацыі. Ён прадугле­джвае не толькі змястоўны адпачынак, але і работу з дзецьмі псіхолагаў.

Моладзь, як і заўсёды, мае магчымасць працаваць у студэнцкіх атрадах (летась зрабіць гэта змаглі 11 тысяч дзяўчат і хлопцаў), прычым гэта тычыцца і непаўналетніх, у тым ліку тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або стаіць на індывідуальным прафілактычным уліку.

Прафілактыка

Сёлета ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў Беларусі ­адзначаецца зніжэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей на 6,4%. Але колькасць загінуўшых непаўналетніх вырасла з 4 да 6. Рост колькасці ДТЗ і дзяцей, якія ў іх пацярпелі, адзначаецца ў Мінску. З аднаго боку, прафілактычныя мерапрыемствы даюць заўважны эфект, з другога — іх неабходна працягваць і развіваць, і не толькі тыя, што накіраваны на дзяцей, важна працаваць з дарослымі. Прычым не забы­ваць пра бяспеку на чыгуначным транспарце: сёлета там ужо здараліся няшчасныя выпадкі з дзецьмі.

Таксама адказна дарослыя павінны ставіцца да адпачынку дзяцей на вадзе, тым больш, што сёлета ўжо ёсць выпадкі, калі дзеці танулі. Яшчэ адна небяспека — закінутыя будынкі, няскончаныя будоўлі. Не так даўно, напрыклад, падлетак у Асіповічах гуляў па закінутым будынку, пліты абваліліся, і хлопец застаўся інвалідам. На жаль, як і раней, бываюць выпадкі, калі дзеці падаюць з вокнаў. Тут, безумоўна, уся адказнасць ляжыць на бацьках, каб яны выконвалі галоўнае патрабаванне — не пакідаць дзяцей без нагляду.

 Штогод у рамках Рэспубліканскай міжведамаснай праграмы “Клопат” з 1 мая да 1 кастрычніка праводзіцца маніторынг дзіцячых гульнявых пляцовак. Зразумела, для таго, каб аператыўна ліквідаваць недахопы. А перад заездамі дзяцей у летнікі кожны лагер абследаваны на адсутнасць небяспечных умоў, каб пазбегнуць траўміравання. Падчас змен у лагерах запланавана правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў. Між іншым летам ёсць тэндэнцыя да зніжэння злачыннасці сярод падлеткаў. Асноўнымі злачынствамі сярод іх застаюцца крадзяжы, хуліганства, звязанае з пашко­джаннем маёмасці і нанясеннем цялесных пашкоджанняў, незаконны абарот наркатычных рэчываў. Такім чынам, яшчэ раз растлумачыць усе небяспекі і рызыкі дзецям, мінімізаваць гэтыя нябяспекі — не пажаданне, а патрабаванне для бацькоў.

Дарэчы, з пачатку года падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях выратавалі 21 дзіця, 5 з якіх — на пажарах (даныя на 27 мая). Астатнія сітуацыі звязаны з зацісканнем рук і ног у радыятарах ацяплення, пральнай машыне, канструкцыйных элементах фантана, лажаннем па дрэвах і інш. Асноўны пасыл прафілактычных акцый МНС у сувязі з гэтым усё той жа: не пакідайце дзяцей адных! Дапамогу ў рабоце з дзецьмі дарослым мо­гуць аказаць мабільны дадатак “МНС: дапамога побач!” і іншыя дапаможнікі. Супрацоўнікі МНС, канечне, ужо наведалі ўсе аздараўленчыя лагеры, перш за ўсё звярнуўшы ўвагу на спраўнасць сістэм пажарнай аўтаматыкі і аснашчанасць першаснамі сродкамі пажаратушэння, навучанасць персаналу дзеянням у надзвычайных сітуацыях. Загадзя спецыялісты правялі акцыю “Не пакідайце дзяцей адных” — наведалі мнагадзетныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, маладых бацькоў, нават маці ў радзільных дамах. Таксама правялі конкурс “Сям’Я бяспекі”. Традыцыйна ўсё лета праходзіць акцыя “Канікулы без дыму і агню”, скіраваная ў асноўным на аздараўленчыя лагеры.

 Для тых дзецяй, якія не паедуць у летнікі, у ліпені — жніўні пройдзе акцыя “З клопатам аб бяспецы малой радзімы”. Асноўныя месцы правядзення гэтай акцыі — сельскія населеныя пункты. Варта ўзга­даць і пра рэспубліканскі палявы лагер “Ратавальнік”, які праводзіцца ў выглядзе конкурсных рэгіянальных і рэспубліканскага этапаў, а таксама пра Рэспубліканскі злёт юных ратавальнікаў-пажарных. Фінал злёту праходзіць у верасні ў НДЦ “Зубраня”, а да гэтага ладзіцца адбор у раёнах і абласцях, Мінску. Як заўсёды, працуюць цэнтры бяспекі ў Мінску, Брэсце, Віцебску, Лі­дзе і г.д.

