На месцы бою

- 11:47Краязнаўства

Весела і з карысцю правялі час у лагеры з дзённым знаходжаннем “Вясёлка” вучні сярэдняй школы № 3 Капыля. На працягу змены 50 хлопчыкаў і дзяўчынак былі ўцягнуты ў калейдаскоп розных падзей. З мэтай пашырэння ведаў выхаванцаў аб гістарычных, культурных і прыродных асаблівасцях малой радзімы было арганізавана мноства цікавых экскурсій. Надоўга запомніцца навучэнцам экскурсія па месцах баявой славы Капыльскага раёна.

Падчас экскурсіі супрацоўнік Капыльскага раённага краязнаўчага музея Андрэй Мікалаевіч Лятчэня расказаў дзецям пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якія адбываліся на тэрыторыі горада і раёна. Школьнікі пабывалі каля помніка на вуліцы Заазёрнае ў Капылі: на гэтым месцы 1 ліпеня 1944 года зенітная батарэя 255-га артылерыйскага палка капітана Фёдара Іванова скавала дзеянні чатырох нямецкіх штурмавікоў, якія імкнуліся прарвацца ў цэнтр горада. Зенітчыкі прымусілі нямецкія самалёты павярнуць ад горада і скінуць бомбы ў лесе. Але 10 чалавек на чале з камандзірам загінулі… Потым удзельнікі экскурсіі адправіліся да помніка ва ўрочышчы Гнілуха, што знаходзіцца за 5 кіламетраў ад Капыля. Тут 9 мая 1942 года адбыўся першы вялікі бой партызан атрадаў імя Чапаева, Будзённага і Катоўскага супраць карнікаў. Партызаны знішчылі больш за 60 ворагаў.

Наступным пунктам экскурсіі стаў помнік загінуўшым партызанам, які знаходзіцца каля вёскі Клецішча. Тут 3 снежня 1942 года адбыўся вядомы Лаўскі бой. У той страшны дзень быў атрыманы загад не падпускаць немцаў да вёскі Лавы, дзе знаходзіліся партызанскі шпіталь і штаб брыгады. Камандзіру аднаго з узводаў атрада імя Катоўскага Вікенцію Драздовічу і яго падначаленым было загадана затрымаць наступленне ворага на 2 гадзіны, але яны пратрымаліся ў два разы больш, шпіталь паспелі эвакуіраваць. Бой быў вельмі цяжкім і няроўным. 18 партызан гераічна загінулі, але і каля 80 фашыстаў знайшлі тут магілу. Вікенцій Драздовіч быў пасмяротна ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза, а радавых байцоў пасмяротна прадставілі да ордэнаў Айчыннай вайны I ступені.

Экскурсія прадоўжылася ў Лаўскім лесе, дзе ў гады вайны быў партызанскі лагер. Пра ваенны час тут нагадваюць адноўленыя зямлянкі. Яны выклікалі вялікую цікавасць у вучняў.

Таццяна НЯДЗЕЛЬКА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Капыля.