На крылах творчасці і сяброўства

У Маскве дадзены старт культурна-пазнавальнаму праекту “Арт-панарама Расія — Беларусь”.

Магчымасць прадэманстраваць свае лепшыя дасягненні, знайсці новых сяброў і азнаёміцца са славутасцямі расійскай сталіцы напярэдадні Новага года і Каляд стала цудоўным падарункам для больш чым 450 удзельнікаў Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Арт-панарама Расія 2021”. Накіраваны на кансалідацыю творчых і парт-нёрскіх кантактаў, пашырэнне агульнай культурна-адукацыйнай прасторы ў рамках Саюзнай дзяржавы маштабны праект рэалізуюць віцебскае культурна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Арт-панарама”, турыстычна-інфармацыйны цэнтр “Ілва” і аргкамітэт Міжнароднага фестывалю-конкурсу рускай культуры “Вытокі” пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі і Дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. “Настолькі знакавае мерапрыемства ўносіць важкі ўклад у папулярызацыю беларускай і расійскай культуры, выхаванне ў падрастаючага пакалення паважлівага стаўлення да традыцый нашых народаў, развіццё сяброўскіх сувязей, — гаворыцца ў прывітанні Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы на адрас удзельнікаў, арганізатараў і гасцей “Арт-панарамы Расія 2021”. — Гэта асабліва значна для ўмацавання сяброўства і ўзаемаразумення паміж моладдзю Беларусі і Расіі”.

Як расказала дырэктар турыстычнай фірмы “Ілва” Ларыса Пятроўская, на працягу многіх гадоў турыстычна-інфармацыйны цэнтр “Ілва” развівае міжнародны праект ART-PANORAMA — аўтарскія праграмы ў галіне культурна-адукацыйнага турызму ў нашай краіне і замежжы. Акрамя таго, цэнтр з’яўляецца ініцыятарам і ўваходзіць у склад арганізатараў многіх праектаў, што сёння можна назваць візітнымі карткамі фестывальнай сталіцы Бе-ларусі, такіх як “Арт-парад”, “Вясёлка над Віцебскам”, “Дзве сястры: Беларусь і Расія”. Апошні з прыве-дзенага пераліку — міжнародны фестываль-конкурс, прысвечаны Дню яднання народаў нашых краін. Менавіта па прапанове яго актыўных удзельнікаў, вядучых творчых самадзейных калектываў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, фармат мерапрыемства вырашана было пашырыць. Ідэя сустрэла моцную партнёрскую падтрымку. Так нарадзіўся новы праект — “Арт-панарама Расія — Беларусь”.

Прэзідэнт Міжнароднага фестывалю-конкурсу рускай культуры “Вытокі” Кацярына Сяргеева: “З радасцю прыязджаю ў Беларусь, асабліва на фестывалі ў Віцебску. Гэта цудоўны горад, цудоўная краіна, цудоўныя добрыя людзі. Важна, каб асабістыя адносіны паміж беларусамі і расіянамі, сяброўства паміж народамі развіваліся, пачынаючы з маладога пакалення. Калі нашы дзеці будуць сябраваць паміж сабой, то ўсё будзе добра і нішто не зможа змяніць парадак рэчаў, бо дзеці стануць дарослымі і за імі будучыня. У тым ліку і будучыня нашага праекта, дзе ўжо ёсць планы на перспектыву. Вельмі хачу паказаць беларусам сваю краіну, каб яны, як я сама, палюбілі Расію”.

Фестывальны экспрэс адправіўся ў Расію з Мінска і Оршы раніцай 9 снежня. Юных артыстаў, блогераў і мастакоў чакалі рэпетыцыі і выступленні, творчыя сустрэчы і майстар-класы, прэзентацыі, выставы і цікавая экскурсійная праграма. У Маскоўскім доме нацыя-нальнасцей кампетэнтнае журы пад старшынствам народнай артысткі Расіі Надзеі Крыгінай і заслужанага артыста Расіі кампазітара Уладзіміра Міхайлава ацаніла конкурсныя нумары творчых сама-дзейных калектываў і выканаўцаў.

На наступны дзень эпіцэнтр фестывальных па-дзей перамясціўся ў Дзелавы і культурны комплекс Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. Спачатку тут адкрылася выстава работ выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а затым адбыліся гала-канцэрт “Дзве сястры: Беларусь і Расія” і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў.

Саветнік-пасланнік пасольства Беларусі ў Расіі Вадзім Сянюта: “Нягледзячы на выклікі часу, праект уражвае сваёй насычанай, змястоўнай праграмай і геаграфіяй. Гэта яркае пацвярджэнне моцных беларуска-расійскіх культурных, гуманітарных сувязей, як і многіх іншых. Мы бачым перспектывы тых прарыўных творчых ініцыятыў, якія ажыццявім заўтра ў новым, больш шырокім маштабе. Дзякуючы ўзаемнаму прыцягненню нашых культур, іх узаема-пранікненню, духоўнае жыццё нашых народаў з кожным днём становіцца больш насычаным і багатым. Для многіх удзельнікаў фестываль-конкурс — важны этап творчага шляху, стымул да пакарэння новых прафесійных вяршынь. Шчыра спадзяюся, што гэтае свята стане па-сапраўднаму добрай традыцыяй і з году ў год будзе радаваць гледачоў і ўдзельнікаў”.

Гран-пры фестывалю ўзнагароджаны Маскоўская гарадская творчая студыя — тэатр моды “Лабараторыя “Дызайн-Мода” цэнтра пазашкольнай работы “На Сумскім” (кіраўнікі Гузель Зайнуліна, Таццяна Саламаціна) і навучэнка Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа Варвара Калесніковіч (кіраўнік Нэлі Бароўская).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.