На Міншчыне падвялі вынікі работы сістэмы адукацыі за мінулы год

- 11:03Актуально

Для сістэмы адукацыі Міншчыны мінулы год быў паспяховым. На гэта падчас пасяджэння выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама звярнулі ўвагу міністр адукацыі Анд­рэй Іванец і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. На пытаннях развіцця сістэмы адукацыі цэнтральнага рэгіёна таксама зрабіў акцэнт намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Ільясевіч. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У час наведвання выставачных пляцовак, дзе дэманстраваліся асноўныя дасягненні вобласці за год, А.Іванец засяродзіў увагу на некалькіх важных аспектах у развіцці сістэмы адукацыі краіны.

Патрыятычным выхаваннем мы пачынаем зай­мацца яшчэ ў дзіцячым садзе, і гэта правільна, — адзначыў Андрэй Іванец. — Дашкольны ўзрост — гэта той час, калі дзіця пераймае і запамінае ўсё, што чуе ад дарослых. Таму мы павінны цесна працаваць з бацькамі і разам з імі выхоўваць сапраўдных грамадзян.

Міністр адукацыі зрабіў упор і на развіццё агульнай сярэдняй адукацыі. Андрэй Іванавіч сказаў, што ў школах вялікая ўвага ўдзяляецца прафарыентацыйнай рабоце.

— Важна, каб нашы дзеці, яшчэ калі вучацца ў школе, рабілі ўсвядомлены выбар будучай прафесіі: паступалі ў каледжы, станавіліся спецыялістамі сярэдняга звяна альбо выбіралі для далейшага навучання УВА, — дадаў А.Іванец, — а тыя веды, якія яны атрымаюць ва ўстановах, пасля прымянялі ў жыцці, свой прафесіяналізм накіроўвалі на тое, каб наша краіна станавілася яшчэ больш прыгожай і лепшай. Асаблівае значэнне сёння павінна надавацца пытанням прафілактычнай работы. Нам трэба размаўляць з падлеткамі і моладдзю, тлумачыць ім ступень адказнасці за тыя ці іншыя супрацьпраўныя ўчынкі.

На пленарным пася­джэнні начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мікалай Башко гаварыў пра важныя дасягненні вобласці і акрэсліў планы і задачы на наступны год.

— У Год якасці мы сур’ёзна працавалі над якасцю агульнай сярэдняй адукацыі, на трэцяй ступені працягвалі развіваць профільнае навучанне, — адзначыў Мікалай Мікалаевіч. — За тры апошнія гады больш як на 100 чалавек павялічылася колькасць дзяцей, якія па мэтавых накіраваннях паступілі на педагагічныя спецыяльнасці.

За апошні год на Міншчыне былі пабудаваны дзве новыя школы і адна ўстанова дашкольнай адукацыі, значныя сродкі накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў шляхам правядзення рамонтных работ. На іх арганізацыю і для набыцця абсталявання накіравана 137,3 млн рублёў, каля 128 млн рублёў — на праектаванне і будаўніцтва. Акрамя таго, былі закуплены 78 аўтобусаў для арганізацыі падвозу дзяцей.

— Асноўныя дасягненні — у адукацыйным працэсе, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення. — Дашкольная адукацыя на Міншчыне застаецца даступнай, а якасць падрыхтоўкі выхаванцаў да школы вельмі высокая. Адной з эфектыўных форм аб’яднання дзяцей для павышэння ўзроўню экалагічнай адукаванасці і экалагічнай культуры стала школьнае лясніцтва — іх у вобласці 61. У лістапа­дзе прайшоў першы абласны злёт школьных лясніцтваў, але асаб­лівую знач­насць гэты кірунак набывае ў Год добраўпарадкавання.

Дзякуючы прафесіяналізму педагогаў, назіраецца станоўчая дынаміка па эстэтычных напрамках і тэхнічных відах спорту. У рэспубліканскім рэйтынгу прадстаўнікі Міншчыны заваявалі дзе­вяць 1-х, сем 2-х і адно 3-е месцы. Важнымі элементамі выхавання здаровага пакалення з’яўляюцца правядзенне фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў, удасканаленне дзейнасці сеткі спецыялізаваных спартыўных класаў. Так, сёння ў раёнах Мінскай вобласці функцыянуе 61 спецыялізаваны клас па 17 відах спорту, у якім вучацца 1009 дзяцей.

— Летась шмат увагі ўдзя­лялі развіццю школьнага спорту, сур’ёзна ўмацоўвалі стадыёны і спартзалы, набывалі спортінвентар, — сказаў М.Башко. — Сёння таксама ставім амбіцыйныя задачы і спадзяёмся, што бягучы год будзе не менш паспяховым, чым мінулы.

У 2024 годзе на Міншчыне стартаваў абласны праект “Прыступкі поспеху!”, дэталізаваны падыходы да работы з высокаматываванымі дзецьмі, наладжана супрацоўніцтва паміж установамі агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі па пытаннях цьютарскага суправаджэння даследчай і праектнай дзейнасці навучэнцаў з мэтай забеспячэння пераемнасці паміж узроўнямі адукацыі. Штогод у вобласці павялічваецца колькасць класаў прафесійнай накіраванасці. Так, у бягучым навучальным годзе адкрыты 22 класы медыцынскага кірунку. Акрамя таго, павысіўся прэстыж і запатрабаванасць каледжаў. Сёння каля 49% выпускнікоў школ аддаюць перавагу далейшаму навучанню ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Усё гэта вынік новых падыходаў у прафарыентацыйнай рабоце, — дадаў Мікалай Башко. — У апошнія гады ўсё большую папулярнасць, а ра­зам з ёй і маштаб, набыва­юць кірмашы мэтавай падрыхтоўкі, прафесійныя пробы, дні з прадпрыемствам. У сістэме прафесійнай адукацыі ўзяты курс на змястоўнае абнаўленне. Актуальная задача — пад­рыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў сярэдняга звяна і рабочых, папаўненне кадравых рэсурсаў прадпрыемстваў і арганізацый. У вырашэнні ключавых пытанняў зроблена дастаткова многа. Ажыццяўляецца падрыхтоўка па 74 спецыяльнасцях і 109 кваліфікацыях.

У Мінскай вобласці вялікая ўвага ўдзяляецца пытанню пазачарговага прысваення другой кваліфікацыйнай катэгорыі маладым спецыялістам, якія маюць дыплом магістра, дыплом з адзнакай.

— У бягучым годзе працягнем працаваць над камфортнымі ўмовамі навучання, — падсумаваў Мікалай Башко. — Нам важна, каб кожнае дзіця атрымлівала якасныя веды, а педагогі мелі магчымасці для далейшага прафесійнага росту і самаўдасканалення.

Пасяджэнне выніковай калегіі завяршылася ўзнагаро­джаннем лепшых педагогаў і ўстаноў адукацыі Міншчыны.

Наталля САХНО
Фота аўтара