На лепшых прыкладах

Актыўна ўдзельнічаць у жыцці роднай краіны вучацца ў сваіх знакамітых землякоў аршанскія гімназісты. Кожная сустрэча ў рамках рэспубліканскага праекта “ШАГ” дазваляе моладзі паўдзельнічаць у адкрытым дыялогу з вядомымі людзьмі, якімі славіцца Аршаншчына, — дзяржаўнымі і грамадскімі дзеячамі, дэпутатамі, вучонымі, пісьменнікамі, артыстамі, спартсменамі. Старшакласнікі спрабуюць сябе ў дэбатах, абмяркоўваюць хвалюючыя іх пытанні з аўтарытэтнымі суразмоўцамі.

Падобныя сустрэчы спрыяюць развіццю крытычнага мыслення, аналітычных здольнасцей, камунікатыўных уменняў і навыкаў. “Беларусь сёння: захоўваючы і прымнажаючы добрыя традыцыі” — абазначылі мы тэму мінулага адзінага дня інфармавання, на які запрасілі дэпутата Аршанскага раённага Савета дэпутатаў Людмілу Марціновіч, выконваючага абавязкі дырэктара хакейнага клуба “Лакаматыў-Орша”, кіраўніка каманды, старшага трэнера Яўгена Мазура, капітана клуба “Лакаматыў-Орша” Паўла Дашкова, пераможцаў міжнародных спаборніцтваў па шорт-трэку Кацярыну Аўчыннікаву і Івана Кісліцына.

Адзіны дзень інфармавання прайшоў у форме дыскусіі, у ходзе якой удзельнікі маглі выказаць сваё меркаванне пра падзеі, што адбыліся ў Беларусі напярэдадні Новага года. Жывую цікавасць навучэнцаў выклікалі выступленні гасцей. Прадстаўнікі “Лакаматыву-Орша” азнаёмілі з дасягненнямі аршанскіх хакеістаў і свайго клуба — малады, моцны і перспектыўны, ён на цяперашні час узначальвае турнірную табліцу экстралігі (група В). Цікава было даведацца, што дзіцячую школу клуба наведвае амаль 200 юных аматараў хакея. Кандыдаты ў майстры спорту Кацярына Аўчыннікава і Іван Кісліцын расказалі, чаму яны выбралі для сябе шорт-трэк і чым плануюць займацца ў будучыні. Многія юнакі і дзяўчаты задавалі пытанні, дзяліліся сваімі думкамі аб развіцці спорту ў краіне, стаўленні дзяржавы да таленавітай моладзі, важнасці захавання і памнажэння традыцый у сям’і, гімназіі, дзяржаве. Дзяўчаты з 8-х класаў прапанавалі ўвесці новую традыцыю і праводзіць урачыстыя балі для навучэнцаў гімназіі. Размова атрымалася інфарматыўнай і карыснай як для навучэнцаў, так і для гасцей.

Аксана СВЯЦКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 2 Оршы.