На Лідчыне рэалізуецца праект «Ад інклюзіўнай адукацыі — да інклюзіўнага горада»

- 14:24Гродненская область, Индекс успеха, Образование

На Лідчыне другі год рэалізуецца праект “Ад інклюзіўнай адукацыі — да інклюзіўнага горада”. У цэнтры ўвагі — неабмежаваныя магчымасці дзяцей. Усіх і кожнага. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Мы і раней актыўна працавалі ў рамках рэалізацыі плана развіцця інклюзіўнай адукацыі. З году ў год з гэтай мэтай удасканальваюцца ўмовы для адукацыі дзяцей з асаблівасцямі развіцця, ствараецца безбар’ернае асяроддзе. Для персанальнага суправаджэння дзяцей уводзяцца стаўкі выхавальнікаў і памочнікаў выхавальнікаў, — расказвае пра работу ў гэтым напрамку начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Зігмундаўна Тарасюк.

Ключавой жа ідэяй праекта стала садзейнічанне сацыялізацыі і самарэалізацыі дзяцей з асаблівасцямі развіцця праз максімальнае выкарыстанне магчымасцей разнастайнай творчай, забаўляльнай, працоўнай, экалагічнай дзейнасці.

Адзін з першых крокаў на шляху рэалізацыі праекта — стварэнне мабільнага раённага клуба “Валанцёр — гучыць адказна і ганарова”.

— У інклюзіўны валанцёрскі рух актыўна ўключыўся раённы маладзёжны парламент. І, вядома ж, мы ганарымся, што лідар маладзёжнага парламента Ганна Каламыцкая (сёння яна ўжо першакурсніца Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь) была прызнана пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года” ў намінацыі “Асабісты ўклад”, — адзначае Вольга Тарасюк.

У выніку рэалізацыі праекта на Лідчыне амаль 70 працэнтаў дзяцей з асаблівасцямі развіцця і інваліднасцю пачалі наведваць аб’яднанні па інтарэсах.

— Актыўна выкарыстоўваем пакоі сенсорнай інтэграцыі. Сёння гэта не толькі карэкцыйныя заняткі па індывідуальных праграмах, але і актуальныя тэматычныя цыклы, напрыклад, “Вучымся кантактаваць”, “Мая рухальная актыў­насць”. Акрамя таго, сумесна з раённым цэнтрам рамёстваў укараняем методыку глінатэрапіі, — дадае Вольга Зігмундаўна.

Не застаюцца без увагі і бацькі асаблівых дзяцей. Для іх у раёне працуе адкрытая бацькоўская пляцоўка “Прыступкі да поспеху”. Акрамя таго, па ініцыятыве ўпраўлення адукацыі кожны месяц дзеці з АПФР і інваліднасцю наведваюць папулярны сярод лідчан гульнявы цэнтр.

Адной з цікавых старонак маштабнага праекта стаў комплексны адукацыйны праект “ЗааДоктар”, які рэалізуецца сумесна з ветэрынарным цэнтрам ратавання жывёл. Педагог дадатковай адукацыі і ветэрынарны ўрач-хірург Павел Жульпа разам са сваёй незвычайнай камандай — катом з тытанавымі лапкамі і сабакам, у якога ад нараджэння няма адной лапы, правёў дзясяткі сустрэч з дзецьмі. Галоўным вынікам незвычайнай заатэрапіі сталі жыццесцвярджальныя высновы дзяцей.

— Дзецям з абмежаванымі магчымасцямі здароўя і іх бацькам важна разумець, што яны не адны. Заўсёды знойдзецца той, хто працягне руку… або лапу, як кажа наш Павел Паўлавіч, — дадала Вольга Тарасюк.

Кацярына МАЦЕВІЧ