На крылах дабра і міласэрнасці

- 12:24Выхаваўчая прастора

“Добрым быць зусім-зусім не проста, не залежыць дабрыня ад росту…” Так спяваецца у адной песні пра дабрыню. Гэта сапраўды так. І задача педагагічнага калектыву нашай установы адукацыі — дапамагчы кожнаму навучэнцу стаць сапраўдным сябрам сваім таварышам, выхаваць асобу чалавечную, міласэрную.

Ужо на працягу больш як 15 гадоў ва ўстанове адукацыі дзейнічае валанцёрскі атрад “Данка”. Асноўная задача атрада — аказанне дапамогі састарэлым, падтрымка іх добрым словам, парадай і імкненне атуліць сваім цяплом. З сакавіка гэтага года валанцёры актыўна ўключыліся ў рэалізацыю абласной акцыі “На крылах дабра і міласэрнасці”. Асноўная мэта гэтай акцыі — прыцягнуць увагу моладзі да праблем пажылых людзей, тым самым мы стараемся захаваць пераемнасць пакаленняў, а таксама сфарміраваць у моладзі паважлівае стаўленне да састарэлых грамадзян.

На рахунку нашых валанцёраў шмат карысных і добрых спраў. На працягу ўсяго перыяду, у тым ліку і ў час летніх канікул, валанцёры аказвалі дапамогу і падтрымку пажылым людзям. Прымаючы ўдзел у міні-акцыях “Восеньскі лістапад”, “Калі не мы, то хто ж?”, “Клопатам саграваюцца сэрцы”, “Дом, у якім ты жывеш”, школьнікі з добрым cэрцам і ўмелымі рукамі зладжана наводзілі парадак на прысядзібных участках, займаліся праполкай кветнікаў. Як вынік — добры настрой і словы падзякі ад людзей.

Да Міжнароднага дня пажылых людзей у школе праходзіць шмат мерапрыемстваў, накіраваных на выхаванне ў дзяцей і падлеткаў пачуцця міласэрнасці, дабрыні, спагады; уключэнне вучняў школы ў работу, накіраваную на арганізацыю дапамогі тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

У ходзе восеньскай акцыі “Новае пакаленне выбірае павагу” валанцёры дапамагаюць ва ўборцы садавіны і агародніны з садоў і агародаў, зграбаюць сухую траву і лісце, спускаюць у падвалы нарыхтоўкі на зіму, прыбіраюць у доме і многае іншае. Пасля працоўных акцый валанцёры абавязкова знаходзяць час пагутарыць з людзьмі, якія цэняць кожную хвіліну зносін з маладым пакаленнем. У цёплай атмасферы дзеці ўважліва слухаюць аповеды ветэранаў пра ранейшае жыццё, задаюць пытанні і ганарацца людзьмі, якія зрабілі шмат для таго, каб мы жылі ў шчаслівай і мірнай краіне.

Пасля такіх сустрэч кожны ветэран адчувае сябе патрэбным, важным для маладога пакалення, а валанцёры на канкрэтных прыкладах вучацца быць неабыякавымі да старэйшых. Спадзяёмся, што нашы вучні, пакінуўшы сцены ўстановы адукацыі, будуць прыносіць карысць людзям.

Алена БУДНІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.