На крылах творчасці — праз усё жыццё

Надзея Канстанцінаўна Развадоўская — педагог дадатковай адукацыі Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, знакаміты майстар Ваўкавышчыны па ткацтве, саломапляценні, вышыўцы, вырабе лялек  з пап’е-машэ. Прырода надзяліла Надзею Канстанцінаўну творчым талентам і ўменнем бачыць вакол сябе прыгожае. На занятках аб’яднанняў па інтарэсах “Лялькі” і “Габелен” навучэнцы ткуць і  вышываюць, робяць лялек з пап’е-машэ, асвойваюць прыёмы работы з саломай. Надзея Канстанцінаўна самастойна, па кнігах, асвоіла тэхніку ткацтва паясоў. Саматканыя паясы яна выкарыстоўвае для ўпрыгожвання самаробных лялек. Падперазаўшыся яе паясамі, выходзяць на сцэну і ўдзельнікі аматарскіх танцавальных калектываў Ваўкавыска “Медуніца” і “Чобаты”.

На працягу апошніх  гадоў Надзея Канстанцінаўна і яе навучэнцы займаюцца вырабам саматканых габеленаў. Для сваіх работ яны выбіраюць  сюжэты малой радзімы — гарадскія пейзажы, скверы і вулачкі Ваўкавыска. У планах педагога — стварыць серыю тэматычных габеленаў з краявідамі Ваўкавышчыны.

На пачатку сваёй творчай педагагічнай дзейнасці Надзея Канстанцінаўна захаплялася вырабам лялек з пап’е-машэ. У калекцыі майстра і яе навучэнцаў больш за 7 дзясяткаў лялек: гэта і свацця з саматканым поясам, і лялька-ваўкавычанка, і беларусачка, і містар Ікс, і іншыя. У кожнай лялькі свой характар і настрой, аўтарскі падыход. У 2015 годзе ўсе лялькі выстаўляліся на дабрачыннай абласной выставе “Людзі і лялькі”.

Яшчэ адзін кірунак творчай дзейнасці Надзеі Канстанцінаўны — вышыўка. Даведаўшыся пра розныя прыёмы вышыўкі, яна вынайшла асабістую тэхніку вышыўкі гладдзю. Вышываныя шыўкі ў яе работах — як быццам мазкі фарбаў на карціне. Работа “Баба Яга” з казкі “Гусі-лебедзі”, выкананая навучэнцамі ў гэтай тэхніцы, заняла 1-е месца ў абласным этапе Рэспубліканскай выставы дзіцячай творчасці Каzki.by. 

Надзея Канстанцінаўна дасканала валодае інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі і актыўна выкарыстоўвае іх у сваёй творчай і педагагічнай дзейнасці. На сайце “Краіна майст­роў” педагог мае сваю старонку, дзе змяшчае віртуальныя майстар-класы па вырабе творчых работ у розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (спасылка на сайт https://stranamasterov.ru/blog/274342). Навучэнцы Н.К.Развадоўскай з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі і пераможцамі абласных і рэспубліканскіх выстаў-конкурсаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Святочныя забавы”, “Калядная зорка”, “Прывітанне, свет!”, “Саматканы цуд”. Самаробная кніга сям’і Развадоўскіх заняла 2-е месца ў абласным конкурсе Гродзеншчыны на лепшую самаробную кнігу. Габелен “Калядоўшчыкі” заняў 1-е месца на Рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка” ў  студзені 2019 года. Праект дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Стварэнне сюжэтнай кампазіцыі “Вобразы роднага краю” ў тэхніцы габелен у рамках дзіцячага аб’яднання па інтарэсах” у намінацыі “Захаванне традыцый: беларуская народная творчасц­ь” заняў 1-е месца ў абласным этапе Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый”.

Спыняцца на дасягнутым Надзея Канстанцінаўна не збіраецца: надта шмат у яе самой і яе навучэнцаў новых і арыгінальных задум.

Вольга КУХЦЮК,
загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці Ваўкавыскага ЦТДіМ.