Сёлета прадоўжыцца рэалізацыя сумеснага праекта “Летні патруль”, у якім задзейнічаны АСВОД, МНС, маладзёжныя атрады правапарадку БРСМ па патруляванні вадаёмаў і пляжаў. Свае праекты па бяспецы рэалізоўвае Беларуская піянерская арганізацыя.

Больш увагі — менш траўм

Безумоўна, траўмы ў дзяцей лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Між тым у структуры захваральнасці дзяцей на трэцім месцы знаходзяцца траўмы, няшчасныя выпадкі і атручэнні. За 2020 год ад знешніх прычын краіна страціла 127 дзяцей, з іх 22 дзіцяці — ва ўзросце да года. Але, калі звярнуцца да дынамікі, то за апошнія 10 гадоў такая смяротнасць прыкметна знізілася — амаль у тры разы. Штогод у Беларусі рэгіструецца больш за 700 тысяч траўм, каля 150 тысяч з іх — гэта дзіцячыя траўмы, а гэта значыць, са 100 малых 7—8 атрымліваюць траўмы. Кожны год 60—80 дзяцей становяцца інвалідамі. У структуры прычын дзіцячай смяротнасці смерць ад знешніх прычын займае першае месца (прыкладна 26%). Дзеці малодшага ўзросту ў большасці выпадкаў гінуць з-за недагляду дарослых і часцей за ўсё з-за асфіксіі, калі ў дыхальныя шляхі трапляюць дробныя прадметы: манеткі, магніты і інш.

За мінулы год усяго па Рэспубліцы Беларусь было зарэгістраваны 145 704 першасныя звароты дзяцей ад 0 да 17 гадоў уключна з траўмамі рознай лакалізацыі. Лідар — Мінск, дзе адзначана 48 387 зваротаў, на 2-м — месцы ­Брэсцкая вобласць (20 267 зваротаў). Менш за ўсё зваротаў у Гродзенскай вобласці — 10 753.

Самы траўманебяспечны ўзрост — 10—13 гадоў (амаль 45 тысяч траўм), на 2-м месцы — траўмы дзяцей 5—9 гадоў (37152), на 3-м — падлеткаў 15—17 гадоў (25 471 траўма).

Па месцы і механізме атрымання пераважаюць бытавыя траўмы — 54,4%. На 2-м месцы — вулічныя траўмы (34,6%), на 3-м — спартыўныя (5,7%), потым — школьныя (2,2%), транспартныя (0,4%), гвалтоўныя (0,23%) і іншыя (2,4%). Часцей за ўсё дзеці траўміру­юць канечнасці (74,7%), прычым пераломаў у гэтай колькасці траўм 20%, на 2-м месцы — пашкоджанні галавы і шыі (12,3%), затым — іншыя траўмы, уключаючы апёкі, траўмы ўнутраных органаў і іншыя (13%).

За апошнія гады павялічылася колькасць і з’явіліся новыя відаў траўм, атрыманых пры катанні на цюбінгах, электрасамакатах, монаколах і г.д. Так, летась 499 дзяцей пацярпелі ад скачкоў на батуце, 414 — пры катанні на цюбінгах і санках, 2083 — на веласіпедах, роліках і скейтбордах — 820, электрасамакатах, электраскутарах — 360, монаколах — 39. У цэлым жа ў 2020 годзе ў параўнанні з папярэднім адбылося зніжэнне ўсіх відаў траўм на 11%, у тым ліку школьных — на 30,5%.

Што тут сказаць? Як кажуць педыятры, дзіця павінна быць на адлегласці выцягнутай рукі. Таму і вывад просты: пастаянны нагляд, добры ўласны прыклад, стварэнне бяспечнага асяроддзя, карацей, — прафілактыка. Міністэрства аховы здароўя, дарэчы, распрацавала метадычныя рэкамендацыі па прафілактыцы траўматызму, якія можна адшукаць на яго сайце ў сацыяльных сетках. На базе ўстаноў аховы здароўя створаны 21 мадэльны цэнтр па навучанні бацькоў прафілактычным мерапрыемствам, арганізацыі бяспечнага асяроддзя, кансультавання. Такія цэнтры — гэта пакоі, у якіх змадэляваны жылыя памяшканні, і спецыялісты паказваюць і расказваюць дарослым, дзе дзіця ў кватэры падпільноўвае небяспека і як гэтага пазбегнуць. А ў цэлым — як быць на крок наперадзе за небяспеку.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.