На моднай хвалі

Урачыстая цырымонія закрыцця Міжнароднага конкурсу моды “На хвалі стылю”, які ўпершыню прайшоў у Гомельскай вобласці, адбылася ў абласным Доме навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі.

У сферы адукацыі Гомельшчыны ўсё часцей рэалізоўваюцца адукацыйна-выхаваўчыя праекты, народжаныя ў супрацоўніцтве галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага абл-выканкама, розных грамадскіх арганізацый і нават прадпрыемстваў. Апошняй з такіх цікавых задумак стаў конкурс “На хвалі стылю”, арганізатары і заснавальнікі якога — галоўнае ўпраўленне адукацыі, Гомельская абласная арганізацыя ГА “Беларускі саюз жанчын” і прыватнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Лэдзі-Тэкс”.

Асноўная мэта мерапрыемства — выяўленне маладых таленавітых дызайнераў і прасоўванне беларускай вытворчасці на еўрапейскі рынак. А задачы творчага спаборніцтва наогул шырокія — гэта садзейнічанне павышэнню грамадскай актыўнасці моладзі і ўзняцце іміджу ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі адпаведнага профілю, прыцягненне зацікаўленых вытворцаў адзення, паслуг і тэхналогій да творчых знаходак юных дызайнераў, узаемадзеянне ўстаноў ПТА з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў пры падрыхтоўцы спецыялістаў, магчымасць для таленавітых навучэнцаў атрымаць першае працоўнае месца ў сур’ёзнай кампаніі.

Цікавасць юных дызайнераў адзення да конкурсу была вялікай. На суд журы маладыя людзі прадставілі распрацаваныя эскізы жаночых калекцый у дзвюх намінацыях: “Прыгожае адзенне для выпускніц — 2019” і “Касцюмы і сукенкі для асаблівага выпадку”.

Мерапрыемства праходзіла ў пяць этапаў. Спачатку канкурсанты прынялі ўдзел ва ўстановачным семінары, затым прайшоў эскізны тур, а пасля падводзіліся вынікі конкурсу. Шчасліўчыкі, якія перамаглі ў дызайнерскім спаборніцтве, адправіліся ў Мінск на прадпрыемства “Лэдзі-Тэкс”, дзе азнаёміліся з вытворчасцю жаночага адзення. Апошнім этапам стала работа па фарміраванні пакета матэрыялаў на мадэлі-пераможцы і іх распрацоўку і пашыў.

Такім чынам, у хуткім часе ў беларускіх крамах і ў крамах краін замежжа, з якімі працуе “Лэдзі-Тэкс”, з’явяцца створаныя гомельскімі прафтэхаўцамі сукенкі. У намінацыі “Прыгожае адзенне для выпускніц — 2019” пераможцамі сталі Сяргей Курохцін з Гомельскага прафесійнага шматпрофільнага ліцэя (дыплом I ступені), Аліна Шаманоўская са Жлобінскага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання (дыплом II ступені) і Юлія Жогаль з Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа народных мастацкіх промыслаў (дыплом III ступені). У намінацыі “Касцюмы і сукенкі для асаблівага выпадку” журы выбрала толькі аднаго пераможцу. Ім стала Дар’я Марцюшэнка са Светлагорскага індустрыяльнага каледжа.

Узнагароджанне канкурсантаў чаргавалася з паказамі калекцый вядучых дызайнераў і музычнымі нумарамі вядомых калектываў Гомеля. А яскравым завяршэннем урачыстай цырымоніі закрыцця стала выступленне ўдзельнікаў дзіцячага “Еўрабачання” ад Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Святланы Стацэнка.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.