На моцных пазіцыях

- 11:34Адукацыйная прастора

Напрыканцы бягучага тыдня беларускія школьнікі чарговы раз за гэтае спякотнае лета пацвердзілі свае моцныя інтэлектуальныя пазіцыі ў свеце. Чатыры медалі заваявалі нашы юнакі і дзяўчаты на Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы (International Olympiad on Astronomy and Astrophysics), якая сёлета праходзіла ў грэчаскім горадзе Волас.

С.С.Секержыцкі, Уладзіслаў Арцем’еў, Дзмітрый Саўчанка, валанцёр Настасся, Роза Навіцкая, Ганна Паруль, Міхаіл Кукуеў.

Сёмая Міжнародная алімпіяда па астраноміі і астрафізіцы стала пераможнай для навучэнкі Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Розы Навіцкай, якая заваявала сярэбраны медаль, а таксама навучэнцаў гімназіі № 29 Мінска Міхаіла Кукуева, Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Дзмітрыя Саўчанкі, гімназіі № 56 Гомеля Ганны Паруль, якія сталі бронзавымі прызёрамі. Не засталіся па-за ўвагай кампетэнтнага журы і дасягненні прадстаўніка Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 2 Уладзіслава Арцем’ева. Хлопец атрымаў пахвальны водзыў.

Падрыхтоўкай беларускай зборнай да сусветных інтэлектуальных спаборніцтваў займаліся дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі і астраноміі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, кандыдат фізіка-матэматычных навук Станіслаў Станіслававіч Секержыцкі і настаўнік астраноміі Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Леанідавіч Паплаўскі. Гэтыя ж выкладчыкі раздзялілі са сваімі падапечнымі і алімпіяднае хваляванне, якое панавала на міжнародных спаборніцтвах некалькі дзён.

А хвалявацца было чаго. Першыя два алімпіядныя туры прайшлі для нашай каманды даволі гладка. Як заўважыў кіраўнік каманды С.С.Секержыцкі, заданні гэтых тураў школьнікі выканалі вельмі добра. “Трэці тур таксама быў нескладаны, але нашы ўдзельнікі палічылі яго складаным, таму вынікі атрымаліся не такія высокія, як на двух папярэдніх”, — адзначыў кіраўнік каманды.

Усе алімпіядныя туры прадугледжвалі рашэнне задач. А спаборніцтвы на IOAA складаюцца з чатырох тураў.
Тэарэтычны тур — гэта 15 кароткіх і 2 ці 3 доўгія задачы, якія неабходна рашыць за 5 гадзін. Гэты тур дае 50% ад выніковай адзнакі. Практычны тур — заданні па аналізе даных, атрыманых прафесійнымі астраномамі, якія неабходна рашыць за 4 гадзіны. Гэты тур дае 25% ад выніковай адзнакі. Назіральны тур — пытанні, якія тычацца назіранняў неба (на рэальным небе ці ў планетарыі), распазнавання зорак, сузор’яў, туманнасцей, вялікіх колаў і г. д. Гэты тур дае 25% ад выніковай адзнакі. Камандны тур — гэта асобнае спаборніцтва, у якім нацыянальныя каманды атрымліваюць пакет тэарэтычных і практычных заданняў, рашэнне якіх патрабуе асабістых і камандных намаганняў.

Афіцыйнай рабочай мовай IOAA з’яўляецца англійская, але заданні кожнага тура перакладаюцца, таму кіраўнікі каманд кожнай краіны атрымліваюць іх у перакладзе на свае родныя мовы.

Зразумела, кожны наступны тур даецца складаней за папярэдні. Прынамсі, падчас другога тура задачы суправаджаліся фотаздымкамі нябесных цел. Тры з іх рашаліся з дапамогай калькулятара, а пры рашэнні чацвёртай быў патрэбен камп’ютар. У прыватнасці, удзельнікам алімпіяды даваліся два фотаздымкі адной і той жа часткі зорнага неба, якія трэба было сумясціць.

Зусім новым стала чацвёртае заданне, заснаванае на аналізе даных. Кожны ўдзельнік алімпіяды выконваў сваю работу на кам’пютары. І трэба адзначыць, што з гэтым заданнем нашы школьнікі справіліся проста выдатна.
Трэці алімпіядны дзень традыцыйна прысвячаецца назіранням. І вось тут узнікла невялікая праблема, бо нашы дзеці рыхтаваліся назіраць за небам, а ім прапанавалі іншы від дзейнасці. Трэба было ўстанавіць тэлескоп так, каб можна было весці віртуальнае назіранне. А тая ўмоўная ўстаноўка тэлескопа, якую павінны былі ажыццявіць беларускія школьнікі, адрозніваецца ад устаноўкі тэлескопа для назірання за “жывым” зорным небам. Гэты нюанс не вельмі добра адбіўся на агульных выніках нашых школьнікаў, хоць яны пасля і здолелі сарыентавацца.

Тым не менш вынікі беларускай каманды не могуць не радаваць, што неаднаразова падкрэсліваў падчас размовы С.С.Секержыцкі. “Безумоўна, добрае выступленне нашай каманды на міжнароднай алімпіядзе — гэта вынік той зладжанай работы ў галіне алімпіяднага руху, якая ажыццяўляецца ў нашай краіне. Кожны этап рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі носіць прыкладны характар і дапамагае выяўляць самых здольных, якія пасля будуць прадстаўляць нашу краіну за мяжой. Акрамя таго, заданні рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі набліжаны да міжнародных.

Больш за тое, сёлета падрыхтоўчыя зборы да Міжнароднай алімпіяды па астраноміі і астрафізіцы праходзілі на базе Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе ў нашым распараджэнні быў цэлы набор новых тэлэскопаў”, — адзначыў Станістаў Станіслававіч.

Канечне, такая падрыхтоўка не магла не паўплываць на вынік, які атрымалі нашы ўдзельнікі на міжнароднай алімпіядзе. Увогуле наша каманда выступіла лепш, чым, напрыклад, расіяне, украінцы, палякі, літоўцы.
Як ужо адзначалася, Міжнародная алімпіяда па астраноміі і астрафізіцы ў гэтым годзе праходзіла ў Воласе. Гэта прыгожы грэчаскі горад, які размяшчаецца каля падножжа гары Херон. У алімпіядзе прымалі ўдзел каманды з Сінгапура, Тайланда, Румыніі, Славакіі, Сербіі, Ірана, Кітая, Інданезіі, Польшчы, Украіны, Расіі, Бразіліі, Індыі, Чэхіі, Калумбіі, Грэцыі, Арменіі, Літвы, Беларусі, Славеніі, Партугаліі, Балівіі і інш. А самае лепшае выступленне прадэманстраваў прадстаўнік Румыніі, які здолеў набраць 100,40 бала.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
dubowska@ng-press.by