На “Метадычным экспрэсе” да павышэння якасці

- 10:50Навіны рэгіёнаў

Асноўнымі задачамі дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі на найбліжэйшую перспектыву вызначаны ўдасканаленне якасці адукацыйнага працэсу і інавацыйны характар аб’яднанняў па інтарэсах розных профіляў. Усё гэта можна забяспечыць толькі ў той установе адукацыі, дзе працуе высокапрафесійны, творчы педагагічны калектыў. Таму на Магілёўшчыне прыярытэтная ўвага ўдзяляецца бесперапыннаму ўдасканаленню прафесійнага майстэрства педагогаў дадатковай адукацыі. Каардынатарам метадычнай работы ў гэтым напрамку выступае Абласны цэнтр творчасці.

Вядучыя прынцыпы арганізацыі метадычнай работы ў Абласным цэнтры творчасці — супрацоўніцтва, партнёрства і канструктыўны прафесійны дыялог.

—Сваёй ключавой задачай мы бачым мэтанакіраванае садзейнічанне пастаяннаму развіццю навучальных устаноў у адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі развіцця дадатковай адукацыі. Важна развіваць традыцыі і станоўчы вопыт, накіраваныя на абнаўленне зместу дадатковай адукацыі, прафесійны рост педагагічных работнікаў, — адзначыла метадыст інструктыўна-метадычнага аддзела АЦТ Н.П.Ластачка.

Паводле яе слоў, традыцыйнымі формамі павышэння прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў з’яўляюцца штогадовы конкурс “Педагог дадатковай адукацыі”, семінары-практыкумы, выязныя семінары па абмене вопытам работы, школа перадавога вопыту. З улікам рэалій нашага часу ўкараняюцца і інавацыйныя формы ўзаемадзеяння. Так, сёлета арганізавана работа групы па праблеме “Педагагічны вопыт: выяўленне, абагульненне, прэзентацыя”.

— На сучасным этапе павышэння прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў важная роля належыць перадавому педагагічнаму вопыту. Ва ўстановах дадатковай адукацыі пастаянна праектуюцца, апрабуюцца методыкі, прыёмы, інавацыйныя тэхналогіі навучання і выхавання. Вывучыць, прааналізаваць і абагульніць вопыт асобных педагогаў, зрабіць яго здабыткам педагагічнага калектыву, установы — адна з галоўных задач метадычнай службы. Аднак мы заўважылі, што нашы педагогі часта сутыкаюцца з пэўнымі цяжкасцямі пры абагульненні свайго эфектыўнага вопыту. Нават дасведчаныя педагогі адчуваюць складанасці ў фармуляванні асноўных ідэй вопыту і апісанні сакрэтаў свайго прафесійнага майстэрства. Дапамагчы справіцца з гэтым заклікана метадычная служба. Таму мы арганізавалі дзейнасць адпаведнай тэматычнай праблемнай групы. Пасяджэнні групы ў форме тэарэтычных і практычных заняткаў будуць праводзіцца на працягу ўсяго навучальнага года на базе Абласнога цэнтра творчасці. Мы плануем, што дзейнасць праблемнай групы дапаможа істотна павысіць якасць метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі, — паведаміла Наталля Пятроўна.

Яшчэ адной інавацыйнай формай ­кластарнага метадычнага ўзаемадзеяння з установамі дадатковай адукацыі рэгіёна сёлета стане выязная пляцоўка “Метадычны экспрэс”. Як падкрэсліла Н.П.Ластачка, у аснове яе работы — практыка-арыентаваная, навучальная, дзейсная метадычная дапамога, прэзентацыя і дыссемінацыя вопыту эфектыўнай адукацыйнай дзейнасці.

— Дзейнасць “Метадычнага экспрэса” разглядаецца як сістэмны, мэтанакіраваны працэс адукацыйных мерапрыемстваў па павышэнні прафесійнага ўзроўню педагагічных работнікаў, а таксама пошуку аптымальных методык, прыёмаў, форм навучання і выхавання дзяцей, — расказала Наталля Пятроўна.

У рамках дзейнасці “Метадычнага экспрэса” ўсім установам дадатковай адукацыі рэгіёна прадастаўлена магчы­масць прэзентацыі эфектыўнага вопыту. Платформа будзе дзейнічаць на працягу ўсяго бягучага навучальнага года. Выязное навучанне плануецца праводзіць у васьмі тэрытарыяльных групах, а вядучымі прынцыпамі арганізацыі работы стануць супрацоўніцтва, партнёрства і канструктыўны прафесійны дыялог. Навучанне спецыялісты Абласнога цэнтра творчасці будуць праводзіць па чатырох тэматычных блоках, якія закранаюць асноўныя напрамкі функцыянавання ўстаноў дадатковай адукацыі, а менавіта: “Арганізацыйна-прававое забеспячэнне дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”, “Павышэнне якасці метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу”, “Асноўныя аспекты ў павышэнні выніковасці дзейнасці ўстановы”, “Прэзентацыя інавацыйных форм работы ўстановы”.

— Мы правялі маніторынг і вызначылі найбольш значныя напрамкі работы. Значную ўвагу ўдзялілі нарматыўнай прававой базе і непасрэднаму выкарыстанню дакументаў педагагічнымі работнікамі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, мадэрнізацыі дзейнасці метадычных службаў, павышэнню выніковасці дзейнасці навучальных устаноў, пашырэнню магчымасцей для прэзентацыі станоўчага педагагічнага вопыту. Важна, што ў аснову рэалізацыі тэм кожнага блока будзе пакладзены практыка-арыентаваны прынцып і разнастайны спектр узаема­дзеяння: педагагічныя майстэрні, прэзентацыі, панарама педагагічных ідэй, мазгавы штурм, гадзіна пытанняў і адказаў, кансультацыі па запытах. На працягу навучальнага года па неабходнасці тэмы для абмеркавання будуць мяняцца, дапаўняцца ці карэкціравацца, — патлумачыла Н.П.Ластачка.

Кіраўніцтва Абласнога цэнтра творчасці пераканана, што “Метадычны экспрэс” стане сапраўднай педагагічнай майстэрняй па праектаванні адукацыйных праграм дадатковай адукацыі, свое­асаблівым метадычным фондам інавацыйнага вопыту навучальных устаноў, а значыць, будзе садзейнічаць агульнаму развіццю, мадэрнізацыі і павышэнню якасці адукацыйнага працэсу ва ўстановах дадатковай адукацыі рэгіёна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.